Падазраванага ў выкананні тэракту ў мінскім метро 11 красавіка чакае псіхіятрычная экспертыза. Такая выснова вынікае з заявы, зробленай у эфіры беларускага тэлебачання супрацоўнікам Антытэрарыстычнага цэнтра КДБ Алегам Коценевым.

У прыватнасці, ён агучыў меркаваную версію матывацыі выканаўцы тэракту: «гіпертрафаванае пачуццё ўласнай годнасці, уласнай значнасці, якое выяўляецца ў непрыманні і нянавісці да поспехаў і дасягненняў звычайнага чалавека».

У інтэрв’ю кандыдат псіхалагічных навук, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Уладзімір Міцкевіч падкрэсліў, што для ўстанаўлення больш дакладных матываў, якія заахвоцілі пэўную асобу здзейсніць такое страшнае злачынства, патрабуецца досыць доўгі час.

— Для вывучэння псіхаасобы падазраванага ў нашых праваахоўных органаў ёсць неабходныя спецыялісты, — распавядае Уладзімір Міцкевіч. — Але адно можна сказаць ужо цяпер: такіх прычын можа быць некалькі, і яны аб’яднаныя ў комплекс. Адна з іх, без сумневаў, знаходзіцца ў сям’і гэтага «чалавека». Хто яго нарадзіў, выхоўваў, у якой абстаноўцы? Магчыма, гаворка аб суб’екце, асоба якога ў дзяцінстве душыліся і прыгняталася. Доўгі час у ім збіралася злосць, і яна запатрабавала выхаду. Такіх трэба вывучаць…

— Уладзімір Валянцінавіч, паведамлялася, што падазраваны ў выкананні тэракту не быў адзіночкай. Акрамя яго затрымалі яшчэ чацвярых. Выходзіць — група?

— Раз ёсць група, значыць, ёсць і лідар, які ўмее пераконваць, душыць волю іншых, весці за сабой.

— А як растлумачыць, што сваю агрэсію яны накіравалі на абсалютна невядомых ім людзей, якія ім нічога дрэннага не зрабілі?

— Ёсць катэгорыя няўдачнікаў, якія лічаць, што вакол іх толькі паспяховыя людзі, якія перашкаджаюць ім жыць. Так, такіх людзей шмат, але не ўсе з іх становяцца на шлях тэрарызму. Таму, паўтаруся, такіх трэба вывучаць.

— А ці можна іх выяўляць на ранняй стадыі, каб папярэджваць і спыняць іх злачынныя задумы?

— Можна. Методыкі для гэтага ёсць, але ёсць і аб’ектыўныя прычыны… На жаль, у Беларусі расце колькасць псіхічна хворых людзей. І ніхто не зможа сказаць, колькі яшчэ нашых суграмадзян знаходзіцца ў памежным стане.

* * *

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у крызісным 2009 годзе ў краіне было ўзята на ўлік пад дыспансэрнае і кансультатыўнае назіранне 78017 хворых са ўпершыню ў жыцці ўстаноўленым дыягназам псіхічнага расстройства (для параўнання: у 2008 годзе — 73026). Гэта 882,4 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва (2008 г. — 754,3). На канец 2009 года на ўліку ў псіханеўралагічных дыспансерах і кабінетах пад дыспансэрным і кансультатыўным назіраннем стаялі 269992 хворых з псіхічнымі расстройствамі (2008 г. — 263 285), што на 100 тысяч насельніцтва склала 2 848,0 (2008 г. — 2 722, 2).

У следства ёсць усе падставы накіраваць падазраванага ў здзяйсненні тэракту на псіхіятрычную экспертызу. Хутчэй за ўсё, так і будзе зроблена. Звычайна такая працэдура займае месяц. Праводзіцца яна ў стражным аддзяленні Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя. Спецыялісты гэтага аддзялення называюць сваіх кліентаў «падвыпрабавальнымі».

Дарэчы

Вельмі багаты досвед у вывучэнні асобы тэрарыста назапасілі расійскія даследчыкі. Умоўна яны вылучаюць наступныя псіхалагічныя мадэлі:

1. Псыхапат-фанатык. Кіруецца сваімі перакананнямі (рэлігійнымі, ідэалагічнымі, палітычнымі) і шчыра лічыць, што яго дзеянні, незалежна ад іх канкрэтных вынікаў, карысныя для грамадства. Гэта чалавек, у якога сфера свядомасці вельмі звужана, здольны здзейсніць усё, што заўгодна.

2. Фрустраваны чалавек. Яго светапогляд грунтуецца на тэорыі агрэсіўнасці. Пачуццё фрустрацыі, спароджанае немагчымасцю для чалавека па нейкіх прычынах дасягнуць жыццёва важных для яго мэтаў, непазбежна спараджае ў яго тэндэнцыю да агрэсіўных дзеянняў. Свядомасць у гэтым выпадку можа адыграць ролю інструмента ў рацыяналізацыі гэтых дзеянняў, то бок у падборы тых ці іншых падстаў для іх апраўдання.

3. Чалавек з недасканалай сям’і. Жорсткае абыходжанне бацькоў з дзіцем, яго сацыяльная ізаляцыя, дэфіцыт добрых адносін могуць прывесці да фарміравання узлаванай асобы з антысацыяльнымі схільнасцямі. Пры пэўных умовах людзі такога псіхалагічнага склада лёгка могуць стаць інструментамі тэрарыстычнай арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?