У нядзелю нацыянальная зборная Беларусі па хакеі правяла другі матч груповога раўнду чэмпіянату свету. Супернік — Швейцарыя. Здаецца, у гэтай гульні нашы маглі б зачапіцца, бо не такі ўжо грозны канкурэнт.

Цікава, што беларусаў і швейцарцаў трэніруюць Эдуард Занкавец і Шон Сімпсан адпаведна. У свой час гэтыя спецыялісты былі намеснікамі Глена Хэнлана ў зборнай Беларусі.

У першым перыядзе Гарднер скарыстаўся выдаленнем Дзмітрыя Мялешкі. У большасці ён адкрыў лік. А вось другі перыяд для беларусаў пачынаўся з абнадзейвання.

Дзмітры Корабаў выдатна стрэльнуў, зрабіўшы лік 1:1. Потым момант меў Кулакоў, але на пятачку не змог перагуляць швейцарскага брамніка.

Вось уласна і ўвесь усплеск актыўнасці беларусаў.

Безіна, Гарднер і Рутэман на працягу другой часткі гульні зрабілі перавагу альпійскай каманды ўнушальнай — 1:4.

Хвалёная звязка Угараў — Грабоўскі — Касціцын так сябе і не праявіла. У беларусаў было мала волі.

Цяпер у групе наступнае становішча: Канада — 6 пунктаў, Швейцарыя — 5, Францыя — 1, Беларусь — 0.

Усе надзеі на апошнюю гульню з Францыяй. Толькі ў выпадку перамогі можна працягнуць барацьбу. Сустрэча адбудзецца заўтра ў 21:15.

З астатніх чэмпіянатных падзей варта адзначыць не самую ўпэўненую гульню расіян. Спачатку яны прайгралі немцам, а пасля ў звышдраматычнай гульні выцарапалі перамогу ў Славеніі — 6:4.

А вось немцы наадварот уражваюць. Яны цяпер ператварыліся ў фаварытаў групы. Учора яны выйгралі гаспадараў турніру славакаў — 4:3. Немцы маюць шанец выйсці з групы са стапрацэнтным вынікам.

Самы цікавы матч пакуль адбыўся паміж зборнымі Швецыі і Нарвегіі. Апошнія атрымалі перамогу па булітах — 5:4. Гэта першая перамога нарвежцаў над шведамі за шматгадовую гісторыю супрацьстаянняў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?