У Атланты не засталося гістарычнага цэнтра. Падчас Грамадзянскай вайны горад быў спалены цалкам. Цяпер Атланта -- гэта дзелавы цэнтр амерыканскага Поўдня.

У Атланты не засталося гістарычнага цэнтра. Падчас Грамадзянскай вайны горад быў спалены цалкам. Цяпер Атланта -- гэта дзелавы цэнтр амерыканскага Поўдня.

 У Амерыцы шануюць не толькі пераможцаў, але і пераможаных. Барэльеф у гонар войскаў Канфедэрацыі ў парку "Стоўн-Маўнцін"

У Амерыцы шануюць не толькі пераможцаў, але і пераможаных. Барэльеф у гонар войскаў Канфедэрацыі ў парку "Стоўн-Маўнцін"

 Месца пахавання Марціна Лютэра Кінга.

Месца пахавання Марціна Лютэра Кінга.

 У Атланце месціцца адзін з найбольшых акварыумаў у свеце.

У Атланце месціцца адзін з найбольшых акварыумаў у свеце.

Ні пажарам, ні янкі не зламаць

У абсалютнай большасці маіх знаёмых пры ўзгадванні горада Атланта першая асацыяцыя — «Знесеныя ветрам» Маргарэт Мітчэл. Частка падзей рамана адбываецца менавіта ў сталіцы штата Джорджыя.

Лёс галоўнай гераіны Скарлет О’Хары выкладаецца на фоне трагічных падзей другой паловы XIX стагоддзя. Менавіта Атланта ў час Грамадзянскай вайны стала цэнтрам Канфедэрацыі адзінаццаці рабаўладальніцкіх штатаў Поўдня.

Для войскаў Поўначы было вельмі важна захапіць менавіта Атланту. Узяўшы горад, яны б маглі зламаць баявы дух канфедэратаў. Бітва за Атланту адбывалася на працягу ўсяго лета 1864 года.

«Спякотнымі вільготнымі летнімі начамі дзверы ўсіх дамоў у Атланце былі адчыненыя насцеж для воінаў — абаронцаў горада. Усе багатыя дамы — ад вуліцы Вашынгтона да Персікавай вуліцы — ззялі агнямі: там прымалі перапэцканых акопным брудам салдат, і ў ціхім начным паветры далёка разносіліся гукі банджо і скрыпак», — так апісвае першыя дні аблогі Атланты Маргарэт Мітчэл.

Сёння ў горадзе ёсць невялікі музей гэтай пісьменніцы. Спачатку ўражваешся гэтым прыгожым трохпавярховым домам. Потым аказваецца, што ў ім Мітчэл мела толькі два пакоі, дзе і жыла са сваім другім мужам. У такіх умовах яна і напісала свой раман. Зрэшты, Мітчэл ніколі не думала, што ён стане настолькі папулярным. Яна пісала «Знесеных ветрам» проста для сваіх знаёмых. Мітчэл загінула ў 49 гадоў пад коламі аўтамабіля.

Калі вяртацца да гістарычных падзей, то аблога Атланты скончылася паспяхова для войскаў Поўначы. 2 верасня армія генерала Уільяма Шэрмана ўвайшла ў Атланту. Праз два месяцы ім жа быў аддадзены загад спаліць горад.

«Шэрман вёў свае войскі праз Джорджыю ад Атланты да мора. Ззаду ляжалі спаленыя руіны Атланты: пакідаючы горад, сінія мундзіры аддалі яго агню», — так апісвае гэта Мітчэл.

Ці не ўпершыню тады на амерыканскім кантыненце была ўжытая тактыка «выпаленай зямлі». Цікава, што ў той самы час гэты самы метад па іншы бок Атлантыкі прымяняў віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў. Тактыка «выпаленай зямлі» ўжывалася супраць шляхецкіх ваколіц заходняй Беларусі, дзе падтрымка паўстанцаў была найбольшай. Сем’і высылалі ў Сібір, а ваколіцы цалкам знішчаліся.

«Я сама, як Атланта. Ні пажарам, ні янкі мяне не зламаць», — такія словы ў вусны Скарлет О’Хары ўклала пісьменніца. Але сапраўды, пасля разбурэнняў вайны жыхары Атланты хутка ўзяліся за справу, аднаўляючы горад. Доўгі час менавіта Атланта была горадам, які найбольш імкліва развіваўся. Сёння гэта зноў найбольшае паселішча амерыканскага Поўдня, яго дзелавы цэнтр.

Стоўн Маўнцін

Разам з тым, Грамадзянская вайна застаецца тэмай, якую непажадана закранаць у размовах з амерыканцамі. Занадта ўжо неадназначная гэта старонка ў гісторыі Поўдня.

Сёлета, дарэчы, будзе юбілей пачатку Грамадзянскай вайны — 150 гадоў. Але ніякіх мерапрыемстваў з гэтай нагоды амаль не плануецца. Нібыта і не было ў гісторыі такіх падзей.

