Сваю адмову арганізатар мерапрыемства РУП «Дом прэсы» фактычна нічым не патлумачыў.
Летась незалежная прэса з рэгіёнаў удала дэбютавала на выставе.
«У сувязі з арганізацыйна-тэхнічнымі прычынамі РУП “Дом прэсы” не мае магчымасці выканаць дамоўныя абавязкі ў частцы прадастаўлення зарэзерваванай выставачнай плошчы для ўдзелу Вашай арганізацыі ў XV Міжнароднай спецыялізаванай выставе “СМІ ў Беларусі”», — сказана ў лісце ад 27 красавіка за подпісам дырэктара Віталя Назаранкі.
У мінулым годзе Асацыяцыя рэгіянальнай прэсы ўпершыню і даволі паспяхова прыняла ўдзел у выставе «СМІ ў Беларусі»: па выніках мерапрыемства ёй нават быў уручаны дыплом за лепшы дэбют за подпісам міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага.
Асацыяцыя рэгіянальнай прэсы «Аб'яднаныя масмедыя» была зарэгістраваная ў 2009 годзе. Яна аб'ядноўвае выдаўцоў звыш 20 незалежных рэгіянальных газет. Большасць з іх у 2006 годзе было выключана з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду. Многім з іх так і не атрымалася ў яе вярнуцца.
XV Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі» пройдзе ў павільёне Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭКСПА» з 4 па 7 мая 2011 года.
Глядзі яшчэ: «Многія са здзіўленнем даведаліся, што ёсць такія газеты, як «Газета Слонімская» ці «Intex-press».