Сын і муж шукалі Наталлю Абражэй да трох ночы. 44-гадовая Наталля вярталася з працы прыкладна ў адзін і той жа час і па адным маршруце.

— Яна працавала ў Ракаве, і кожны вечар іх прывозілі ў Мінск да метро «Каменная Горка». З ёй ехалі дзве жанчыны. Яны выйшлі з метро на станцыі «Няміга», а мама паехала да «Купалаўскай», каб перайсці на іншую лінію, — расказаў сын загінулай Яўген.

Увечары ў дзень трагедыі маладому чалавеку патэлефанавалі з працы маці і спыталі, ці даехала яна дадому. Але Яўген не адразу даведаўся пра выбух і не надаў званку вялікага значэння…

— Калі сябры паведамілі пра трагедыю, я пачаў шукаць інфармацыю ў інтэрнэце. Успомніў, што якраз у гэты час мама пераходзіць з адной лініі метро на другую…

Яе тэлефон быў недаступны, і тады я пачаў тэлефанаваць знаёмым, якія маглі апынуцца побач. Але былі перабоі са сувяззю… Я аб’ездзіў усе бальніцы, але яе прозвішча ў спісах не было. Мы чакалі і шукалі яе да апошняга. Хоць разумелі, што раз яна не вярнулася дадому і ў спісах пацярпелых не значыцца — надзеі мала…

Мы не маглі знайсці маму да трох ночы. Не хочацца думаць, што ад нас хавалі, дзе знаходзяцца неапазнаныя целы. Нягледзячы на тое, што мой айчым — былы супрацоўнік міліцыі… Толькі ў чатыры ночы мы паехалі на апазнанне. І ўсё…

У інтэрнэце з’явілася відэа з месца выбуху. Але інфармацыі мала. Няўжо не відаць, дзе выбухнула? Я потым ужо па тэлевізары ўбачыў, як цела маёй мамы накрываюць прасцінай. Значыць, чалавек ужо мёртвы… На ёй чамусьці не было штаноў, але я не бачыў, каб яе ногі былі ў крыві ці шнарах. З аднаго боку ў яе абгарэў твар… Мама была ў вагоне, які, мабыць, праязджаў або стаяў каля месца выбуху.

А калі я ездзіў па бальніцах, не раз чуў ад пацярпелых пра тое, што на станцыі метро «Кастрычніцкай» было два выбухі.
З розніцай у долі секунды. Адзін — ля лавы, другі — каля эскалатара. Але калі гэта не так, чаму варонка ад выбуху знаходзіцца ў адным месцы, а праз некалькі дзясяткаў метраў у эскалатараў вырвала гумавыя поручні?..

Але дакладна я ведаю толькі адно: трэба знайсці гэтых падонкаў. А для гэтага мы павінныя быць разам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?