У інтэрнэце зьявіліся імёны падазраваных у тэракце 11 красавіка «ўраджэнцаў Віцебску». У паведамленьнях шмат блытаніны, але афіцыйных зьвестак пра тое, хто ўчыніў тэракт, па-ранейшаму няма.

Пакуль беларускія СМІ не называюць імёнаў затрыманых у Менску «ўраджэнцаў Віцебску», адна з расейскіх інтэрнэт-крыніцаў іх ужо агучыла, назваўшы ня двух, а трох віцебскіх хлопцаў.

Блытаніна зь месцам жыхарства: паводле зьвестак з інтэрнэту, адзін з затрыманых жыве нібыта ў пяціпавярховіку ў Першым завулку Рэпіна.

Але гэта прыватны сэктар, і вялікіх дамоў там проста няма.

Іншыя зьвесткі наўпрост ці ўскосна пацьвярджаюцца наведнікамі беларускіх інтэрнэт-форумаў: прынамсі два затрыманыя сябравалі зь дзяцінства, вучыліся ў адной віцебскай школе № 35 і жылі на прамысловай ускраіне Віцебску, у так званым «раёне ДСК».

Маці аднаго зь іх катэгарычна адмовілася камэнтаваць затрыманьне сына: яна перакананая, што па беларускім тэлебачаньні ды ў іншых СМІ «праўды не напішуць усё адно»:

«У мяне няма ні думак, ні меркаваньняў — нічога. Мне ж ніхто нічога ня кажа, я ведаю тое, што і вы — абсалютна тое самае… Але ж вам гэта ўсё ня трэба! Вы толькі псуяце, толькі ламаеце далей жыцьцё! Добрага вы нічога ня зробіце — толькі бруд перамешваеце. А праўды — таго, што ёсьць — вы ня пішаце ўсё адно!» (Спадарыня кінула слухаўку.)

Па Віцебску пачалі распаўсюджвацца чуткі, што ў кватэрах, дзе жылі затрыманыя хлопцы, суседзі павыбівалі вокны, а саміх сваякоў некуды вывезьлі невядомыя асобы ў цывільным.

Але на месцы пацьвердзілася толькі адно: там, дзе жывуць сем’і затрыманых, каля пад’ездаў дзяжураць супрацоўнікі міліцыі, і сапраўды ў цывільным. Як яны тлумачаць, гэта — дзеля бясьпекі сваякоў, каб людзі не ўчынілі самасуду.

У пад’езд могуць трапіць толькі тыя, хто там жыве. Адзін з суседзяў распавёў, што агрэсіўнага стаўленьня да сем’яў затрыманых няма: ім хутчэй спачуваюць, бо звышхуткае раскрыцьцё справы і затрыманьне злачынцаў за адны суткі шмат каму падаецца падазроным:

«Вось якраз дзе мы стаім — іхны балькон наверсе, двухпакаёвая кватэра ў іх. Я даўно жыву ў гэтым доме, і яны доўга ўжо жывуць. Ніколі я ня бачыў, каб міліцыя да іх прыяжджала і каб скандалы нейкія былі. Ну не была гэтая сям’я праблемнай!»

Па беларускім тэлебачаньні казалі, што ў сутарэньні жылога дому, дзе жыў затрыманы, была майстэрня па вырабе выбухоўкі. Але дзьверы туды не апячатаныя. А мой суразмоўца ня толькі ня бачыў, каб там рабілі ператрус — ён увогуле адмаўляе саму магчымасьць таго, каб у такіх умовах магла існаваць цэлая лябараторыя:

«Гэта такое сутарэньне, што не дай Бог! Там усё цячэ, вільгаць, там такі смурод! Без процівагаза там больш за гадзіну ня ўседзець! Там нават лямпачкі няма, і выключальніка няма агульнага. Трэба лямпачку з сабой несьці, каб не разьбіць там галавы.

Там жа ўсё перагароджана, катухі два на два мэтры… Якую лябараторыю там можна разгарнуць?»

Пасьля выбухаў 2005 году, у якіх, дарэчы, нібыта прызналіся затрыманыя за менскі тэракт, абвінавачаньні былі прад’яўленыя дзясятку чалавек. Некаторыя зь іх правялі ў турме па паўгоду, але потым іх адпусьцілі, а сапраўдных вінаватых так і не знайшлі. У Віцебску добра памятаюць тыя падзеі, таму шмат хто недаверліва ставіцца да афіцыйных паведамленьняў, што цяпер злавілі сапраўдных тэрарыстаў, — тым больш, што інфармацыя пра іх прыхоўваецца і абрастае чуткамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?