За «распаўсюджанне неабгрунтаванай інфармацыі аб трагічных падзеях у Мінскім метрапалітэне» Генпракуратура вынесла папярэджанні лідару Руху «За свабоду» Аляксандру Мілінкевічу, рэдактару інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандру Старыкевічу і былому супрацоўніку КДБ Валерыю Костку.

«Неабгрунтаваныя звесткі і дадумкі, накіраваныя на дыскрэдытацыю беларускага грамадства і дзяржавы», — гаворыць пра іх заявы і артыкулы пракуратура.

У паведамленні пракуратуры гаворыцца, што названыя асобы з папярэджаннем пагадзіліся і «абавязаліся ў далейшым выключыць са сваёй дзейнасці факты распаўсюджання неабгрунтаванай інфармацыі».

«Гэта не так, — абвергнуў сп. Старыкевіч у размове з карэспандэнтам „НН“. — Я не згодны з папярэджаннем». Ён дадаў, што размова з пракурорам была ветлівай і кожны застаўся пры сваім.

А.Старыкевіч не ведае, чаму менавіта ён атрымаў папярэджанне: «Гэта ў Генпракуратуры трэба пытацца. Я ўвогуле трапіў у нядрэнную кампанію». Выбітны журналіст абяцае працягваць сваю прафесійную дзейнасць і публікаваць матэрыялы аб тэракце. «Прычым асвятляючы розныя пазіцыі. У гэтым заключаецца праца журналіста», — зазначыў Старыкевіч.

Аляксандра Мілінкевіча, як і А.Старыкевіча, папярэдзілі аб адказнасці праз тэлефон. «Мне сказалі, што мае словы перашкаджаюць следству. Папярэдзілі аб адказнасці за зробленыя заявы. Аднак я, шчыра кажучы, не разумею, што ў маіх словах магло перашкодзіць следству. Працягваю даваць інтэрв’ю, агучваю свае меркаванні», — паведаміў А.Мілінкевіч.

Лукашэнкаўцы Мусіенка і Давыдзька, якія таксама выказалі свае версіі, папярэджанняў не атрымалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?