Ад 29 красавіка да 15 мая ў Славакіі пройдзе 75-ы чэмпіянат свету па хакеі. Славакія ўпершыню самастойна прымае першынства. Хаця двойчы (1959, 1992) спаборніцтвы праходзілі ў Браціславе ў часы існавання Чэхаславакіі.

Беларуская зборная за апошні год апусцілася ў рэйтынгу з дзявятай пазіцыі на дзясятую. Гэта адкінула яе ў групу B. Цікава, што разам з намі ў кампанію трапілі краіны, дзе французская мова мае статус дзяржаўнай, — Канада, Швейцарыя і Францыя.

Канадцы на мінулым чэмпіянаце выступілі не дужа ўдала, таму прагнуць рэваншу. Па швейцарцах беларусы заўсёды мерылі сваё хакейнае майстэрства. Гэта зборныя прыкладна аднаго ўзроўню. А вось Францыю трэба перамагаць.

Для таго, каб выйсці з групы, дастаткова не заняць у ёй апошняе месца. Гэта дазволіць трапіць у так званы кваліфікацыйны раўнд, дзе супернікамі будуць тры найлепшыя каманды з групы С. Там гуляюць Швецыя, ЗША, Нарвегія і Аўстрыя.

Свае матчы беларусы правядуць не ў сталіцы, а ў горадзе Кошыцы на мясцовай «Стыл-Арэне». Яна змяшчае 8340 гледачоў. Для прыкладу, у нашай «Мінск-Арэне» ўмяшчальнасць больш за 15 тысяч. Браціслаўская «Самсунг-Арэна» таксама невялікая — 10 тысяч.

Кіраваць зборнай у Славакіі будзе 42-гадовы Эдуард Занкавец. За апошні год ён моцна вырас як трэнер. Цяпер ён ужо не разглядаецца як проста тэхнічная замена канадскіх спецыялістаў.

На мінулым чэмпіянаце ў Германіі беларусы былі толькі дзясятымі. Сёлета ад іх чакаюць нашмат лепшага выніку.

З чатырох НХЛ-аўцаў да зборнай даехаў толькі Міхаіл Грабоўскі. Браты Касціцыны і Руслан Салей змагаюцца за Кубак Стэнлі. Гэты прэстыжны трафей яшчэ не выйграваў ніводзін беларус.

На чэмпіянаце зборная Чэхіі паспрабуе захаваць тытул чэмпіёнаў, але зрабіць гэта будзе нялёгка. Расія, Канада, Швецыя, Фінляндыя таксама настроеныя на перамогу.

Расклад матчаў зборнай Беларусі

29 красавіка (пятніца). Беларусь — Канада. Пачатак у 21:15.

1 мая (нядзеля). Швейцарыя — Беларусь. Пачатак у 21:15.

3 мая (аўторак). Францыя — Беларусь. Пачатак у 21:15.

Для тых, хто не зможа падтрымаць зборную ў Славакіі, будуць простыя трансляцыі на тэлеканале «Лад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?