Сёлета ў снежні гэтага года спаўняецца 15 гадоў, як наша краіна пасля падзей у Віскулях зноў набыла сваю незалежнасць.
У першыя гады незалежнасці прынята Канстытуцыя Беларусі, у якой адзінай дзяржаўнай мовай была беларуская. Беларуская мова пашыралася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця краіны, асабліва ў сістэме культуры і адукацыі, а таксама ў кнігавыдавецтве.
Аднак паступовае развіццё нашай мовы штучна спынена ў выніку рэферэндуму 1995 года. Было абвешчана дзвюхмоўе, якое прывяло да амаль поўнага выцяснення дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі краіны з усіх сфераў дзейнасці дзяржаўнага апарату, у тым ліку ў галіне адукацыі і культуры.
Тым не менш, беларуская мова, якая мае тысячагадовую гісторыю, захоўваецца на абшарах Еўропы і свету. Падчас перапісу 1999 года значная большасць грамадзянаў Беларусі назвалі яе сваёй роднай. Павага да роднай мовы і яе актыўных носьбітаў пашыраецца сярод розных пластоў беларускага грамадства, асабліва сярод гарадской моладзі. Пра гэта сведчаць сацыялагічныя апытанні і вынікі штогадовага тэставання пры паступленні ў ВНУ (амаль палова абітурыентаў у 2006 годзе абрала беларускую мову ў якасці абавязковага іспыту).
ТБМ звяртаецца да кожнага патрыёта Беларусі: незалежна ад нацыянальнасці, адносін да канфесійнай і палітычнай дзейнасці шырока ўжывайце беларускую мову ў штодзённым жыцці.
Зараз надыходзяць зімовыя святы: Дзень Божага нараджэння і Новы год. Мы заклікаем грамадзянаў Беларусі набываць беларускамоўныя паштоўкі і канверты, віншаваць сваіх сяброў і блізкіх з гэтымі святамі па-беларуску. Гэта будзе яскравым доказам любові і павагі да роднага беларускага слова.