Фота Андрэя Лянкевіча

У Саборы беларускіх сьвятых, які налічваў 54 імёны, зьявілася новая сьвятая. Ёй стала сьвятая Валянціна — нябесная заступніца Менску. Урачыстае богаслужэньне з афіцыйным праслаўленьнем новай сьвятой адбылося 6 лютага ў сталічнай катэдры Сьвятога Духу.

Перш чым абвесьціць Валянціну сьвятой, адмысловая камісія па кананізацыі некалькі год зьбірала сьведчаньні аб цудатворным дзеяньні яе малітваў.

Паходзіць беларуская сьвятая з Койданаўшчыны з в. Коскі, дзе нарадзілася ў 1888 г. у сям’і праваслаўнага сьвятара Фёдара Чарняўскага. Жыцьцёвы шлях яе быў няпросты і трагічны: паміраюць бацькі, гіне высланы на Далёкі Ўсход муж Фёдар Сулкоўскі, арыштоўваюць сваякоў, а ў ліпені 1937 г. арыштоўваюць і затым растрэльваюць апошнюю групу менскага праваслаўнага духавенства. Гэтыя выпрабаваньні не прайшлі бясьследна для Валянціны Сулкоўскай: па сьмерці маці яна цяжка захварэла і да скону жыцьця засталася нерухомая.

За надзвычайную дабрыню і спагаду, за шчырае імкненьне дапамагчы ўсім, хто ў гэтым меў неабходнасьць, землякі яшчэ пры жыцьці называлі матушку Валянціну сьвятой. Яе надзвычайная духоўная сіла і прароцтвы прыцягвалі паломнікаў. Па сьведчаньні клірыка Сьвятадухаўскай катэдры Фёдара Крываноса, аўтара «Жыція сьвятой Валянціны», у дзень сьмерці Сталіна яна сказала: «Над Масквой лятала чорная птушка і ўпала».

Сьцежка да апошняга зямнога прытулку сьвятой не зарастае і па сёньня — пілігрымы прыходзяць на могілкі ў вёсцы Крысава, каб пачуць адказ на нявыказаныя пытаньні.

Муж Валянцінавай сястры сьвятар Сяргей Радакоўскі, расстраляны ў 1933 г. паводле пастановы тройкі НКВД БССР, у 1999 г. быў праслаўлены зь сьвятымі ў ліку навамучанікаў спавядальнікаў Менскай япархіі ў чыне сьвятамучаніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?