У Маскве выкрадзены сын заснавальніка кампаніі «Лабараторыя Касперскага» Яўгена Касперскага — 20-гадовы Іван Касперскі. Яго месцазнаходжанне невядомае.

Іван Касперскі

Іван Касперскі

Выкрадальнікі схапілі яго раніцай 19 красавіка ў раёне прамзоны на паўночным захадзе Масквы, непадалёк ад скрыжавання праспекта Маршала Жукава і МКАД, калі Іван ішоў на працу. Сын стваральніка ахоўнай кампутарнай праграмы займаўся праектам сваёй дыпломнай працы і адначасова працаваў у кампаніі InfoWatch сваёй маці Наталлі Касперскай, сузаснавальніцы ЗАТ «Лабараторыя Касперскага». Яго выкралі проста побач з офісам.

У той жа дзень злачынцы звязаліся з яго бацькам па тэлефоне і запатрабавалі выкуп у 3 мільёны еўра,
паведамляе LifeNews. Яўген Касперскі, як толькі даведаўся пра гэта, вылецеў з Лондана ў Маскву.

У МДУ, дзе хлопец вучыцца на чацвертым курсе факультэта вылічальнай матэматыкі і кібернетыкі, заявілі, што да нядаўняга часу Іван наведваў універсітэт рэгулярна, а потым знік. «Апошні раз я яго бачыла два ці тры тыдні таму, калі ён у калідоры размаўляў са сваім выкладчыкам, — расказала адна з супрацоўніц ВНУ. — Да нас ужо прыходзілі з гэтай нагоды з праваахоўных органаў, але мы нічога не ведаем».

Адзначым, што ў сына спецыяліста па кампутарнай і інтэрнэт-бяспецы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» быў напісаны адрас яго пражывання з вуліцай і нумарам дома, з указаннем, што жыве ён там з 1991 года, а таксама адрас яго працы на станцыі метро «Строгіна».
Не выключана, што злачынцы сабралі інфармацыю пра Івана, выкарыстоўваючы такія адкрытыя крыніцы.

Як адзначае Marker, пасля таго, як стала вядома пра выкраданне Івана, яго асабістая старонка «Вконтакте» раптам змянілася. Налады прыватнасці зрабіліся жорсткімі да максімуму (схаваныя асабістыя дадзеныя, зачыненыя альбомы, забароненыя паведамленні і да т.п.). Пры гэтым карыстальнік Іван Касперскі некаторы час знаходзіўся ў анлайне. Адміністрацыя сацсеткі адмовілася каментаваць сітуацыю. Крыніца ў кампаніі паведаміла, што звычайна змены профіляў ў адсутнасць іх уладальнікаў робяцца на запыт праваахоўных органаў. Часам з такой просьбай звяртаюцца і сваякі ўладальніка профілю, таксама праз сілавікоў.

На пошукі выкрадальнікаў кінутыя ўсе магчымыя сілы: паліцыя, ФСБ, крымінальны вышук. Пакуль афіцыйна ў спецслужбах інфармацыю аб выкраданні Івана Касперскага не каментуюць, аднак пацвярджаюць, што Іван знік і ў Маскве вядуцца яго вышукі. «Першапачаткова яго вышукам займаліся супрацоўнікі спецслужбаў, праз два дні да пошукаў падключыліся супрацоўнікі паліцыі», — зазначыла ананімная крыніца.

Нагадаем, што, паводле дадзеных Forbes, Яўген Касперскі займае 125-е месца ў спісе расійскіх мільярдэраў з 800 млн даляраў. Яму належыць кантрольны пакет акцый кампаніі «Лабараторыя Касперскага», якая выпускае антывірусы і іншыя сродкі кампутарнай бяспекі.

Маці выкрадзенага Наталля Касперская — генеральны дырэктар «Лабараторыі Касперскага», паводле версіі часопіса «Фінанс», уваходзіць у спіс «50 самых паспяховых жанчын Расіі».

Яўген Касперскі знаёмы з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым, ён прымаў яго ў 2009 годзе ў сваім маскоўскім офісе, дзе прадэманстраваў галаве дзяржавы працу некалькіх падраздзяленняў сваёй лабараторыі.

«Лабараторыя Касперскага» ўваходзіць у топ-50 інавацыйных кампаній свету паводле версіі выдання Fast Company, займаючы ў ім 32-і радок і абышоўшы такіх канкурэнтаў, як Microsoft, Cisco і Samsung.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?