Цяпер самы запатрабаваны сцэнарыст былога СССР жыве на Аўтазаводзе. Пра драматурга Андрэя Курэйчыка больш не пішуць лукашэнкаўскія СМІ, але спектаклі паводле ягоных п’есаў ідуць у мінскіх тэатрах. Андрэй распавёў у інтэрв’ю «НН» пра сям’ю, грошы і добрых і злых чыноўнікаў.

 Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

«НН»: Вы трапілі ў «чорны» спіс дзеячаў культуры, які нібыта існуе. Як можаце патлумачыць сваю прысутнасць у ім?

АК: Адразу ж пасля выбараў, раніцай 20 снежня, на сайце naviny.by выйшаў мой артыкул «Лісты да мінскага сябра». У ім я іранізую над сітуацыяй, калі выбары афіцыйна не скончыліся, а ўжо большасць кандыдатаў сядзяць у турме. Гэта сапраўды не мае аналагаў у сусветнай гісторыі.

Мы яшчэ не ведаем імя прэзідэнта, нібыта ідзе падлік галасоў, а большасць кандыдатаў ужо арыштавалі.

Хаця, напэўна, не толькі артыкул паўплываў. Мне нават міністр культуры казаў, каб я быў асцярожны ў выказваннях. Бо «наверсе» гэта кагосьці раздражняе.

«НН»: Музыкам са спіса адмяняюць канцэрты. А спектаклі па Вашых п’есах не здымаюць з рэпертуару?

АК: Спектаклі ідуць. І іх складана забараніць, бо гэта частка рэпертуараў дзяржаўных тэатраў. У іх іграюць сур’ёзныя акцёры, напрыклад, народны артыст CCCР Расціслаў Янкоўскі. Было б скандалам пазбавіць іх працы. Але на маю асноўную працу — кінавытворчасць — гэта ніяк не паўплывала. Я не залежу ад беларускага ўрада. Гэтай вясной нават больш прапаноў стала. Не будзе хіба некалькіх інтэрв’ю дзяржаўнай прэсе. Гэта я перажыву…

Скарына — як Цукерберг

«НН»: Вы першым выступілі з асуджэннем гэтага спіса, але ў той жа час міністр культуры нядаўна заявіў, што Ваш сцэнар фільма «Францыск Скарына» прэтэндуе на статус нацыянальнага праекта.

АК: Адна рука дзяржавы забараняе, а другая робіць усё наадварот.

Для мяне дзіўна, што Павел Латушка ўсё яшчэ міністр культуры.

Будзе запушчаны «Францыск Скарына» — значыцца, ён здолеў растлумачыць ідэолагам, што нельга ў мастацтве дзяліць людзей па іншых крытэрах, акрамя як талент.

«НН»: Што гэта за фільм «Францыск Скарына»?

АК: Калі ўсё пойдзе добра, то гэта будзе фільм­даследаванне на тэму «Ці з’яўляецца Беларусь еўрапейскай краінай». Гэта драма чалавека, які прынёс сюды еўрапейскія «тэхналогіі» і каштоўнасці, але быў вымушаны эміграваць. Я паспрабаваў зрабіць Скарыну, скажам, Маркам Цукербергам таго часу.

«НН»: А мова фільма якой павінна быць?

АК: Беларускай. Я сам пішу і думаю па-расейску, але гэта я.

А мова фільма павінна быць беларускай.

«НН»: Месяц таму ў пракат вый­шла стужка «Любовь-морковь — 3», да якой ужо не Вы пісалі сцэнар. Фільм бачылі?

АК: Не, не бачыў. Я працаваў над фільмам «Службовы раман. Наш час». Я наеўся «Любові-моркові» ў пэўны перыяд і сышоў працаваць на канкурэнтаў. Я не бачыў трэцюю частку, але ведаю, што стужка сабрала менш грошай, чым першыя дзве. Але гэта не столькі правал сцэнара альбо падбору акцёраў, колькі стомленасць гледача ад франшызы.

«НН»: «Службовы раман» зарабіў больш?

АК: Так. Ён ужо сабраў у пракаце 13 млн даляраў. Гэта ў паўтара разу больш, чым «Любовь¬морковь — 3». Паспяховы камерцыйны праект. Хаця ён мне даўся нялёгка — у мяне быў канфлікт з прадзюсарамі.

«НН»: Цяпер над чым працуеце?

АК: У мяне ідуць здымкі двух кінапраектаў у Расіі. У маі на тэлеканале «Расія» будзе прэм’ера фільма «Тры Жызелі». Фільм зняты ў Францыі і Расіі паводле маёй п’есе, спектакль па якой ідзе ў мінскім Новым драматычным тэатры ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева.

«НН»: За беларускім кіно сочыце?

АК: Так. Але ў пракаце яго амаль няма.

НН: Адну з апошніх карцін «Масакру» прадставілі як новае беларускае кіно. Наколькі яно новае?

