Аўтар знакамітага «Народнага альбому», чалавек году ў музыцы паводле гіт-параду «Тузін гітоў», Міхал Анемпадыстаў з той генэрацыі 40-гадовых творцаў, для якіх уласная творчасьць і «беларускае пытаньне» існуюць непарыўна. Напярэдадні канцэрту, прысьвечанага трохгодзьдзю музычнага парталу «Тузін гітоў» яго вядучы разважае пра карані і сучасны стан беларускай культуры, пра сілу і слабасьць айчыннай эліты і пра агульную атмасфэру жыцьця ў краіне.

– Міхале, думаю, вы згодныя з тым фактам, што Беларусь – сялянская нацыя і, натуральна, тут адпаведная культура. Нам трэба з гэтага камплексаваць?

– Я, вядома, не псыхатэрапэўт, але мне здаецца, што комплексы – гэта шкодная рэч, і іх трэба пазбаўляцца. Асобнаму чалавеку трэба пазбаўляцца комплексаў і цэлай нацыі – таксама. «Сялянскасьць» наша праяўляецца ў мэнтальнасьці, гэтыя рысы нацыянальнага характару закладзеныя вельмі глыбока. Яны заўсёды будуць прысутнічаць, іх цяжка пазбыцца і невядома, ці варта. Але калі мы гаворым пра беларускую культуру, то яе цяжка назваць сялянскай. Бо і першыя тэксты, напісаныя па-беларуску, і першыя спробы самаідэнтыфікацыі – усё гэта рабілася не сялянамі, а шляхтай. Культура наша мае шляхецкія карані і традыцыі. І тут ужо камплексаваць не выпадае, бо гэта традыцыі высокага кшталту.

– Ці можна сказаць, што цяпер беларуская культура зьяўляецца касмапалітычнай?

– Хутчэй постсавецкай.

– Таксама, як літоўская, ці культура ўсіх іншых народаў, што ўваходзілі ў СССР?

– Не, у параўнаньні зь Літвой у нас іншае становішча. Калі мы гаворым пра афіцыйную культуру, то ў нас яна набывае дзіўнаватыя гібрыдныя формы, сумесь савецкага афіцыёзу з сучаснай расейскай поп-культурай і псэўдабеларускім фолькам. Сучасная беларуская культурная мадэль не выглядае прывабнай. Яна стылёва неакрэсьленая і таму нязручная для самаідэнтыфікацыі. Кажучы прасьцей, быць беларусам ня надта хочацца, бо ня вельмі зразумела, што гэта такое, і нашто гэта патрэбна. Паўсюдна і заўсёды інтэлігенцыя, ці калі хочаце, інтэлектуальная эліта, захоўвае і памнажае культурную спадчыну, шукае адказаў на пытаньні, хто мы, адкуль і куды ідзем. Гэта супольная дзейнасьць. Гэта складаны пэрманэнтны працэс. Яго цяжка інсьпіраваць зьверху, але можна падтрымаць.

Ў гэтым і палягае розьніца паміж цяперашняй Літвой і Беларусьсю, што там гэтыя пытаньні ставіліся і ставяцца, і жыхары краіны маюць на іх адказы. Яны ведаюць, хто яны, яны маюць сваю прывабную і пазнавальную культурную мадэль. Гэта вынік калектыўнай творчасьці літоўскіх культурных і палітычных элітаў. І калі нехта кажа, што так было заўсёды, што яны, маўляў, балты, а мы славяне, хачу нагадаць, што немалую частку насельніцтва Вільні і Віленскага краю складаюць тамтэйшыя аўтахтоны – беларусы і палякі, а таксама выхадцы з нашых Ашмянаў, Смаргоні і іншых падобных гарадоў і мястэчак. І вось паміж заставацца беларусам ці стаць літоўцам яны абіраюць апошняе. Глядзяць там БТ, хваляць Лукашэнку, а дзеці іх ужо гавораць па-літоўску, у крайнім выпадку, па-польску. Мы дагэтуль не стварылі сваёй прывабнай культурнай мадэлі. Нашая праблема у тым, што значная частка інтэлектуальнай эліты альбо адсунутая ад культурнага будаўніцтва, альбо самаізалявалася, здрадзіўшы свайму пакліканьню.

– Таму што беларуская эліта слабая?

– Эліта на пустым месцы не ўтвараецца. У Беларусі на працягу 200 гадоў нацыянальную эліту пэрманентна вынішчалі. Пасьля кожнага паўстаньня ўсе гэтыя вяршкі здымаліся – людзі альбо караліся сьмерцю, альбо высылаліся ў Сібір, альбо проста пазбаўляліся свайго сацыяльнага статусу, альбо ўцякалі на эміграцыю. Так было да рэвалюцыі, і пасьля рэвалюцыі працягвалася тое ж самае. Прычым у пазьнейшыя часы зьнішчалася не толькі шляхта, якая традыцыйна захоўвала культурныя і цывілізацыйныя каштоўнасьці, зьнішчалася народная інтэлігенцыя – настаўнікі, пісьменьнікі, сьвятары. Але, так ці інакш, эліта – гэта лепшае ад астатняга па сваім вызначэньні. Заўсёды паміж роўных ёсць лепшыя, і інакш не бывае.

