Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Гомельшчыны запланавалі паездку па пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС раёнах.

Як паведаміў кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, сябры дэмакратычных партый і аб’яднанняў вобласці сфармуюць дзве групы. Адна паедзе па маршруце Хойнікі — Брагін, іншая наведае Карму, Чачэрск і Ветку.

Васіль Палякоў:

— У гэтых населеных пунктах плануецца ўскладанне кветак і ўшанаванне памяці ахвяраў тэхнагеннай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Таксама, калі будзе магчымасць, мы паспрабуем наведаць тых людзей, якія жывуць у забруджанай зоне. Будзем удакладняць і дазнавацца пра ўмовы жыцця жыхароў пацярпелых раёнаў. Справа ў тым, што гэтая катэгорыя людзей фактычна кінутая ўладамі. Чарнобыльская праблематыка, нягледзячы на тое, што наступствы аварыі не пераадоленыя (іх, зрэшты, і немагчыма пераадолець), замоўчваецца. Наадварот, усё робіцца для таго, каб нічога не прадпрымалася для дапамогі людзям.

Прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў вобласці падавалі заяўку ў гарвыканкам на правядзенне ў Гомелі антыядзернага мітынга. Але дагэтуль ад выканаўчых уладаў няма аніякага адказу.

Незалежна ад рашэння гарадскога кіраўніцтва, распавёў Васіль Палякоў, мясцовыя дэмакраты 26 красавіка ўскладуць вянкі і кветкі да Чарнобыльскай каплічкі ля абласнога ўпраўлення МНС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?