11 сьнежня ў Варшаве скончыўся другі тур курсаў для журналістаў будучага незалежнага тэлебачаньня «TV Беларусь».

Два тыдні здольныя маладыя людзі зь Беларусі рабілі навіны і рэпартажы, займаліся здымкамі, мантажом і агучваньнем матэрыялаў. Настаўнікамі былі польскія журналісты зь інфармацыйнага тэлеканалу «TVN 24», апэратары й мантажысты.

Будучыя тэлевізійнікі адпрацавалі два тыдні па 14 гадзінаў у суткі ў часта неспрыяльных умовах – ніхто зь беларускіх стажораў добра ня ведаў Варшавы, ніхто спэцыяльна не вучыў перад тым польскую мову, а польскі бок часьцяком спэцыяльна не дапамагаў зь перакладам.

Удзельнікаў уразіў узровень шкаленьняў – інтэрвію беларускім журналістам даваў намесьнік міністра культуры Польшчы.

Галоўны прынцып тэлевізійнага адбору – выжывае мацнейшы, ня ўсе дойдуць да фіналу. У лютым працяг курсаў. Колькасьць удзельнікаў у іх зьменшыцца. Зь цікавостак можна адзначыць тое, што сярод супрацоўнікаў будучай тэлевізіі значыцца прыёмная дачка Зянона Пазьняка – Надзея. Яна хоча стаць дыктаркай.

Каардынуе праект знаная польская тэлежурналістка Агнешка Рамашэўская-Гузі. Яна паходзіць зь сям'і актывіста "Салідарнасьці", якую жорстка мучылі польскія камуністычныя ўлады. Яе таксама ведаюць як добрую арганізатарку й мэнэджэрку. Грошы на тэлебачаньне выдзеліў польскі ўрад.

Гісторык зь Беластоку Алег Латышонак мяркуе, што стварэньне незалежнага, праўдзіва беларускага тэлебачаньня будзе вялікім дасягненьнем нацыянальнага руху.

Варта адзначыць, што дагэтуль няма яснасьці, якім чынам тэлевізія зможа атрымліваць відэаматэрыялы зь Беларусі ў выпадку, калі беларуская адміністрацыя будзе таму перашкаджаць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру