Музычны фэстываль Be2gether у гэтым годзе не адбудзецца. Прычына — валютны крызіс у Беларусі, а таксама праблема з фінансаваннем фэсту з еўрапейскага боку. Арганізатары абяцаюць правесьці пяты Be2gether у годзе наступным.

«Мінулы год паказаў, што фестывалю на літоўскім рынку яшчэ цяжка выжыць выключна за кошт продажу білетаў. Ён патрабуе значных інвестыцый», — заявіў літоўскаму выданню 15min.lt бізнэсмен Гедрус Клімкявічус, які папярэднія чатыры гады займаўся арганізацыяй фэсту.

«Мы падалі заяўкі і ўсё яшчэ чакаем адказу з еўрапейскіх фондаў. Вядзем перамовы аб інвестыцыях з Украінай, але пакуль не знайшлі рашэнне, якое б задаволіла абодва бакі. Але час не чакае. На прыняцце рашэння аб фэстывалі гэтага году паўплывала і дэвальвацыя рубля ў Беларусі» — сказаў Клімкявічус.

Каля траціны наведвальнікаў прыязджала на Be2gether з Беларусі.

Фестываль Be2gether чатыры гады запар праходзіў на мяжы з Беларуссю ля маёнтка вядомага літоўскага бізнэсмена Гедруса Клімкявічуса. У мінулым годзе яго ўдзельнікамі сталі каля 8 тысячаў чалавек. У найбольш паспяховыя гады колькасць гледачоў дасягала 11 тысячаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?