14 красавіка невядомая жанчына паведаміла па тэлефоне ў Мазырскі аддзел упраўлення па Гомельскай вобласці ГУБАЗ МУС аб тым, што яна жадае добраахвотна перадаць праваахоўнікам выбуховае рэчыва.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама, жанчына патлумачыла, што выбуховае рэчыва знаходзіцца ў будынку ратавальнай станцыі Асвод, што будуецца на беразе Прыпяці ў Мазыры.

Пры выездзе на месца будоўлі быў знойдзены празрысты поліэтыленавы скрутак, у якім ляжала трацілавая шашка вагой каля 100 грамаў з дэтанатарам армейскага ўзору. Групай размініравання трацілавая шашка была абясшкоджана.

У вобласці падчас аперацыі «Арсенал» у грамадзян канфіскоўваюцца пісталеты, патроны, порах. Напрыклад, 14 красавіка распачата крымінальная справа ў дачыненні да 55-гадовага жыхара Калінкавічаў, які захоўваў па месцы жыхарства сем пісталетаў розных мадэляў і больш за 150 патронаў рознага калібру.

Жыхар Мазыра, які працуе вартаўніком на турыстычнай базе, па месцы працы незаконна захоўваў незарэгістраваную малакаліберную вінтоўку Voere вытворчасці Германіі і 97 патронаў да яе.

Вечарам 14 красавіка ў Рагачове каля бара «Мерыдыян» пры асабістым даглядзе 30-гадовага мясцовага жыхара было знойдзена шэсць патронаў, якія з’яўляюцца боепрыпасамі да наразной агнястрэльнай зброі і прыдатныя для стральбы. Яшчэ ў аднаго жыхара Рагачова канфіскавана 400 грам пораху.

У Жлобіне супрацоўнікі міліцыі атрымалі ананімную інфармацыю аб тым, што на звалцы каля вёскі Праскурні ляжаць патроны. Падчас агляду звалкі было выяўлена і забрана 800 патронаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?