Вышываны золатам, пасыпаны дробнымі пэрлінамі турэцкі чаравічак з характэрным загнутым носам упрыгожвае тытульны аркуш казкі пра Папялушку. Кюлькедысі, то бок «папяловая котачка» – так па-турэцку гучыць імя галоўнай гераіні – зусім не падобная на пэрсанаж вядомай эўрапейскай казкі. Турэцкая Папялушка умела гатуе плоў з бараніны, разьбіраецца ў тонкасьцях прыгатаваньня рахат-лукуму і вырошчвае на гародчыку расьліну мэрджмэк: для прыгатаваньня ўлюбёнага супчыку мачыхі – чорбы.

Зэйнэб, вучаніца другое клясы паведамляе: «Папялушчын прынц апрануты як падышах! Ён спадкаемец султана, прымае яе на балі ў чалме падышаха, турэцкіх тапцях і шаўковым халаце!»

Кожны турэцкі школьнік забавязаны вывучыць больш як 150 твораў сусьветнай літаратурнай клясыкі. Ад пары зьяўленьня сьвецкай Турэцкай рэспублікі школьная праграма зь літаратуры ўключае раманы Аляксандра Дзюма, Жуля Вэрна, Віктора Гюго, Марка Твэна і іншых заходніх пісьменьнікаў. Аднак дзеля лепшага засваеньня матэрыялу Міністэрства адукацыі загадала перапісаць творы замежнай клясыкі. Усе гэтыя кнігі, з гледзішча чыноўнікаў ад адукацыі, мусяць адлюстроўваць культуру турэцкай нацыі.

Прадстаўнік стамбульскага выдавецтва «Бэлза» Мэліс Алтынташ паведамляе: «Міністэрства адукацыі Турэччыны ўклала сьпіс абавязковых у школьнай адукацыі кніжак – блізка сотні клясычных твораў, – даручыўшы некалькім вядомым выдавецтвам паправіць арыгіналы. Зрэшты, адаптацыя літаратурнага твору – нармальнае зьявішча. Аднак часьцяком перапісчык разьвівае ідэю настолькі, што яна засланяе першакрыніцу. Многія кніжкі фактычна напісалі наноў!»

«Дай мне трохі хлеба, дзеля Алага!» – просіць Пінокіё, зварачаючыся да таты Карла. Атрымаўшы ў падарунак лемантар і папяровы каўпак, драўляная лялька з удзячнасьцю чытае малітву. Героі эўрапейскіх клясыкаў вызнаюць хрысьціянства, але гэты бясспрэчны факт стаўся недапушчальны для турэцкіх чыноўнікаў і выдаўцоў. Каб выправіць «памылку», пастанавілі ўсіх герояў сусьветнай літаратуры «навярнуць у іслам». З адважнага і кемлівага амэрыканскага гарэзы Тома Соера вылепілі ўзорнага мусульманскага хлопчыка, які носіць турэцкую фэску і пяць разоў на дзень робіць намаз. Як вядома, Том не вызначыўся нейкай прыхільнасьцю да хатняй працы і вывучэньню закона Божага. Аднак Томджык – так гучыць ягонае новае, турэцкае імя – радасна працуе на градках, зьбірае ўраджай салодкай бульбы для цёткі Полі, і рупліва вывучае Каран, выяўляючы вялікую стараннасьць у завучваньні малітваў на арабскай.

Макбуле, вучаніца пятае клясы пераказвае: «Томджык – узорны вучань! Ён верыць у алага, дапамагае сваёй «хале», то бок цётцы, якая за вывучваньне малітваў дае яму трошкі чакаляды. Калі ён ня вучыцца, дык рызыкуе застацца безь вячэры. Строгая цётка злуецца на гэта! Новы мультфільм пра Томджыка паказваюць па тэлевізіі – усе хлопчыкі ў нашай клясе хочуць быць на яго падобнымі!»

Першыя пераклады эўрапейскіх клясыкаў на турэцкую мову зьявіліся ў ХІХ ст. З францускай на турэцкую пераклалі большасьць авантурных раманаў, у прыватнасьці, Аляксандра Дзюма, які да гэтай пары мае неверагодную папулярнасьць у турэцкіх вайскоўцаў. Хрысьціянскае веравызнаньне клясычных герояў Дзюма даўгі час нікога не хвалявала, але потым заклапочаныя выпраўленьнем клясыкі чыноўнікі пастанавілі зрабіць іх мусульманамі. У турэцкай вэрсіі сусьветна вядомага раману высакародны пабожны Араміс даўгі час хварэе на астму, а як паачуняў, дык прыняў іслам. Стаўшы, як і ў клясычным рамане Дзюма, уплывовым сьвятаром, турэцкі Араміс адмаўляецца сустракацца з распусьнікам д’Артаньянам і дэманструе сябром Каран, дарэчы, падарунак нейкіх таямнічых «сяброў з-за мяжы»...

«Усе прыстойныя «адрынутыя» ў Віктора Гюго сталі мусульманамі, – кажа Мэліс Алтынташ, – нэгатыўныя ж героі так і засталіся хрысьціянамі. Маленькая Казэта сустрэла добрага дэрвіша Жана Вальжана толькі таму, што пяць разоў на дзень рабіла намаз. Дагэтуль Казэта ўспрымалася чытачамі як увасабленьне хрысьціянскай цярпімасьці і дараваньня. У новай вэрсіі яна верыць у Каран і каранічны канец сьвету».

Ня так даўно турэцкая дзяржаўная тэлекампанія TRT адмовілася ад паказу мультфільмаў пра мядзьведзіка Віні Пуха – дзеля таго, што найлепшым прыяцелем галоўнага героя ёсьць парасё Пятачок, то бок, паводле ісламу, нячыстая жывёла. У кіраўніцтве кампаніі разважылі, што дэманстрацыя карціны з удзелам парася можа зьняважыць рэлігійныя пачуцьці маладых мусульман. Адмыслоўцы TRT паспрабавалі перамантажаваць мультфільм такім чынам, каб у ім не было Пятачка, аднак так рады і не далі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?