Зіма ніяк ня прыйдзе, разам зь ёю зацягнулася забойчая восеньская дэпрэсія. Дэпрэсіі ўвогуле распаўсюджаныя на поўначы. У адсутнасьць сонца ў арганізьме бракуе каталізатараў біягеннага абмену – мэлятаніну, норадрэналіну, сэратаніну, – якія ўплываюць на наш настрой. Сродкі ад дэпрэсіву раіць доктар аддзяленьня памежных станаў менскага гарадзкога псыханэўралягічнага дыспансэру Ігар Сарокін.

«Наша Ніва»: Ці ўплывае такое надвор’е – больш за месяц бяз сонца, у тумане – на людзей?

Ігар Сарокін: Клімат і надвор’е, безумоўна, уплываюць на людзей. І дакладна вызначаным чынам. Тым больш гэтая зьява характэрная ня толькі для Беларусі. Як па мне, то сёньняшняе надвор’е цалкам беларускае і натуральнае. Увогуле ў паўночных шыротах паводле тэмпэрамэнту і пэўных схільнасьцяў да псыхалягічных паталёгіяў людзі маюць свае адметнасьці: яны больш уразьлівыя да дэпрэсіўных парушэньняў. На поўдні людзі больш актыўныя і тэмпэрамэнтныя, маюць экспрэсіўны характар. Дэпрэсіі здараюцца і тут, але найбольш яны распаўсюджаныя на поўначы. Такія асаблівасьці характару паўночнага чалавека абумоўліваюць і павышаную схільнасьць да самагубства.

«НН»: Ці мае Беларусь тут свае адметнасьці?

ІС: Так, паводле дасьледаваньняў псыхалягічнай службы, штогод у Беларусі праз самагубства гіне каля 3000 чалавек. У 2004 г. сярэдні паказчык па Беларусі дасягнуў 33,5 выпадкаў на 100 тыс. жыхароў. Гэта амаль удвая перавышае сярэдні сусьветны паказчык. Рост колькасьці суіцыдаў назіраецца ў Гомельскай і Магілёўскай вабласьцях. У іншых рэгіёнах, на шчасьце, адбываецца паніжэньне. У Менску гэтая лічба 2 гады таму складала – 16,7. Калі браць сусьветны досьвед, то самагубства робіцца другой прычынай сьмерцяў пасьля аўтакатастрофаў. Паводле зьвестак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, да 2020 г. дэпрэсія выйдзе на 2-е месца па інвалідызацыі насельніцтва пасьля сэрцавых захворваньняў.

«НН»: Традыцыйна ў гэтай справе наперадзе скандынаўскія краіны з суворым кліматам.

ІС: Ёсьць адпаведная шкала – высокім лічыцца ўзровень самагубстваў у той краіне, дзе сярэдняя лічба складае 20 выпадкаў на 100 тыс. чалавек. Да такіх краінаў належаць і Данія, і Літва, і Эстонія, і Расея з паўднёвай Украінай. Да сераднякоў належаць ЗША і скандынаўская Швэцыя.

«НН»: Што здараецца з чалавекам у такія змрочныя дні, як цяпер?

ІС: Зьяўленьню дэпрэсіі спрыяе ў тым ліку і малая колькасьць сонечных дзён. Ёсьць розныя віды дэпрэсій, напрыклад, тая, што абвастраецца менавіта ў зімовы час ці позьняй восеньню. Змагацца з гэтым можна пры дапамозе салярыю ці штучнага падаўжэньня дня – выкарыстаньня лямпаў дзённага сьвятла.

Любая перамена надвор’я спрыяе таму, што ў часткі людзей пачынае праяўляцца г.зв. вэгетацыйная няўстойлівасьць. Яе сымптомы самыя розныя: сухасьць у роце ці павялічанае сьлінавыдзяленьне, паскоранае ці запаволенае сэрцабіцьцё, цяжкае ці лёгкае дыханьне, пачуцьце трывогі і г.д.

Існуе від дэпрэсіўнага разладжваньня настрою, які ў першую чаргу праяўляецца ў зімовы час. У адсутнасьць сонца ў арганізьме бракуе каталізатараў біягеннага абмену – мэлятаніну, норадрэналіну, сэратаніну, якія таксама моцна ўплываюць на наш настрой.

«НН»: Ці аднолькава такое надвор’е ўплывае на гараджанаў і вяскоўцаў?

ІС: Розьніца ёсьць. Тут мы таксама мала падобныя да іншых. Калі сусьветная практыка сьведчыць пра большую схільнасьць да дэпрэсіяў ды самагубстваў у гарадзкіх жыхароў, то ў Беларусі ў гэтай сфэры наперадзе вяскоўцы. Не ратуе і блізкасьць да прыроды. Галоўная прычына – адсутнасьць сталага занятку зімой і татальнае п’янства. Неяк чуў на «Свабодзе» эсэ пра тое, што беларус звычайна працуе, калі не працуе, то п’е, калі ня п’е і не працуе, то пачынае нудзіцца. Вельмі трапная характарыстыка. Сярод сельскіх падлеткаў вельмі шмат парасуіцыдаў, то бок спробаў зрабіць сабе сьмерць, сярод сталых вяскоўцаў пераважаюць сапраўдныя самагубствы. Гэта, як правіла, людзі, што ўжо выгадавалі дзяцей і засталіся самотныя. Цяперашняя вясковая моладзь, трапіўшы ў горад, хутка забываецца на бацькоў.

