Магілёўскі аблвыканкам дазволіў праваслаўнаму прыходу Сьвятых царскіх пакутнікаў і праведнікаў ХХ стагодзьдзя пабудаваць на тэрыторыі летапіснага магілёўскага замчышча праваслаўны храм-помнік. Паводле афіцыйнай інфармацыі, храм пакутнікам і воінам, што загінулі за айчыну ў ХХ стагодзьдзі, пабудуюць на ахвяраваньні прыхаджанаў і дабрачынную дапамогу арганізацыяў. Будаўніцтва пачнецца ў 2007 годзе, а завершыцца ў 2008 годзе.

Магілёўскае замчышча, вядомае яшчэ як «Магіла ільва», – нацыянальны помнік археалёгіі. Ад другой паловы ХІХ стагодзьдзя на ягонай тэрыторыі разьбіты гарадзкі парк. Будаўніцтва храму пачалося ў 2002 годзе, але нечакана прыпынілася. Ад таго часу будаўнічая пляцоўка заставалася агароджаная.

У ХІІ стагодзьдзі на замчышчы была драўляная царква, якая пазьней згарэла. Ад сярэдзіны XVII стагодзьдзя згадак пра царкву няма. Доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк Магілёўскае замчышча называе цэнтрам хрысьціянізацыі Магілёва й ягонага навакольля. У яго няма прэтэнзіяў да прыходу й мясцовай улады адносна будаўніцтва храму. Аднак ёсьць да Дэпартамэнту помнікаў гісторыі й культуры – чаму дазволілі?

Спадар Марзалюк ня супраць будаўніцтва храму.

(Марзалюк: ) «Калі будаваць храм, дык варта было паспрабаваць аднавіць яго ў варыянце ХІІ–ХІІІ стагодзьдзя. Зрабіць археалягічны музэй пад адкрытым небам – то бок, музэй жывой археалёгіі. Гэта б усё працавала на імідж гораду й гарадзкі турызм».

Ігар Марзалюк мяркуе, што пры пабудове храму статус замчышча зьменіцца.

(Марзалюк: ) «Ня трэба забывацца, што гэта парк у самым цэнтры гораду. Цікава, што будзе з гэтым месцам адпачынку. Храм плянуецца зрабіць у цэнтры. Будзе агароджа, ня будзе, як гэта будзе выглядаць? Гэтыя момант хвалююць грамадзкасьць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?