Землякі Караткевічавы не забываюцца на свайго генія. Гэтае выданьне было адмыслова падрыхтаванае да 76-й гадавіны пісьменьніка. Укладалі кнігу супрацоўнікі гарадзкога музэю Ўладзімера Караткевіча, а выдадзеная яна была дзякуючы дапамозе аршанскіх спонсараў-прадпрымальнікаў. З фондавых збораў Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва, Музэйнага комплексу гісторыі культуры Аршаншчыны, з прыватных збораў і сямейных архіваў былі сабраныя малюнкі, аўтапартрэты, карыкатуры і шаржы, нашкіцаваныя рукою пісьменьніка. Яны былі знойдзеныя ў рукапісах і лістах Караткевіча і ў ягоных сяброў – Адама Мальдзіса, Янкі Брыля, Вячаслава Рагойшы, Сяргея Панізьніка.

Набыць кнігу можна ў Музэі Ўладзімера Караткевіча, што, між іншым, месьціцца ў тым самым будынку, дзе ў 1930 г. быў Арашанскі радзільны дом і дзе прыйшоў на сьвет будучы пісьменьнік.

Я запомніў яго блазнаватым візіянэрам, чалавекам вельмі эмацыйным і харызматычным, нягледзячы на фізычную слабасьць. Пэўна, для бальшыні сваіх сяброў і знаёмых ён таксама быў чалавекам-аркестрам, вялікім эрудытам і фантазёрам, жартаўніком і геданістам.

Караткевіч жвава рэагаваў на пошукі мастакоў, якія ілюстравалі ягоныя творы. Праз тое ён з многімі й пасябраваў, напрыклад, з Арленам Кашкурэвічам, Пятром Драчовым, Яўгенам Куліком, Аляксеем Марачкіным, Міколам Купавам. Ён быў сябрам многіх мастакоў і шукаў іх кампаніі. Таму ня дзіва, што й сам усё жыцьцё адчуваў патрэбу да маляваньня.

Аднак тыя, хто яго шанаваў, напрыклад, у 1970-я, і самі засталіся там, у той эпосе. І той вобраз Караткевіча, што яны стварылі, па-першае, недакладны, бо сябры й прыхільнікі імкнуліся зьляпіць зь яго прарока, ледзь не правадыра-празорцу; а па-другое, ён вымагае сёньня асэнсаванае адаптацыі для новае генэрацыі. Хоць бы наноў выдаць ягоныя творы ў клясычным правапісе й праілюстраваць найноўшай графікай. Гэткіх, напрыклад, маладых мастакоў, як Павал Татарнікаў ці Аляксандар Дзямідаў. Бо самае лепшае ў сваёй творчасьці Караткевіч задумляў маладым! І гэткім яго варта вяртаць у наш сучасны кантэкст.

Яго пара пераацэньваць. Бо, напрыклад, антыфэадальны й антыклерыкальны запал, зь якім Караткевіч пісаў у свае савецкія часы, выклікаюць сёньня неўразуменьне. Дый стыль ягоных дэтэктываў сёньня выглядае месцамі каструбаватым на тле тае шырэйшае панарамы сусьветнае літаратуры, у якой абазнаная цяпер моладзь. А вось ягоная лірыка й празаічныя мініятуры набрынялі куды большым сэнсам. Гэтым ён нагадвае Гюго, якога носьбіты францускай мовы найбольш шануюць як паэта, а замежнікі – як раманіста.

Зусім забытым апынуўся Караткевічаў даробак у дакумэнтальным кіно. Дзе й як можна паглядзець тыя дакумэнтальныя фільмы «Сьведкі вечнасьці», «Чорны агат», «Памяць»...

Падзабытай аказалася ягоная грамадзянская публіцыстыка, у якой ён бараніў помнікі культуры й нашую прыроду. У нашу эпоху, пасьля Чарнобылю, многія ягоныя думкі гучаць яшчэ вастрэй і глыбей...

У сваёй мастацкай творчасьці Ўладзімер Сямёнавіч быў такім, якім і ў жыцьці – летуценьнікам-жартаўніком з буйнай фантазіяй.

