Увосень 2007 года публікаваўся матэрыял па справе гамяльчаніна Сяргея Сямёнава, які, пераязджаючы беларуска-ўкраінскую мяжу, запатрабаваў ад памежных службаў афіцыйных зносінаў выключна па-беларуску і за гэта пацярпеў. Гэты выпадак моцна запаў мне ў душу.

З нядаўняга часу я вырашыў ісці такім жа шляхам і прынцыпова патрабаваць ад уладаў звяртацца да мяне на беларускай мове. І адразу жа напаткаў юрыдычныя рэпрэсіі. Праўда, пакуль без судовага пераследу. Я б вельмі хацеў уступіць у асабістае ліставанне, пазнаёміцца з чалавекам, які калісьці падаў мне такі прыклад.

Я выдатна ўсведамляю, што ў атмасферы хлусні ды шпіёнскіх інтрыг, якую стварылі лукашысты, ніводнаму незнаёмаму ці малазнаёмаму чалавеку няма поўнага даверу. Таму я не прашу вас даць мне кантактную інфармацыю спадара Сямёнава. Тым больш што нават у дэмакратычнай атмасферы гэта было б неэтычна.

Аднак я вельмі прашу вас паведаміць яму пра маю цікавасць да ягонага ўчынку і папрасіць яго напісаць мне ліст на мой электронны паштовы адрас [адрас ёсць у Рэдакцыі].

Я перакананы, што людзі, дзейнасць якіх так ці інакш скіраваная на адну справу, мусяць у імя поспеху гэтай справы як мінімум мець сувязі паміж сабой.

Буду вельмі чакаць вашу ды спадара Сямёнава рэакцыю.

З павагай, побытавы дысідэнт Аляксей В. Кліменка

Ад Рэд. Калі сп. Сямёнаў палічыць патрэбным, хай дашле ў Рэдакцыю свой электронны адрас, а мы яго скіруем сп.Кліменку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?