«НН»: А як жа сумныя гарадзкія пэйзажы, шэрыя «спальнікі»? У Маскве ўжо задумаліся, разьмяшчаюць шмат каляровай рэклямы, фарбуюць у весялейшыя колеры фасады будынкаў.

ІС: Так, слушная практыка, якую трэба разьвіваць. На поўначы Эўропы гэта шырока выкарыстоўваецца. Там і ў малых гарадох фарбуюць свае дамкі ў яркія колеры, наколькі магчыма, каб пазьбегнуць шэрасьці.

«НН»: Хто больш схільны да дэпрэсіяў – мужчыны ці жанчыны?

ІС: Увогуле парушэньні настрою часьцей сустракаюцца ў жанчынаў. Калі браць агульна, то суадносіны прыкладна такія: на аднаго мужчыну прыходзіцца 2–3 жанчыны. Але гэта агульна, бо ёсьць розныя формы парушэньняў, і таму суадносіны гэтыя могуць зьмяняцца.

«НН»: Ці ёсьць у нас своеасаблівыя групы рызыкі – дэпрэсіўна небясьпечныя прафэсіі?

ІС: Дакладных зьвестак ня маю, але такія групы рызыкі існуюць. І ў прафэсійным пляне паводле ліку парушэньняў і самагубстваў пераважаюць мэдыкі, псыхіятры ў першую чаргу.

«НН»: А як людзі культуры – паэты, мастакі, музыкі?

ІС: Багема – вельмі своеасаблівая субкультура. Для яе прадстаўнікоў таксама характэрныя самыя розныя парушэньні, у тым ліку і схільнасьць да суіцыду. Болей за тое, тут можна вылучыць асобны від самагубства – эгаістычны. Гэта калі творчая асоба максымальна індывідуалізуецца. Яна мае пэўныя амбіцыі, але ня можа інтэгравацца ў свой асяродак, замацавацца, давесьці сваю выключнасьць і асаблівасьць. Такое самагубства робіцца ў імя самасьцьвярджэньня. Гэта найбольш характэрна для заходняй гарадзкой культуры, дзе людзі часта дэзынтэграваныя, ня маюць моцных сацыяльных повязяў. На Ўсходзе трохі інакш. Там людзі аб’яднаныя сямейнымі, рэлігійнымі ды іншымі сувязямі, і прычынай самагубства можа быць выгнаньне зь сям’і за нейкую правіну.

«НН»: Ці застаецца крыніцай стрэсу ў Беларусі моўнае пытаньне?

ІС: Напэўна. Я і сам часта з гэтым сутыкаюся. Калі я на працы, то яшчэ магу давесьці пацыенту, што гэта яго праблема, калі ён не разумее беларускай мовы. І, дарэчы, за сваю 10-гадовую беларускамоўную практыку ў мяне былі адзінкавыя выпадкі, калі пацыенты адмаўляліся ад маіх паслугаў празь непрыняцьце беларускай мовы. Іншая рэч, калі я, як адзін са шматлікіх, напрыклад, пакупнікоў у краме, запытаю воцат. Тут можна шмат і рознага пачуць у свой адрас і, натуральна, атрымаць стрэс. Гэтая праблема ўсё яшчэ актуальная.

Гутарыў Сямён Печанко

Ва ўсім шукайце пазытыў, каб адолець самоту. Ён прысутнічае ў любой сытуацыі.

Па-другое, нам падвышае настрой, калі мы на вышыні: добра выглядаем, карыстаемся новай і прыгожай касмэтыкай, модна апранаемся і г.д. Гэта вонкавая стымуляцыя настрою. З другога боку, уздымае тонус прафэсійны посьпех: напрыклад, настаўніка, які добра падрыхтаваўся да занятку, дзеці ня толькі ўважліва слухаюць, але й засыпаюць пытаньнямі – па цяперашнім часе нечуваная рэч.

Натуральнае асяродзьдзе добра ўплывае на настрой. Трэба часьцей бываць у лесе, на вольным паветры. Не ля тэлевізара сядзець, які, дарэчы, вельмі моцна разьядноўвае людзей і робіцца дадатковай крыніцай стрэсу.

Любыя кантакты з высокім мастацтвам увачавідкі паляпшаюць настрой чалавека, робяць яго больш ураўнаважаным. Карысна проста добрую кніжку пачытаць. Калі не мастацтва, то спорт.

На жаль, часьцяком у нашым грамадзтве ўласную значнасьць падмацоўваюць прыніжэньнем іншых – сваіх сямейнікаў, калегаў, падначаленых. Гэта ня выйсьце.

Самае ж галоўнае – не заставацца сам-насам з праблемаю. Трэба выгаварыцца. І неістотна каму, хоць выпадковаму мінаку. У чалавечай прыродзе закладзена: калі выгаварысься – стане лягчэй, праблема страціць першапачатковы цяжар. Калі не, то ўнутраны стрэс акумулюецца, нарастае, як сьнежны ком, і можа прывесьці да трагічнай разьвязкі.

І ні ў якім разе не шукайце выйсьця ў алькаголі. Гэта вельмі кароткатэрміновы паратунак.

У складаных выпадках, калі чалавек ня можа сам сабе даць рады, неабходная дапамога адмыслоўцаў. У Беларусі створаныя і дзейнічаюць цэнтры памежных станаў. У кожнай паліклініцы працуе псыхатэрапэўт, які акажа вам кваліфікаваную дапамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0