Шон О’Калаган (Sean O’Callaghan) далучыўся да Ірландскай рэспубліканскай арміі (ІРА) у 1969 годзе, калі яму было 15 гадоў. У 1976-м ён пакінуў ІРА і выехаў у Англію, дзе пазней стаў інфарматарам брытанскіх спецслужбаў па пытаннях дзейнасці ірландскіх баевікоў з ІРА.
Мяркуецца, што ягоныя інфармацыі дапамаглі спецслужбам прадухіліць планаваны тэракт падчас канцэрту ў Лондане у 1984-м, у якім удзельнічалі «Duran Duran» і «Dire Straits», а сярод гледачоў былі прынц Чарлз і прынцэса Дыяна. У 1988-м О’Калаган прызнаўся, што падчас двух тэрарыстычных актаў у 1974 годзе ён забіў дзве асобы, жанчыну-вайскоўца (якая, як выявілася пасля тэракту, была цяжарнай) і паліцыянта. На падставе гэтага прызнання О’Калагана засудзілі на восем гадоў турмы. У турме О’Калаган напісаў аўтабіяграфічную кніжку пад назвай «Інфарматар».

Шон О’Калаган пагадзіўся пракаментаваць тэракт у мінскім метро. Інтэрвію ўзялі Чарлз Рэкнагл і Ян Максімюк.

Радыё Свабода: Беларускія следчыя кажуць, што ў метро было скарыстанае даволі складанае выбуховае прыстасаванне, якое не мела аналагаў у ранейшых тэрарыстычных актах. Нібыта асобы, якія падклалі бомбу, знайшлі інфармацыю, як яе зрабіць, у інтэрнэце. Следчыя таксама кажуць, што меркаваныя тэрарысты закончылі ўсяго прафтэхвучылішчы, адзін як электрык, а другі як токар. На вашу думку, ці могуць такія людзі зрабіць ускладнёную бомбу?

Шон О’Калаган: У гэткім кантэксце я схільны сумнявацца ў гэтым. Зразумела, што электрык пры канструкцыі выбуховага прыстасавання мае тую перавагу, што ён разбіраецца ў электрычных схемах. Але адкуль у Беларусі гэтыя маладыя людзі ўзялі матэрыял? Дзе яны вырабілі гэтае прыстасаванне, якім спосабам яны прывялі ў дзеянне выбуховы механізм?

Гэта ў галаве не ўкладваецца. Адкуль матэрыял? Адкуль выбухоўка, якую яны ўжылі? Безумоўна, у інтэрнэце можна раздабыць патрэбную інфармацыю, я пагаджуся, але здабыццё інфармацыі ў інтэрнэце і здабыццё матэрыялу ды вырабленне з яго складанай бомбы — гэта дзве зусім розныя гісторыі.
І дзе яны ўсё гэта зрабілі — у цэху? Гэта вельмі дзіўна.

Радыё Свабода: У справе мінскага тэракту штодня з’яўляецца больш пытанняў, чым адказаў. Пытаннямі, якія застаюцца пакуль нявысветленымі, ёсць абставіны, у якіх гэтыя маладыя людзі былі абвінавачаныя, прызналі сваю віну ў выбуху ў метро і яшчэ прызналіся да двух іншых тэрактаў, у 2005 і 2008. Паводле следчых, адзін з гэтых мужчынаў занёс цяжкую торбу на перон, а потым выйшаў без торбы з перону, зусім не звяртаючы ўвагі на відэакамэры на станцыі. Віноўнікаў выявілі яшчэ і таму, што яны нібыта пакінулі адбіткі пальцаў на выбуховым прыстасаванні, якое не спрацавала ў ранейшай спробе тэракту. Як вы можаце растлумачыць такія паводзіны меркаваных тэрарыстаў?

Шон О’Калаган: Часам нам трэба пагадзіцца і з тым, што людзі, якія ў нейкай сітуацыі паводзяць сябе вельмі спрытна і разумна, у іншай аказваюцца даволі нядбалымі. Што мне падаецца надзвычай асаблівым ва ўсім гэтым сцэнары, дык гэта тое, што тут не відаць ніякай стратэгічнай карысці. Калі гэта была аперацыя, якую праводзіла група, дык чаго яны імкнуліся дасягнуць?

Што яны мелі на ўвазе? Ці яны хацелі проста забіць сваіх суродзічаў без дай прычыны?