Шмат малюнкаў зрабіў Караткевіч да п’есы «Млын на Сініх Вірах» (1957). Тэатральны даробак Караткевіча, дарэчы, вялізны. Афармленьнем ягоных спэктакляў займаліся найлепшыя на свой час майстры. У Коласаўскім тэатры ў Віцебску Аляксандар Салаўёў аформіў «Званы Віцебску» і «Кастусь Каліноўскі». Яўген Ждан афармляў «Калыску чатырох чараўніц», пазьней – балет «Дзікае паляваньне караля Стаха». Мастак Тур у Опэры аформіў пастаноўку «Сівой легенды» кампазытара Смольскагаа. Натуральна, што й сам Уладзімер Сямёнавіч нешта шкіцаваў сабе, вымысьляючы нейкі паралельны сьвет сцэны. А бадай і шукаў натхненьня для сябе ў гэтым маляваньні, глыбей пранікаў у вобразы.

Рыгор Барадулін, адзін з самых адданых ягоных сяброў, піша: «А мастак Караткевіч мог бы, відаць, спаборнічаць зь пісьменьнікам Караткевічам. Бездакорна валодаў лініяй, кампазыцыяй. Некалькімі штрыхамі мог перадаць характар, улюбёна-рамантычна ці зьдзекліва-гратэскава». Гэта слушна ў дачыненьні найперш да няўрымсьлівага Караткевіча 1950-х, 1960-х гадоў.

Вось, напрыклад, як у ягоным малюнку ў лісьце да Максіма Танка 1956 году. Тамака ёсьць і бліскучы аўташарж, і літаратурная аўтапародыя. Абрыс малюнку вельмі дакладны, складаны паводле кампазыцыйнай дыяганальнай пабудовы. Ён разьбіты на чатыры пляны, з элементамі пэрспэктывы.

Але пазьнейшыя ягоныя шкіцы становяцца больш агульнымі, не такімі ахайнымі, як у маладыя гады. У 1970-я ён ужо не надае ім такога значэньня, як колісь. У іх шмат выпадковага. Але гумар, адметны Караткевіцкі гумар застаецца. Вось, напрыклад, малюнак зь ліста Адаму Мальдзісу «Тыповы беларус», у якім ёсьць і цытата з «Нашае Нівы» 1909 г. пра тое, што ў мястэчку Еўе беларусы жлукцяць піва болей за літоўцаў. А на малюнку – то пэўна малады Адам Мальдзіс у акулярах з куфлем піва! Маладому Караткевічу ж належыць і адзін зь першых беларускіх коміксаў: «Аксамітны альбом», у якім зьмешчаныя размаітыя пацяшальныя сцэнкі зь ягонага прыватнага жыцьця.

Наагул жа элемэнты коміксу, альбомы зь сюжэтнымі малюнкамі, вельмі беларускі жанр, што сягае ажно ў сярэдзіну ХІХ ст. І ў Заходняй Беларусі гэты жанр быў вельмі распаўсюджаны ў беларускім левым друку. Гэта былі такія разгорнутыя коміксы на палітычную тэму Горыда, Васілеўскага, Драздовіча, Тыбера...

Калі тыя Караткевічавы малюнкі з «Аксамітнага альбому» былі мо й ня першымі беларускімі коміксамі, то дакладна, што найбольш тыражным стала кніжка «Дзікае паляваньне караля Стаха», намаляваная Адамам Глёбусам і Ўладзімерам Сьцяпанам. Пэўна, адным гэтым праектам Глёбус са Сьцяпанам зрабілі для вяртаньня Караткевіча ў наш культурны ўжытак болей, чым усялякія выставы ягоных савецкіх яшчэ кніжак.

Так вось і гэтая кніжка, што знаёміць нас з малазнанымі старонкамі ягонае біяграфіі й творчасьці, – яшчэ адзін важкі ўнёсак у справу адраджэньня спадчыны Караткевіча й вяртаньня ягонага імя.

“Сьвет вачыма Караткевіча” (малюнкі, аўтапартрэты, карыкатуры, шаржы)

Навукова-папулярнае выданьне / Уклад. В.Сіднякова, У.Кузубаў, І.Воранава, В.Пашковіч. — Ворша, 2006. — 116 с. 1000 ас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?