Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін «адмятае магчымасць датычнасці беларускай апазіцыі да выбуху ў метро».

«Я адказна заяўляю, што ў апазіцыі няма людзей, здольных дасягаць любых мэтаў сродкамі, якія выкарыстоўвалі нелюдзі, што арганізавалі тэракт у мінскім метро»,
 — сказаў палітык у інтэрв’ю БелаПАН.

На думку Калякіна, развагі пра магчымую датычнасць палітычных апанентаў улады да тэракту характарызуюць людзей, якія дапускаюць такое, як тых, хто ў прынцыпе дапускае выкарыстанне такіх метадаў.

Партыя «Справядлівы свет», заявіў палітык, настойвае на тым, каб улады знайшлі і пакаралі вінаватых у трагедыі ў метро. «Гэта жахлівая трагедыя, якой ніколі не было ў Беларусі. Мы б хацелі, каб такое ніколі ў Беларусі не паўтарылася», — падкрэсліў Калякін.

Ён таксама паведаміў, што партыя заклікала ўсіх сваіх сябраў аказаць усю магчымую дапамогу пацярпелым, іх сем’ям, а таксама па неабходнасці прыняць удзел у здачы крыві.

Старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч перакананы: у сітуацыі, якая склалася, абвінавачанні ў адрас якой-небудзь групы людзей паводле палітычнай прыналежнасці непрымальныя.

У такія трагічныя моманты ў грамадстве вельмі важна стрымана і акуратна ставіцца адно да аднаго, падкрэсліў палітык.
«Мы адна нацыя, якіх бы поглядаў мы ні прытрымліваліся. Таму гэтая трагедыя — наша агульная, і трэба заканчваць любыя махінацыі на гэтую тэму. Калі нехта на гэтым захоча згуляць — гэта вернецца бумерангам, гэта — глупства», — заявіў Гайдукевіч.
Сёння раніцай агенцтва «Інтэрфакс-Захад» распаўсюдзіла каментар кіраўніка аналітычнага цэнтра «ЕсооМ» Сяргея Мусіенкі, які, у прыватнасці, заявіў: «Тэракт у Мінску — вынік патурання і залішняга лібералізму ўладаў у дачыненні да апазіцыі».

«Пад ціскам так званай „сусветнай праваабарончай грамадскасці“ крымінальныя справы ў дачыненні да пагромшчыкаў Дома ўрада 19 снежня 2010 перакваліфікуюцца так, каб у выніку мінімізаваць заслужанае пакаранне, а некаторых пагромшчыкаў наогул павыпускалі з СІЗА», — адзначыў Мусіенка.

На яго думку, з палітычных сілаў у Беларусі ніхто, акрамя апазіцыі, у тэракце не зацікаўлены.

«Для ацэнкі той ці іншай падзеі важна зразумець: каму гэтая падзея выгадная? Адзін з актывістаў апазіцыі ўжо праз некалькі гадзін пасля тэракту пачаў раздаваць інтэрв’ю, у якіх паспяшаўся абвінаваціць дзейную ўладу ў арганізацыі тэракту. Маўляў, гэта зроблена для таго, каб адцягнуць людзей ад сацыяльна-эканамічных праблем (…) Стабільнасць у грамадстве — галоўная заслуга і, калі хочаце, „канёк“ Лукашэнкі», — заявіў Мусіенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?