Калі вы ўваходзіце ў метро, каб падкласці бомбу, дык сёння, няважна дзе на свеце вы гэта хочаце зрабіць, вы мусіце ведаць пра відэакамэры сістэмы скрытага назірання. Вы павінны гэта разумець. Тут нешта надзвычай дзіўнае,

таму што калі думаеце пра людзей, якія робяць розныя іншыя злачынствы — гвалтуюць, забіваюць з любові ці з нянавісці — дык заўсёды думаеце пра матыў, пра прычыну, дзеля якой нехта такое злачынства зрабіў. А тут вы майструеце ўскладнёныя бомбы ў краіне, скажам адкрыта, якая далёка не першая ў некаторых галінах, і вам удаецца гэта зрабіць, і вы забіваеце гэтымі бомбамі сваіх суродзічаў. І няма ніякай відавочнай прычыны дзеля гэтага. Не, гэта не мае сэнсу.

Радыё Свабода: Дык што для вас значыць «нармальны» профіль тэрарыста? Ці ім трэба ідэалагічная падстрахоўка, каб мець перакананне, што тое, што яны зрабілі, гэта не забойства, і што зробленае імі служыць вышэйшай мэце і такім чынам вызваляе іх ад агульных нормаў?

Шон О’Калаган: Калі мець на ўвазе ірландскі кантэкст, дык мяне выхавалі з перакананнем, што забіць брытанскага жаўнера ў Ірландыі — гэта не злачынства, і не грэх. Так што ў гэтым сэнсе вы забіваеце, як быццам вы былі на вайне. У гэтым кантэксце такія рэчы апраўдваюцца самі сабою, што, зразумела, вельмі важна. Усё, што я рабіў у сваіх юначых гадах, не магло лічыцца забойствам. Забойства было б чымсьці вельмі дрэнным, так што ніводная з тых рэчаў не была забойствам. Так што калі вы ўдзельнічалі ў забіцці вайскоўца або паліцыянта, гэта не было забойства, гэта не магло быць забойствам. Калі б гэта было забойствам, дык гэта, зразумела, было б дрэнна.

Калі б вы думалі, што вы проста забіваеце, вы звар’яцелі б. Гэта ўсё можна расцягнуць і на кучу іншых рэчаў, увесь гэты кантэкст. Што агламажджвае чалавека, у якога ў галаве ёсць хоць дробка клёку, дык гэта адчуванне, што ў гэтай канкрэтнай мінскай падзеі няма кантэксту.

Радыё Свабода: Шмат хто з блогераў выказвае меркаванне, што насамрэч бомбу маглі падкласці спецслужбы.

Шон О’Калаган: Незалежна ад таго, як усё гэта павернецца, з гэтай канкрэтнай бомбай нешта вельмі, вельмі дзіўнае. Яно неяк не складваецца ў нешта верагоднае на ўсіх узроўнях. Не складваецца. Я думаў аб гэтым не адну гадзіну, і тады, калі гэта здарылася, і пасля, і яно мне не стыкуецца адно з адным. Я маю на ўвазе факт, што бомба забівае цывільных асобаў бяз дай прычыны, і той кантэкст, у якім эканоміка краіны ідзе ў трубу. Да мяне гэта не даходзіць, да мяне гэта проста не даходзіць. І да мяне не даходзіць, як людзі маглі так хутка прызнацца ў гэтай справе. І той мужык напіваецца — слухайце, калі вы напіваецеся да такой ступені, дык вас нельга дапытваць цягам прынамсі бліжэйшых сутак. А калі вы выбіваеце з людзей прызнаньне, а пятай гадзіне раніцы, дык што адбывалася цягам усіх тых гадзінаў перад прызнаннем?

Нават у выпадку анархістаў, расейскіх анархістаў ці амерыканскіх анархістаў у пачатку мінулага стагоддзя, заўсёды быў прынамсі нейкі кантэкст. І нават у самотнікаў, у тых дзівакоў-самотнікаў, якія арганізавалі невялікія тэрарыстычныя кампаніі, нават у іх быў нейкі кантэкст, былі нейкія канкрэтныя мішэні ў галаве.
А гэта выглядае проста так: мы хочам падкласці бомбу заўтра зранку ў Мінску і хочам забіць кучу цывільных асобаў. А потым я хачу напіцца. І бомба будзе вельмі мудроная. А дзеля чаго? Я хачу сказаць, хто ты, чаму ты гэта робіш? Гэта не стыкуецца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?