Фінансаванне веснавой пасяўной кампаніі гэтага года павялічылася на 1,2 трлн. рублёў — да 4,8 трлн.,
паведаміў на прэс-канферэнцыі 28 красавіка ў Мінску намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Паўлоўскі.

Гэта адбылося, паводле яго слоў, «у сувязі з падаражаннем паліва і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў (тэхнікі і запчастак)».

Чыноўнік зазначыў, што на правядзенне веснавой пасяўной кампаніі Мінскі гарвыканкам выдзеліў Мінсельгасхарчу гадавую пазыку ў 100 мільярдаў рублёў, 200 мільярдаў міністэрства ўзяло ў крэдыт, яшчэ 400 было выдзелена з абласных бюджэтаў і сельгаспрадпрыемстваў.

«Банкамі тыя крэдытныя рэсурсы, якія планаваліся па паліве і па набыцці тэхнікі, ужо выконваюцца, — сказаў Паўлоўскі. — Сёння фінансаванне складае 2,8 трыльёна рублёў, гэта значыць, што большая частка прафінансаваная. Але гэта не сведчыць пра тое, што ўсе 4,8 трыльёна павінны быць накіраваныя да мая».

Частка сродкаў, паводле слоў намесніка міністра, будзе выдзеленая на набыццё апырсквальнікаў, машын для ўнясення мінеральных угнаенняў, а таксама на сродкі аховы раслін, якія будуць унесеныя ў чэрвені-ліпені, і дадатковыя мінеральныя ўгнаенні.

Адметнай асаблівасцю пасяўной кампаніі гэтага года чыноўнік назваў той факт, што забяспечанасць сельскай гаспадаркі дасягне 100% неабходнага аб’ёму.

«За апошнія пяць гадоў мы не мелі стопрацэнтнага забеспячэння, — сказаў ён. — Зараз у нас фосфару 102%, калію — 104% (па асобных абласцях і раёнах — 110%), азоту — 89%».

Паўлоўскі зазначыў, што на працягу мая павінна быць набыта яшчэ 55 тысяч тон азотных угнаенняў — аб’ём, які давядзе ўзровень забяспечанасці ў мінеральных угнаеннях да стопрацэнтнага ўзроўню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?