У Нацыянальным гістарычным музеі завершана рэстаўрацыя кнігі «Апостал», надрукаванай пасля 1595 года ў віленскай друкарні Мамонічаў,
паведаміў вядучы навуковы супрацоўнік музея Юрась Лаўрык.

Фаліянт памерам 29,5 см на 18,5 см адрэстаўраваны на сродкі ААТ «Белзнешэканамбанк», які закупіў неабходныя матэрыялы для аднаўлення выдання, у тым ліку спецыяльную каштоўную паперу для запаўнення стратаў і скуру для пакрыцця аправы. Больш за год рэстаўрацыю ажыццяўляў майстар Андрэй Крапіўка з дапамогай жонкі Ірыны Зялёнай-Крапіўкі.

Як паведаміў Лаўрык, музей закупіў кнігу ў прыватнай асобы ў 2001 годзе. «Мы вырашылі адрэстаўраваць менавіта гэты ўнікальны экзэмпляр у вельмі пашкоджанай аправе, тым больш што мамоніцкія выданні з’яўляюцца знакавымі для беларускай культуры», — адзначыў Лаўрык.

Паводле яго слоў, гэтае выданне «Апостала» захоўваецца ў зборах музея толькі ў адным экзэмпляры. На сёння вядомыя яшчэ тры экзэмпляры гэтага выдання, якія знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сказаў навуковы супрацоўнік музея.

Ён паведаміў, што адноўлены фаліянт

з 17 мая запланавана дэманстраваць на выставе новых паступленняў у Нацыянальным гістарычным музеі.

Паводле яго слоў, зараз Андрэй Крапіўка займаецца аднаўленнем больш ранняга выдання «Апостала», надрукаванага беларускім і ўкраінскім першадрукаром беларускага паходжання Іванам Фёдаравым у 1574 годзе ў Львове (Украіна).

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?