Раніцай 2 мая (па беларускім часе) прэзідэнт ЗША Барак Абама выступіў з заявай, у якой паведаміў аб ліквідацыі лідара тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда» Усамы бен Ладэна.
Аперацыя супраць тэрарыста № 1 расцягнулася амаль на дзесяць гадоў.

 Так выглядае катэдж, дзе хаваўся тэрарыст № 1. Фота AFP.

Так выглядае катэдж, дзе хаваўся тэрарыст № 1. Фота AFP.

Пасля 11 верасня 2001 году бен Ладэн надзейна схаваўся. На сувязь са светам выходзіў выключна з дапамогай правераных кур’ераў. Менавіта сачэнне за адным з іх дазволіла спецслужбам ЗША выйсці на самога тэрарыста. Гэта адбылося праз чатыры гады асцярожных назіранняў за даверанай асобай бен Ладэна.

«Мы былі шакаваныя тым, што ўбачылі. Надзвычай унікальнае збудаванне. Мае 14–18 футавыя сцены, агароджу з калючага дроту, сістэму з двайной брамай.
Усё смецце з гэтага збудавання спальвалася на месцы, каб не пакідаць слядоў. Не было ні тэлефона, ні інтэрнэту», — распавёў аб сховішчы Асамы бен Ладэна супрацоўнік ЦРУ. Умацаваны катэдж, у якім хаваўся адзін з самых небяспечных лідараў тэрарыстаў, знаходзіўся ў прыгарадзе пакістанскай сталіцы — Ісламабада.

Аперацыі па затрыманні тэрарыста папярэднічалі пяць паседжанняў Рады па нацыянальнай бяспецы ЗША, якімі кіраваў асабіста Барак Абама. Першапачаткова планавалася, што аперацыя будзе праведзеная 29 красавіка, аднак пазней яна была перанесеная.

Амерыканскія спецслужбы яшчэ ў жніўні 2010 году ведалі аб месцазнаходжанні бен Ладэна, аднак было вырашана адпрацаваць аперацыю да дасканаласці.

Падчас спецаперацыі Асама бен Ладэн быў забіты ў перастрэлцы. Акрамя яго загінулі таксама сын тэрарыста і жанчына, якая павінна была выконваць ролю «жывога шчыта». Прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што амерыканскі бок не панёс стратаў падчас правядзення аперацыі, аднак паводле паведамленняў іншых крыніц загінуў экіпаж верталёта, які разбіўся на падлёце да крэпасці бен Ладэна па тэхнічных прычынах. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што штурм сховішча тэрарыста працягваўся ўсяго 40 хвілін. Акрамя амерыканскіх спецназаўцаў у ім бралі ўдзел і прадстаўнікі пакістанскіх спецслужбаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?