У гэтым годзе з сексуальнага рабства ў Турцыі вызвалена 12 беларусак. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу па выніках праведзенага ў Мінску 7-га пасяджэння беларуска-турэцкай сумеснай камісіі намеснік генеральнага дырэктара нацыянальнай паліцыі Турэцкай Рэспублікі Мехмет Такгоз.

Паводле яго слоў, асноўны акцэнт у супрацоўніцтве праваахоўных органаў Беларусі і Турцыі будзе зроблены на аператыўным абмене інфармацыяй, падрыхтоўцы спецыялістаў МУС Беларусі на базе турэцкіх навучальных устаноў.

У сваю чаргу першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Аляксандр Шчурко адзначыў, што апошнім часам у супрацоўніцтве паміж праваахоўнымі органамі Беларусі і Турцыі з'явіліся новыя напрамкі. "Калі ў канцы 90-х размова ішла аб сумесным процідзеянні міжнароднай арганізаванай злачыннасці, тэрарызму і нелегальнай міграцыі, то сёння мы абмяркоўвалі тры новыя тэмы - процідзеянне распаўсюджванню наркотыкаў, гандлю людзьмі і злачыннасці ў сферы высокіх тэхналогій", - сказаў ён.

Аляксандр Шчурко адзначыў, што турэцкія калегі аператыўна рэагуюць на просьбы беларускіх праваахоўных органаў. У якасці прыкладу ён прывёў затрыманне на тэрыторыі Турцыі па запыту беларускага боку двух грамадзян Беларусі, якія абвінавачваліся ва ўчыненні злачынстваў. Што датычыцца турэцкіх калег, то яны не звярталіся да праваахоўных органаў Беларусі з запытам аб вышуку злачынцаў, якія хаваюцца ў рэспубліцы, заўважыў першы намеснік міністра.

Аляксандр Шчурко даў высокую ацэнку супрацоўніцтву праваахоўных органаў дзвюх краін, у тым ліку і ў сферы барацьбы з гандлем людзмі. Так, турэцкімі калегамі была затрымана інтэрнацыянальная злачынная група, якая займалася вярбоўкай і вывазам у турэцкія бардэлі беларусак. Да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты чатыры грамадзяніны Турцыі і два грамадзяніны Беларусі.-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?