Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі на фінансавым і спажывецкім рынках, — усяго толькі пачатак. Такое меркаванне выказаў пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны ў інтэрв’ю ўкраінскаму выданню «Зеркало недели».

Ён адзначыў, што на працягу апошніх паўтара месяцаў вельмі ўскладнілася сітуацыя на валютна-фінансавым рынку. «А сёння гэты фактар узмацняе страх у беларускім грамадстве. Бо, нягледзячы на тое, што па афіцыйным курсе адзін долар па-ранейшаму каштуе 3.100 беларускіх рублёў, у суседняй Літве пры куплі аўтамабіляў долар мяняюць па 4.700. Асобныя банкі на таргах ўжо прапаноўваюць за долар 6.100 беларускіх рублёў. Цяпер у Мінску можна ўбачыць чэргі каля абменных пунктаў. У інтэрнэце з’явіліся кадры, калі людзі б’юцца за долары ў абменніках. На мінулым тыдні з паліц асобных супермаркетаў зніклі цукар, алей. Гэта спарадзіла ажыятажны попыт. Улады спрабуюць напоўніць магазіны гэтымі таварамі. Але ў сувязі з такім курсам і ажыятажам на валютным рынку, людзі масава скупліваюць прадукты», — абмалёўвае сітуацыю ў Беларусі ўкраінскі дыпламат.

Паводле меркавання Бяссмертнага,

гэта выклікана эканамічнай палітыкай, дэфіцытам плацежнага балансу, негатыўным сальда знешняга гандлю.

«Акрамя таго, перамовы па ўвазных пошлінах на аўтамабілі і нафту, якія праводзіла Беларусь з Расіяй і Казахстанам у межах стварэння Мытнага саюза, завяршыліся адназначна не на карысць Мінска. Летась мясцовыя аналітыкі гаварылі пра дэфіцыт бюджэту ў пяць мільярдаў долараў. Думаю, сёння гэты дэфіцыт значна большы. Усё гэта выклікае нястачу валюты, хоць з пачатку года Нацыянальны банк Беларусі патраціў амаль адзін мільярд долараў са сваіх рэзерваў для пагашэння гэтага попыту. Але праблема застаецца. І ўладам прыйдзецца яе вырашаць», — канстатуе пасол.

На пытанне, ці можа ў Беларусі валютна-фінансавы крызіс перарасці ў палітычны, украінскі пасол адзначыў наступнае: «Складана сказаць. Але тое, што сёння адбываецца на фінансавым і спажывецкім рынках, усяго толькі пачатак. Мы, украінцы, прывыклі да таго, што нас суправаджае стыхійны фактар рынку

. Але ўявіце, што вы перанесліся ў краіну з планавай сістэмай, дзе ніхто не думаў ні пра якія беды, дзе ўсе гаварылі, што ўсё будзе добра. І вось раптам узнікае праблема, яна палохае людзей. Яны проста не гатовыя да такога павароту падзей».

Разам з тым Раман Бяссмертны лічыць, што ў Беларусі ёсць шмат інструментаў, каб пагасіць гэты крызіс, пераадолець яго. «Сёння краіна знаходзіцца ў тых умовах, калі яшчэ магчымыя карэкцыі. Але толькі ад беларускай улады залежыць, якое рашэнне яна прыме, які абярэ інструмент. На сённяшні дзень, па-першае, відавочна, што ўлада рыхтуецца да прыватызацыі: на продаж будзе выстаўлены шэраг прадпрыемстваў для таго, каб атрымаць неабходныя фінансавыя сродкі і трохі пагасіць той крызіс, які пачаўся на валютным рынку. Па-другое, вядуцца перамовы з Расійскай Федэрацыяй і Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС аб атрыманні крэдытаў на агульную суму ў тры мільярды долараў. Надоечы з’явілася інфармацыя аб пачатку гэтых перамоў. Калі яны могуць быць завершаныя, складана адказаць», — сказаў украінскі дыпламат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?