Эканаміст Аляксандр Чубрык сістэматызаваў хаатычныя дзеянні беларускіх уладаў па змаганні (фактычна — па спрыянні) з валютным крызісам.

26/04/2011. Прэс-рэліз НББ: «Нацыянальны банк паведамляе, што зараз няма неабходнасці ўвядзення дадатковай сесіі на таргах ААТ „Беларуская валютна-фондавая біржа“. Адкрыццё альтэрнатыўных у адносінах да асноўнай сесіі таргоў патрабуе выканання значнай падрыхтоўчай працы тэхнічнага характару, а таксама стварэння ўсіх умоў, неабходных для ўстойлівага і эфектыўнага функцыянавання дадатковай сесіі».

21/04/2011. Банкам вусна «рэкамендавана» не гандляваць валютай па курсе вышэй 4500–4600 рублёў за даляр, пасля чаго таргі на міжбанкавым рынку спыніліся (адсутнічаюць заяўкі на продаж валюты).

22/04/2011. Начальнік Галоўнага ўпраўлення валютнага рэгулявання НББ: у маі плануецца ўніфікацыя курсу («справядлівы» курс — 3800 рублёў за даляр).

21/04/2011. Віцэ-прэм’ер Румас: дадатковая сесія будзе адкрыта з 26–27 красавіка. Чакаемы ёй курс — 3800–4100 рублёў за даляр

19/04/2011. Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка: «НББ адмяняе раней накіраваны банкам ліст пра максімальнае 10%-ае адхіленне пры фарміраванні курсу беларускага рубля ў міжбанкавым сектары; будзе адкрыта дадатковая гандлёвая сесія на БВФБ.

31/03/2011. Прэс-рэліз НББ: «Нацыянальны банк цалкам выключае магчымасць правядзення разавай істотнай карэктоўкі абменнага курсу беларускага рубля».

30/03/2011. НББ дазволіў беларускім імпарцёрам свабоднае правядзенне плацяжоў у беларускіх рублях, расійскіх рублях і тэнге на карысць суб’ектаў гаспадарання Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан за набытае імпартнае абсталяванне.

29/03/2011. НББ прапанаваў банкам здзяйсняць угоды куплі-продажы замежнай валюты паміж банкамі і суб’ектамі гаспадарання па курсе, які адхіляецца ад афіцыйнага курсу не больш чым на 10% (да гэтага дзейнічала абмежаванне ў 2%). Абмежаванне ў ±2% для аперацый з наяўнай валютай захавана.

23/03/2011. З 1 красавіка 2011 года адмяняецца 30-дзённае рэзерваванне сродкаў у беларускіх рублях на куплю замежнай валюты на таргах БВФБ.

21/03/2011. НББ перастаў прадаваць валюту камерцыйным банкам для продажу яе насельніцтву.

16/03/2011. Нацыянальны банк з 16 сакавіка 2011 г. дазволіў беларускім імпарцёрам свабоднае правядзенне авансавых плацяжоў па замежнагандлёвых

дамовах на карысць суб’ектаў гаспадарання Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан.

16/03/2011. У адпаведнасці з рашэннем Праўлення БВФБ з 16 сакавіка 2011 г. тэрмін рэзервавання сродкаў у беларускіх рублях на куплю замежнай валюты на біржавых таргах часова павялічваецца да 30 каляндарных дзён.

15/03/2011. Прэс-рэліз НББ: «У сувязі са з’яўленнем у апошні час правакацыйных чутак пра магчымую рэзкую дэвальвацыю нацыянальнай валюты, якія атрымалі шырокі распаўсюд дзякуючы асобным сродкам масавай інфармацыі і сеткі інтэрнэт, Нацыянальны банк паведамляе, што дадзеныя чуткі ніякім чынам не адпавядаюць рэчаіснасці. Акрамя таго, змены абменнага курсу беларускага рубля, якія выходзяць за рамкі параметраў, усталяваных Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2011 год, не плануюцца і ажыццяўляцца не будуць».

01/03/2011. Сумесная пастанова Нацыянальнага банка (далей — НББ) і Савета міністраў: Імпарт абсталявання па замежнагандлёвай дамове на суму, якая перавышае 50 000 еўра ў эквіваленце, ажыццяўляецца выключна за кошт наяўнай у распараджэнні імпарцёра выручкі ў замежнай валюце і іншай замежнай валюты (унёскаў у статутны фонд, замежнай бязвыплатнай дапамогі, дывідэндаў і іншых прыбыткаў ад інвестыцый і інш.), а таксама замежнай валюты, атрыманай па дамовах пазыкі (крэдытных дамовах), заключанызх з нерэзідэнтамі і беларускімі банкамі на тэрмін не меней за 1 год. Купля замежнай валюты суб’ектамі гаспадарання-рэзідэнтамі для разлікаў з нерэзідэнтамі па імпарце абсталявання магчымая толькі па замежнагандлёвай дамове, сума якой не перавышае 50 000 еўра ў эквіваленце.

10/01/2011. Па рашэнні Назіральнай рады ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа» (далей — БВФБ) біржавы збор, які выплачваюць ўдзельнікі таргоў па аперацыях куплі замежнай валюты, з 12 студзеня 2011 г. усталёўваецца ў памеры 2% ад сумы ўгоды (раней — 0,0095%).

05/01/2011. З 10 студзеня 2011 года адменены дазвол на правядзенне імпарцёрамі плацяжоў на карысць нерэзідэнтаў з рахункаў, адкрытых у замежнай валюце ў банках Рэспублікі Беларусь, па замежнагандлёвых дамовах, якія прадугледжваюць імпарт, да даты спынення нерэзідэнтам сваіх абавязанняў перад імпарцёрам, за кошт замежнай валюты, атрыманай па крэдытных дамовах, заключаных з банкамі Рэспублікі Беларусь.

03/01/2011. У 2011 г. межы калідора ваганняў кошту кошыка замежных валют, якая ўключае ў сябе расійскі рубль, даляр ЗША і еўра звужаецца да ±8% у адносінах да кошту кошыка на пачатак 2011 года. (1 054.68 беларускага рубля).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?