У адзін з дзён перабывання ў Атланце мы накіраваліся ў парк «Стоўн Маўнцін». Гэта зусім недалёка ад горада. Яшчэ ў 1950-я тут былі прыватныя ўладанні, але ўрэшце ўсё было выкуплена штатам пад парк. Справа ў тым, што нейкім неверагодным чынам у гэтай мясцовасці з’явілася немалая гранітная гара. Ніякіх іншых гор побач няма. Дарэчы, мясцовыя называюць яе Лысай. Але гэта не палохае іх. Атлантцы з вялікім задавальненнем праводзяць там пікнікі, адпачываюць.

Асаблівы шарм гэтай гары надае высечаны на ёй барэльеф у гонар войскаў Канфедэрацыі. На ім выбітыя выявы прэзідэнта паўднёвых штатаў Джэферсана Дэвіса, а таксама генералаў Лі і Джонсана. Барэльф настолькі аграмадны, што толькі ў храпе каня мог бы змясціцца чалавек.

Дзіўная гэтая краіна Амерыка. Не магу сабе ўявіць, каб так за савецкім часам былі ўшанаваныя, скажам, слуцкія паўстанцы. Бок, які прайграў у вайне, ушанаваны па ўсіх правілах. Памяць пра яго не спрабуюць зацерці, а, наадварот, паказваюць як годнага суперніка.

Увогуле ж, Стоўн Маўнцін — гэта нешта кшталту нашых Дудутак ці славутага стакгольмскага Скансэна. Сюды звозілі будынкі, прылады працы, музычныя інструменты і іншыя прадметы з розных куткоў амерыканскага Поўдня. Вось і ўтвараецца такая дзяржава ў мініяцюры.

Ёсць тут нават свая плантацыя. З домам гаспадара, лекара, рабоў, фермай. А яшчэ тут паўсюль растуць магноліі.

«У мяне ёсць мара»

Сённяшняя Атланта ў значнай частцы — горад з цемнаскурым насельніцтвам. Калі ў цэнтры прапорцыі паміж белымі і чорнымі яшчэ больш-менш вытрыманыя, то бліжэй да ўскраін яны парушаюцца на карысць апошніх.

Напрыклад, у нью-ёркскім метро нам настойліва не рэкамендавалі глядзець неграм у вочы, каб не адбыўся які інцыдэнт. А ў Атланце цемнаскурыя абсалютна разняволеныя і не агрэсіўныя. У паўднёвых штатах яны адчуваюць сябе надзвычай камфортна. Хоць здавалася б, за іх правы змагаліся якраз на Поўначы.

Менавіта з Атланты некалі і пачаўся рух чорных за раўнапраўе, барацьба з расізмам і сегрэгацыяй. У іх быў свой яскравы харызматычны лідар — Марцін Лютэр Кінг.

Гэты, напэўна, самы вядомы ў свеце баптысцкі прапаведнік якраз з Атланты. Ён вырас у квартале для багатых чорных. Тут жылі ў асноўным лекары, выкладчыкі ўніверсітэтаў, святары. Хата Кінга побач з царквой, дзе ён і служыў. Тут яго і пахавалі. Магіла знаходзіцца на пастаменце ў невялічкім вадаёме з блакітнай вадой. Разам з ім пахаваная жонка.

Лютэр Кінг быў прыхільнікам негвалтоўнай барацьбы за правы чорных, ён заклікаў да акцый непадпарадкавання. Гэты чалавек узначальваў памяркоўнае крыло ў змаганні за правы афраамерыканцаў. Зусім іншыя метады прапаноўваў Малколм Ікс, які марыў пра рэкі крыві белых людзей на амерыканскіх вуліцах. Да прыхільнікаў Ікса належаў сусветна вядомы баксёр Мухамед Алі.

Метады Кінга былі блізкія да метадаў Гандзі. У 1963 годзе ў Вашынгтоне з прыступак мемарыяла Лінкальна Марцін Лютэр Кінг чытаў сваю славутую прамову «У мяне ёсць мара». Яе слухала 300 тысяч амерыканцаў. У прамове Кінг заклікаў спыніць расавае супрацьстаянне.

Кінга забілі ў 1968 годзе, калі ён стаяў на балконе гатэля ў Мемфісе. Ягоны забойца быў асуджаны на 99 гадоў турмы. Ён запэўніваў, што дзейнічаў адзін, хоць многія бачаць у гэтым змову. Трэці панядзелак студзеня ў ЗША лічыцца днём Марціна Лютэра Кінга і адзначаецца як дзяржаўнае свята.

Радзіма кока-колы

Калі казаць персанальна пра мяне, то пра існаванне горада Атланта я даведаўся ў 1996 годзе. Тады там якраз праходзілі Алімпійскія гульні. Папярэдне быў нават аб’яўлены конкурс, паводле якога трэба было сабраць пяць коркаў з алімпійскімі колцамі ад кока-колы і даслаць арганізатарам. Я так і зрабіў, але нічога не выйграў. Нават пыласос, не кажучы ўжо пра саму паездку.

