Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 14 снежня прынялі ў першым чытанні праект закона Рэспублікі Беларусь «Аб іпатэцы».

Як паведаміў, прадстаўляючы законапраект, першы намеснік міністра эканомікі Пётр Жабко, гэты дакумент павінен стаць асновай для развіцця іпатэчнага заканадаўства ў Беларусі. Існуючага цяпер у краіне заканадаўства недастаткова для эфектыўнага функцыянавання іпатэкі.

Ён праінфармаваў, што на сёння адносіны па іпатэцы ў рэспубліцы рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам, законам «Аб залогу» і шэрагам іншых нарматыўна-прававых актаў. «Яны замацоўваюць толькі агульныя палажэнні, што рэгулююць адносіны па іпатэцы, некаторыя з нарматыўных актаў ужо ўстарэлі і не адпавядаюць патрабаванням сучаснага жыцця», - адзначыў ён.

У законапраекце «Аб іпатэцы» адлюстраваны падставы ўзнікнення іпатэкі, а таксама маёмасць, якая можа быць прадметам іпатэкі, абавязацельствы і патрабаванні, што забяспечваюцца іпатэкай, асаблівасці дагавора аб іпатэцы, паняцце закладной як каштоўнай паперы, парадак пераходу правоў на прадмет іпатэкі да іншых асоб, парадак накіравання спагнання на маёмасць, якая з’яўляецца прадметам дагавора аб іпатэцы, асаблівасці іпатэкі асобных відаў маёмасці і іншае.

Як адзначыў Пётр Жабко, гэты закон створыць аснову, на якой будзе фарміравацца заканадаўства ў галіне доўгатэрміновага іпатэчнага крэдытавання, у тым ліку жыллёвага. Прыняцце законапраекта дасць магчымасць пашырыць магчымасці набыцця жылля грамадзянамі, стварыць базу для прыцягнення зберажэнняў насельніцтва ў жыллёвы сектар, забяспечыць развіццё будаўнічага комплексу і спадарожных галін, стымуляваць развіццё банкаўскай дзейнасці, а таксама будзе садзейнічаць агульнаму развіццю эканомікі.

За аснову пры распрацоўцы гэтага законапраекта, дадаў першы намеснік міністра эканомікі, былі ўзяты распрацоўкі інстытута «Будэканоміка» і вопыт замежных краін, перш за ўсё Расійскай Федэрацыі.

Фота corbis.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?