Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч лічыць, што беларускі ўрад неабходна адправіць у адстаўку, правесці дэвальвацыю і ўвесці расійскі рубель.
Пра гэта ён заявіў 29 красавіка ў Мінску на 13-м, пазачарговым, з’ездзе партыі.

Па словах Гайдукевіча, «трэба сказаць праўду: у краіне дэвальвацыя, сярэдні і малы бізнес згортваецца». «Чаму ніхто ва ўрадзе не скажа праўду? Трэба здымаць ўрад заўтра. Прэзідэнт не павінен гэтага баяцца», — заявіў ён.

Лідэр ЛДП лічыць, што ў Беларусі неабходна ўводзіць расійскі рубель. «Мы гэта казалі яшчэ 10 гадоў таму. Нас падтрымае ўся краіна. У крызіс Еўропу выратавала менавіта адзіная валюта», — падкрэсліў ён.

На думку Гайдукевіча, пра страты суверэнітэту ў выпадку ўвядзення расійскага рубля могуць казаць толькі непісьменныя людзі. «Наадварот, мы яго толькі ўмацуем. Расійскі рубель дасць энерганосьбіты па ўнутрырасейскіх цэнах», — сказаў ён.

Палітык паведаміў, што пасля з’езда плануецца накіраваць зварот прэзідэнту, дзе будзе выказаная пазіцыя ЛДП па расійскім рублі.

«Хопіць верыць ў эканамічныя цуды. Усе цуды ў Расіі», — заявіў Гайдукевіч. Паводле яго слоў, Беларусь — «еўрапейская дзяржава, але ў нас карані ў Расіі».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?