Калі праз пятнаццаць гадоў пасля тых падзей трапіў у Атланту, то прамінуць магчымасць прагуляцца па Алімпійскім парку не мог. Тут ёсць помнік заснавальніку сучаснага алімпійскага руху П’еру дэ Кубертэну, моладзь гуляе на траве ў фрысбі, а малыя бегаюць у струменях фантана. Праз парк праходзіць замошчаная цэглай дарожка. На кожнай цагліне — нейкае імя ці назва арганізацыі. Аказваецца, гэта імёны ўсіх жадаючых, хто заплаціў за такую паслугу і забраніраваў месца. Сустракаў там і славянскія прозвішчы, напрыклад, Сасноўскі.

Дарэчы, якраз Атланта з’яўляецца радзімай кока-колы. Пра гэта вам з ахвотай раскажуць у музеі, прысвечаным гэтаму напою. Вынаходнікам кока-колы быў ветэран Грамадзянскай вайны Джон Пембертан (ясная справа, змагаўся за канфедэратаў). У баях ён атрымаў цяжкую траўму, пасля чаго палюбіў морфій. Аднак Пембертан разумеў, што ад такой залежнасці трэба пазбаўляцца. Зрэшты, ён не прыдумаў нічога лепшага, як змешваць коку з рознымі вінамі.

Потым Джону давялося прыбраць віно са свайго вынаходніцтва, бо ў Штатах абвясцілі сухі закон. Прыкладна так кока-кола і была прыдуманая. Пембертан памёр праз два гады пасля свайго адкрыцця, а мы п’ём яе па сённяшні дзень.

Цікавая асаблівасць амерыканцаў — вада ці кола, па вызначэнні, з лёдам. Хочаш без яго — трэба адразу папярэджваць. У Атланце ёсць і свае кулінарныя асаблівасці. У горадзе варта пакаштаваць нешта з луізіянскай кухні. Там абавязкова мусіць быць сельдэрэй, зялёны перац і цыбуля. Ну а з гэтай «святой тройцай» усё астатняе — мяса, рыба, крэветкі.

Дарогі і музыка Поўдня

У Атланце разумееш, што ты на Поўдні, з усімі яго выцякаючымі. У параўнанні з утульным Вашынгтонам Атланта менш дагледжаная і зялёная. На вуліцах стаяць драўляныя электрычныя слупы, чаго амаль ужо няма нават у Беларусі.

Дарогі таксама пакідаюць жадаць лепшага: то тут яма, то там калдобіна. Аўтамабілі — гэта ўвогуле аграмадны галаўны боль атлантцаў. Заторы тут — будзённая справа. Гэта пры тым, што з горада і ў горад вядуць шырачэзныя аўтамагістралі. Здавалася б, новыя палосы для руху дазволяць праязджаць дыстанцыю хутчэй. На справе ж выходзіць, што дадатковыя палосы прыводзяць да звужэння панятка прыгарада, адкуль людзі могуць ездзіць у Атланту на працу. Павялічваюцца дарогі — павялічваецца і колькасць ахвотных па ёй ездзіць. Тутэйшыя смяюцца, што праблему можа вырашыць хіба радыкальнае павышэнне цэнаў на паліва.

У Атланце давялося пабываць на тэлеканале CNN. Аграмадная карпарацыя, дзе ніхто не стаіць на месцы, усё ў пастаянным руху. Супрацоўнік Пітэр Вайд расказваў пра спецыфіку працы на CNN. Кажа, што працуе да позняга вечара, у выхадныя таксама прыходзіць на працу. Ніхто дадаткова за гэта яму не даплачвае. Проста баіцца пакінуць сваю працу на некага іншага, хто можа выканаць яе менш якасна.

У кадрах тэлеканала ў той час мільгалі падзеі ў Лівіі, землятрус у Новай Зеландыі, забойства амерыканцаў у Самалі. Мяне ж не адпускала думка пра адсутнасць чалавека ў цяперашніх тэлевізійных навінах. Тут ёсць рэвалюцыі, стыхійныя бедствы, маньякі, спорт. Але няма чалавека, на якога хочацца быць падобным.

Урэшце рэшт, не трэба забывацца, што Джорджыя, як і іншыя паўднёвыя штаты ЗША, славіцца сваёй музыкай. Тут нарадзіўся славуты сляпы блюзмен Рэй Чарльз. Менавіта ён і напісаў гімн гэтага штата Georgia On My Mind.

***

Неймаверная Амерыка. І. Аклахома, як яна ёсць

Неймаверная Амерыка. ІІ. Сацыялістычная рэспубліка Сіэтл

Неймаверная Амерыка. ІІІ. Новая антычнасць Вашынгтона

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?