– Лічыцца, што калі ў нейкай краіне на культуру, на мастацтва ёсьць уціск з боку ўлады, дык інтэлектуальныя пошукі робяцца больш арыгінальнымі, чым там, дзе ёсьць поўная свабода. Вы згодныя з гэтым меркаваньнем?

– Я так ня думаю. Культура – гэта ўвогуле нешта такое, што зьмяняецца вельмі павольна і што нельга вырваць з гістарычнага кантэксту. Культура – гэта ня тое, што існуе толькі цяпер і тут. Яна бясконцая ў мінулым і таксама бясконца працягваецца ў будучыню. Таму ёсьць на яе ўціск ў канкрэтны момант, ці не – гэта ня так і важна па вялікім рахунку. Для культуры уціск збольшага шкодны, бо ён замінае натуральным эвалюцыйным працэсам. Для мастацтва ўвогуле неабходна, каб у грамадзтве адбываліся нейкія змены. Нават калі ўціск будзе, але пры гэтым будзе стагнацыя, – для мастацтва гэта дрэнна. Бо мастацтва ня можа эксплюатаваць адны і тыя ж вобразы, тэмы. Калі на працягу дзесяцігодзьдзяў у краіне нічога не адбываецца, калі ўсё застыла, новыя ідэі і тэмы ня могуць зьявіцца. Мастакі і паэты бяруць натхненьне і тэмы з паветра, выцягваюць з агульнай аўры. Не бывае так, што ты сядзіш-сядзіш і раптам нешта геніяльнае прыдумаў.

– Ведаю, што вы многа вандруеце па Беларусі. Якой вам пачуваецца агульная атмасфэра жыцьця, настрой людзей?

– У Беларусі дагэтуль жывуць эўрапейцы. Краіна наша фарміравалася ў эўрапейскім рэчышчы і, нягледзячы на 200 гадоў расейскага панаваньня і 70 гадоў савецкага, яна засталася эўрапейскай. Мне здаецца, людзі ў нас, прынамсі, выглядаюць як эўрапейцы, і шмат у чым паводзяць сябе як эўрапейцы. Пры ўсіх акалічнасьцях нашага жыцьця беларусы не выглядаюць запалоханымі, прыгнечанымі, убогімі і дурнымі. Яны абсалютна нармальныя. І ў той жа час адчуваецца нейкая пасіўнасьць. Людзі ня вераць, што будучыня будзе, павінна быць альбо на крайні выпадак, што яна можа быць лепшай, чым сучаснасьць. Да такой апатыі людзей падштурхоўвае гістарычны вопыт апошніх 200 гадоў. Усё, што беларусы пачыналі рабіць, на жаль, мела нэгатыўны вынік. Усе паўстаньні былі задушаныя. Спроба пабудаваць сваю дзяржаву на пачатку стагодзьдзя была таксама няўдалай. Вайна, рэпрэсіі… Усё так паўплывала на беларусаў, што яны цяпер лічаць за лепшае нікуды не лезьці, не высоўвацца, не прыкладаць намаганьняў. Па вялікім рахунку, гэта самае разумнае. Гэта дапамагае выжыць, і гэта разумна на ўзроўні адзінкі. Але абсалютна неразумна на ўзроўні супольнасьці. Каб супольнасьць рухалася наперад, каб у сваёй краіне жыць лепш, людзі павінны часам ахвяраваць уласнымі інтарэсамі. Але для гэтага ў іх павінна быць высокая матывацыя. Каб ахвяраваць прыватным дзеля супольнага, чалавек павінен мысліць катэгорыямі краіны, радзімы, народу. Мець сыстэму маральных і культурных каштоўнасьцяў. У тым і праблема, што гэтага нам бракуе. Калі няма самаідэнтыфікацыі, калі няма адчуваньня еднасьці як нацыі, калі ня лічацца за каштоўнасці свае ўласныя традыцыі, свой лад жыцьця, дык і няма за што змагацца.

Вось гэтым беларусы і розьняцца сёньня ад іншых эўрапейцаў. Эўрапейцы вераць у сваю будучыню, яны яе ствараюць, змагаюцца за яе, а беларусы – не. Мы, у адрозьненьне ад іншых, ня рухаемся наперад, мы нават на месцы не застаемся, бо гэта немагчыма, – заставацца на месцы. Мы рухаемся назад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?