«Музыка на кампакт-дысках аджыла сваю эпоху» — колькі разоў за пошнія пару гадоў даводзілася чуць гэтую фразу. Ну, скажам шчыра, дзе як.
Купляць песні The Beatles па даляры за штуку мы відавочна не збіраемся, а інтэрнэт, дзе ўсё гэта можна спампаваць, ёсць яшчэ далёка не ва ўсіх. Таму дыскі, і нават ліцэнзійныя, прадаюцца нядрэнна.

«Наша Ніва» высветліла, якую музыку беларусы гатовыя купляць на кампактах.

Моцарт на ТОПе

Прадаўцы здзіўляюцца, але класіка ідзе вельмі добра. Асабліва Моцарт — продажы Моцарта выглядаюць лепш, чым па сучаснай замежнай музыцы. Не дарма музыкаведы называюць яго геніем поп-музыкі. Ягоныя мелодыі дагэтуль трымаюцца ў спісах найпапулярнейшых рынгтонаў для мабільных тэлефонаў. У свой час музыка Моцарта выконвала тую ж ролю, якая цяпер належыць лідарам продажаў часопіса Billboard. І вось што характэрна: прайшло сорак гадоў і, напрыклад, Ніла Дайманда памятаюць толькі знаўцы і аматары, а Моцарт папулярнасці не страціў і набывае ўсё новых і новых аматараў — геній ён геній і ёсць. Разам з Моцартам добра прадаюцца Шапэн і Бетховен, а таксама Вівальдзі. Больш складаная для ўспрымання акадэмічная музыка — кшталту Стравінскага і Рахманінава, ад Моцарта адстае, а пра кампазітараў кшталту Джона Кэйджа сціпла прамаўчым.

Купляюць беларускае.

Беларускія выканаўцы — у топе. Не гледзячы на тое, што «Ляпіс Трубяцкой» выкладвае свае альбомы ў вольны доступ у Інтэрнэце, попыт на «Вясёлыя карцінкі» (іх апошні альбом) — стабільна высокі. Добра прадаюцца і папярэднія — уся антыглабалісцкая трылогія. Трымаюцца ў топе і «ДзеціДзяцей» з беларускамоўным альбомам «Рух» — прычым абыходзяць па папулярнасці навінкі. Добра прадаецца новы J: Морс — альбом «Электричество» яшчэ раз даказаў, што цягацца з «Ляпісам» па папулярнасці могуць толькі яны, асабліва на фоне таго, што большасць «старой гвардыі» выпускае альбомы далёка не кожны год.

«Нейра Дзюбель» таксама ўваходзіць у чацвёрку лідараў з альбомам «Афтары правды», што пры ўсеагульнай любові да калектыву выглядае абсалютна лагічным, адзінае што слухаць Кулінковіча і кампанію пажадана на сцэне.

Расія — царства шансону

Самыя прадказальныя вынікі — хіты продажаў расійскіх выканаўцаў. Тут лідараў трое, і ў бліжэйшы час нішто не зменіць гэтую сітуацыю. Алена Ваенга, Стас Міхайлаў і Грыгорый Лепс. Калі апошні трошкі здаў свае пазіцыі, то Ваенга з Міхайлавым ідуць, што называецца, «нос да носу». Проста шкада, што букмекеры не бяруць стаўкі на папулярнасць таго ці іншага музыканта: сачыць як Ваенга і Міхайлаў спаборнічаюць у продажах, ратацыях і эфірах — гэта магло б зацікавіць азартных людзей, нават тых, хто музыкай у прынцыпе не цікавіцца. Іх творчасць займае цэлыя паліцы дыскарняў. Усё ж такі жанр «рускага шансону» (хай і той, што называецца з «людскім тварам») застаецца асноўным на адной шостай частцы сушы. Ну, прынамсі, не гурт «Бутырка», што ўжо радасна. Асобна прадаўцы дыскарняў кажуць пра вялікую папулярнасць супольнага праекта Лары Фабіян і Ігара Крутога, але да якой музыкі расійскай ці заходняй іх адносіць — не зразумела.

Lady Gaga і астатнія

А вось заходнія ці, як пішуць у нашых дыскарнях «замежныя», выканаўцы прадаюцца не вельмі. Тут быццам бы і спрацоўвае асветніцкая функцыя Інтэрнэта: усе новыя альбомы ў сеціве можна спампаваць яшчэ за месяц да афіцыйнага рэлізу.

У дыскарнях лідарам з’яўляецца Lady Gaga, што цяпер — сусветная тэндэнцыя.

Адразу за ёй ідзе Джасцін Бібер.

Гэтыя музыканты ўжо захапілі сусветныя музычныя чарты і тэлеканалы і не выглядае на тое, каб у бліжэйшы час яны каму-небудзь саступілі медыяпрастору.

Добра прадаюцца старыя альбомы Мадоны, магчыма, людзі ўзгадалі, што Lady Gaga трошкі ім кагосьці нагадвае. Ізноў жа Лара Фабіян — якая разам з Крутым захапіла паліцы з замежнымі выканаўцамі.

Трымаецца папулярнасць гурту Океан Ельзи, але ўжо ў меншай ступені, чым раней. Карыстаецца попытам альбом Браяна Фэры Olympia, і дзве апошнія пласцінкі Шакіры (наўрад ці гэта залежыць ад яе прыезду). У астатнім — ніякага ажыятажу вакол заходняй музыкі няма, ні вакол навінак, ні вакол перавыданняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?