АК: Для «Беларусьфільма» гэта новае кіно. Але нават пры запуску ў вытворчасць было зразумела, што фільм немагчыма прадаць. І вечная памылка, што «Беларусьфільм» робіць кіно для сябе ці міністэрства, а глядач — на другім плане. Так аказалася і тут: сустрэліся, паглядзелі, адзначылі фуршэтам.

Максімум — фестываль у Анапе. Вось і ўсё.

«НН»: «Францыска Скарыну» Вы бачыце іншым?

АК: Безумоўна. Я надта хачу, каб людзям было неверагодна цікава яго глядзець. Гэта меладрама, там шмат кахання і гумару. Як мне здаецца, гэта павінна быць больш «глядацкае» актуальнае кіно. Не горшае, чым оскараўскія «Кароль размаўляе» ці «Сацыяльная сетка».

«НН»: Беларускае кіно, па Вашых словах, слабае. А кінафестываль «Лістапад» у такім выпадку варта праводзіць?

АК: Фестываль — гэта добра. У Мінску іх павінна быць шмат. Але такі танны пафас фестывалю выклікае адчуванне, калі бедныя людзі спрабуюць шыкаваць на апошнія грошы. Я не магу зразумець, навошта была патрэбная Арнэла Муці на «Лістападзе¬2010». Іншая справа, калі б яна з’яўлялася членам журы: глядзела фільмы, праводзіла майстар­класы, прэс­канферэнцыі ладзіла. Гэта праца. А за 40 тысяч еўра выйсці на адкрыцці і сказаць нейкую лухту і з’ехаць, па¬мойму, гэта і ёсць пусты шык.

Аўтазавод — гэта як Берлін

«НН»: Вы не так даўно пераехалі з вёскі Турэц у Мінск. Чым абумоўлена гэта?

АК: У Турцы прадалі дом. Гэта я зрабіў дзеля жонкі. У мяне падрастае сын, якому тры з паловай гады, а ў чэрвені мы чакаем нараджэння дзяўчынкі. Я пастаянна ў ад’ездах, і жонцы Вользе цяжка адной там. Вырашылі, што я яе перавязу ў мінскую кватэру, але набуду яшчэ і лецішча.

«НН»: Але ў вёсцы Вам лепш працавалася?

АК: У мінскай кватэры горш пішу. І жонцы кажу: шмат хто з пісьменнікаў жыў па¬за горадам. Маўляў, нічога страшнага. Я вырас у мястэчку, у Смілавічах. А мая жонка — гарадскі чалавек. Ёй сумна, вясковы народ яе пужае, яна не разумее «алкагольную рамантыку» мясцовага насельніцтва. І каб сям’я не развалілася праз быт, мы вырашылі, што ў горадзе будзе кватэра, а яшчэ набудзем хай і невялікае, але лецішча, дзе я буду пісаць.

«НН»: У Вас элітная кватэра?

АК: Не, нават раён не элітны. Я жыву на Аўтазаводзе. Люблю архітэктуру гэтага раёна. Лічу, што гэта адзіны еўрапейскі раён у Мінску — такі Берлін. І мяне бянтэжыць, што там збіраюцца будаваць пачварныя шматпавярховікі.

«НН»: Суседзі пазнаюць?

АК: Адзін ведае, хто я і чым зай­маюся. Ён архітэктар, які праектуе тэатральныя залы. Дворнікі мяне адразу пазналі. Не ведаю, чаму менавіта яны. Вітаюцца пастаянна. Дапамагалі машыну адкопваць з­пад снегу.

Я быў бы мільянерам

«НН»: Пасля выхаду першай часткі «Любовь¬морковь», якая прынесла вядомасць, прайшло чатыры гады. Заробкі выраслі за гэты час?

АК: Зарабляю цяпер так, як зарабляюць мае калегі з першай дзясяткі расійскіх сцэнарыстаў. Сукупны збор фільмаў па маіх сцэнарыях — 71 млн даляраў. Гэта рэкорд сярод сцэнарыстаў на тэрыторыі СНД. Хаця, калі б я працаваў у Амерыцы і атрымліваў працэнты ад збораў, стаў бы ўжо мільянерам. Але тут гэта немагчыма.

«НН»: Зарабляеце дастаткова, каб пераехаць у Маскву ці любы заходнееўрапейскі горад. Што трымае ў Мінску?

АК: Можна сказаць пафасна пра любоў да гэтага горада. Кіно — гэта добра, але для мяне гэта не галоўнае. Мне куды важней зрабіць унёсак у беларускую літаратуру і мастацтва. Гэта не прыносіць ніякіх грошай і амаль ніякай вядомасці. Літаратура ў Беларусі — гэта маргінальны занятак. Але я разумею, што без літаратуры нацыі няма. Мае п’есы ўжо вывучаюцца ў школе і ва ўніверсітэтах. Але пакуль гэта не заўважна, бо «Любовь-морковь» усё перабівае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?