Міліцыя і КДБ сарвалі сустрэчу сяброў Беларускай Асацыяцыі Агенцтваў Рэгіянальнага Развіцця.
Як паведаміў «Нашай Ніве» намеснік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў, сёння, 28 красавіка ў Жодзіне ў прыватным доме адбывалася сустрэча сяброў Беларускай Асацыяцыі Агенцтваў Рэгіянальнага Развіцця (БЕЛАРДА) з калегамі з Украіны. Прыблізна а 13-й гадзіне ў дзверы пачалі грукаць міліцыянты. З імі былі супрацоўнікі МНС і чалавек у цывільным, які не прадставіўся. Прысутных на сустрэчы, у тым ліку двух украінцаў адвезлі ў райаддзел міліцыі, дзе яны цяпер знаходзяцца.
Сярод затрыманых — барысаўскі актывіст Сяргей Салаш, эканаміст Зміцер Бабіцкі з бацькам, старшыня Барысаўскай гарадской арганізацыі АГП Міхась Васільеў, актывіст незалежнага прафсаюза Мікалай Пахабаў, украінцы Раман Кобец і Сяргей Панцыр. Па словах Ігара Лялькова, украінскаяе пасольства ўжо ведае пра затрыманне сваіх грамадзянаў.
Нагадаем, што ўчора Сяргей Салаш паведамляў пра сачэнне за ім і Міхасём Васільевым.
***
14.30
Як паведаміў «НН» Ігар Лялькоў, у затрыманых узялі тлумачэнні і вызвалілі іх.