Ёсць дзве навіны — добрая і дрэнная. Добрая навіна ў тым, што гэтым разам следчыя ўпэўненыя ў затрыманні рэальных вінаватых у выбухах. Дрэнная — тая колькасць ахвотных выслужыцца, якая была паднятая выбуховай хваляй.

Усе, вядома, ужо даўно разумелі, што ў Беларусі распладзілася велізарная колькасць халуёў, галоўны дэвіз якіх — «Мы не пашем, не сеем, не строим, мы гордимся общественным строем». Але ўсё-такі цяжка было падумаць, што іх столькі! Што такая колькасць не апошніх па статусе людзей выкарыстоўваюць трагедыю толькі як дадатковую падставу паклясціся ў вернасці дзейнаму прэзідэнту, нагаварыць кампліментаў, расшаркацца.

Замест дыскусіі на тэму, чаму такое стала магчымым у нашай краіне і як здарылася, што нашай «моцнай праваахоўнай сістэмай» не былі расследаваныя выбухі ў Віцебску і на Дзень незалежнасці, праз што, як падказвае логіка, і стаў магчымым тэракт у метро, мы ўсе гэтыя дні чулі бясконцае шальмаванне апазіцыі і бясконцыя заклікі аб’яднацца вакол кіраўніка дзяржавы. На кожнага, хто толькі мог заікнуцца на тэму «вінаватая ўлада», накідваліся як на найлюцейшага з ворагаў, не выбіраючы выразаў. «Мярзотнікі, ідыёты, вырадкі…» Я за ўсё жыццё не чула столькі бруднай лаянкі, колькі давялося пачуць за гэтыя дні ў эфіры Беларускага тэлебачання. Між тым на экстранай нарадзе ў дзень трагедыі Лукашэнка асабіста прызнаў: «Крыць няма чым. У гэтай падзеі вінаватыя толькі мы… Віна ляжыць на нас».

І сапраўды, іншага вінаватага няма, таму што менавіта ўлада адказная за нашую з вамі бяспеку. За тое, каб нашыя дзеці і нашыя бацькі маглі спакойна хадзіць па горадзе і ездзіць у метро, мы сваімі падаткамі кормім ледзь не самае вялікае ў свеце войска паліцыянтаў і спецслужбаў.

Але ўжо на наступны дзень пасля тэракту гаварыць пра віну ўлады стала небяспечна.
Пад пагрозай крымінальнага пераследу было забаронена выказвацца на тэму версій прычынаў таго, што адбылося, журналістаў і палітыкаў строга папярэдзілі наконт «распаўсюджання неправеранай інфармацыі». І вось тут павылазіў самы розны чынавенскі і калячынавенскі люд, які вырашыў адзначыцца на «праверанай» інфармацыі, на правераным часам метадзе — шальмаванні апазіцыі і незалежных СМІ, запраўленым клятвамі вернасці прэзідэнту.
Выказаліся дэпутаты, ад якіх мы гадамі не чуем ніякіх выразных ініцыятываў па паляпшэнні жыцця выбаршчыкаў, грамадскія дзеячы, спевакі, музыкі, спартоўцы, чыноўнікі…

Міністр інфармацыі таксама прадэманстраваў, што ў гэтыя дні напружана працаваў. Міністэрства вынесла папярэджанні аб парушэнні заканадаўства газетам «Наша Нiва» і «Народная Воля». Мы яго яшчэ і не атрымалі, а навіна ўжо паляцела па дзяржаўных СМІ.

Падставай для папярэджання «Нашай Ніве» стала «публікацыя на старонках газеты недакладнай інфармацыі аб тым, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта знаходзілася на станцыі да позняга вечара». І так шчыра абураліся афіцыйныя СМІ гэтай публікацыяй, так ганьбілі! Але як гэта яны забыліся пасыпаць сваю галаву попелам?! Бо самі ў гэтыя дні выдалі спіс загінулых, у якім апынуліся два жывых чалавекі. Гэта нармальна, гэта дробязь?! За такія памылкі міністр папярэджання не выносіць?! Яму не цікава, што перажылі сваякі, убачыўшы родныя прозвішчы ў чорнай рамцы?!

Прычым заўважу: ніхто ў незалежных газетах не кпіў з нагоды недакладнасцяў у спісе загінулых.
Ніхто не клеймаваў калегаў ганьбай, таму што ўсе разумеюць, у якой гарачцы ў гэтыя дні рыхтаваліся і выдаваліся матэрыялы. Мы проста апублікавалі на сваім сайце матэрыялы з жывымі людзьмі, якія з незразумелых прычынаў трапілі ў лік загінулых, і пацешыліся, што бяда абышла іх бокам. Што цяпер, дай Бог, сто гадоў жыць будуць. А можа, і больш…
Але які міністр! Якая выбарачная ягоная прынцыповасць у барацьбе за дакладнасць інфармацыі!

Памятаеце фільм «Плошча. Жалезам па шкле»? Памятаеце, як у фільме паказвалі гараж са зброяй, якая нібыта мусіла апынуцца на Плошчы? Памятаеце, як Саннікава, Рымашэўскага і Статкевіча ў гэтым фільме абвінавацілі ў нападзе на Някляева? Ды і шмат іншых небыліцаў.

Ужо абсалютна зразумела, што фільм у сваіх самых «палымяных» эпізодах быў абсалютнай фантазіяй аўтараў. Таму што нікому з апазіцыянераў абвінавачванні ў незаконным абароце зброі не выстаўленыя. Таму што ні Саннікава, ні Рымашэўскага, ні Статкевіча не абвінавацілі ў нападзе на Някляева. Ды і пацярпелыя міліцыянты на судах дружна кажуць, што не бачылі зброі ў руках мітынгоўцаў.

Каго павінен пакараць міністр за распаўсюд недакладнай інфармацыі? Правільна, «Народную Волю»! Таму што мы пасля выхаду гэтага фільма апублікавалі артыкул пад назвай «Гаворыць і паказвае Гебельс-ТБ». Гэта мы, аказваецца, зманілі. Таму што «Гебельс-ТБ» у Беларусі афіцыйна не зарэгістраванае.

І ўсё-ткі з дзвюх галоўных навінаў апошніх дзён — добрай і дрэннай — я раблю адну выснову: чым больш у краіне халуёў, тым большая верагоднасць, што будзе выбухаць метро, што за кратамі будуць невінаватыя людзі, што нас будуць прымушаць на чорнае казаць белае і затыкаць рот пагрозай крымінальных санкцый. Калі б тэракт у метро і гэтым разам расследавалі адны халуі, то ў турмах ужо сядзела б уся апазіцыя, а рэальныя выканаўцы гэтага страшнага злачынства пад шумок падшуквалі б сабе новых ахвяраў. Так, дарэчы, адбылося пасля выбуху на Дзень незалежнасці, калі хапаць і саджаць у iзалятары пачалі актывістаў усіх масцей, студэнтаў-хімікаў, але на рэальных выканаўцаў так і не выйшлі…

Халуі — яны прычына вельмі многіх бедаў. Проста да нядаўняга часу мы не хацелі разумець, што беды ад іх могуць быць нават крывавымі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?