Увядзенне іпатэчнага крэдытавання не спыніць рост цэн на жыллё. Але гэты інстытут стане ў Беларусі дзеючым механізмам павелічэння магчымасцей грамадзян пабудаваць сабе жыллё. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра эканомікі Пётр Жабко, прадстаўляючы 14 снежня ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраект аб іпатэцы.
Ён адзначыў, што цэны на жыллё "тады будуць нармальныя, калі попыт і прапанаванне на яго ўраўнуюцца". Пакуль гэтага няма, жылля для чаргавікоў не хапае. Цяпер у Мінску, напрыклад, жыллё атрымліваюць грамадзяне, якія сталі на чаргу ў 1987 годзе.
У ходзе абмеркавання законапраекта дэпутаты ўзнялі пытанне продажу жылля грамадзянамі, якія атрымалі яго як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. За апошнія гады ў Мінску прададзена больш як 600 тыс.кв.м жылля, пабудаванага з выкарыстаннем льготных 5-працэнтных крэдытаў. Прыняцце закона аб іпатэцы дасць магчымасць у далейшым не дапусціць такіх сітуацый, лічаць дэпутаты.