Гэта вынікае са штогадовай справаздачы аб свабодзе прэсы амерыканскай праваабарончай арганізацыі Freedom House, паведамляе Associated Press.

Паводле інфармацыі агенцтва, спіс са 196 краін замыкаюць (у алфавітным парадку): Беларусь, Бірма, Іран, Куба, Лівія, Паўночная Карэя, Туркменістан, Узбекістан, Экватарыяльная Гвінея і Эрытрэя. На якім менавіта месцы знаходзіцца Беларусь, пакуль не вядома, бо спіс павінен быць афіцыйна апублікаваны крыху пазней.

«У гэтых краінах незалежныя СМІ або не існуюць, або амаль не могуць працаваць, — цытуе Associated Press справаздачу. — Прэса служыць рупарам уладаў гэтых рэгіёнаў, доступ грамадзян да непрадузятай інфармацыі вельмі абмежаваны, а іншадумства душыцца шляхам змяшчэння ў турму, катаванняў і іншых форм рэпрэсій».

Праваабаронцы таксама адзначаюць значнае зніжэнне ўзроўню свабоды прэсы ў Венгрыі, Гандурасе, Тайландзе, Турцыі, ва Украіне і ў Паўднёвай Карэі.

Спецыялісты Freedom House сцвярджаюць, што колькасць людзей, якія маюць сёння доступ да свабодных і незалежных СМІ ў свеце, — самая нізкая за апошнія больш як дзесяць гадоў. У краінах са свабоднай прэсай пражывае толькі адзін з шасці чалавек на планеце, гаворыцца ў дакладзе.

3 мая адзначаецца Сусветны дзень свабоды друку, заснаваны Генасамблеяй ААН.

Ацэньваючы сітуацыю са свабодай СМІ ў краіне, старшыня РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна заявіла: «Незалежная журналістыка Беларусі сёння ў небяспецы, бо з’яўляецца адной з галоўных пагроз рэжыму». «Усё складаней становіцца кантраляваць грамадскую свядомасць і падпарадкоўваць настрой людзей, — пераканана лідар БАЖ. — Прапагандысцкая машына „прабуксоўвае“. Спрацоўвае прынцып — чым больш прапаганды, тым менш веры». Сведчаннем таму, паводле яе слоў, сталі валютная паніка і «цукровая ліхаманка».

«Эканамічная сітуацыя дыктуе паводзіны ўлады. Ёй сёння нічога не застаецца, як ісці на абвастрэнне ўзаемадачыненняў з масмедыя і ўзмацняць пераслед, вылучаючы самыя дзікунскія абвінавачанні», — лічыць Літвіна. Аднак, падкрэслівае яна, «шлях татальнага і бескампраміснага падпарадкавання СМІ — бесперспектыўны». «Таму што ў сітуацыі сацыяльнага стрэсу ў грамадстве як ніколі расце давер да незалежных СМІ і запатрабаванасць інфармацыі без цэнзуры», — упэўнена лідар БАЖ.

У сваю чаргу міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі лічыць, што журналісты павінны не проста інфармаваць пра тыя ці іншыя падзеі, але і «ўцягваць грамадзян у абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця Беларусі, фарміраваць грамадскую думку ў рэчышчы дзяржаўных інтарэсаў». Пра гэта ён заявіў 29 красавіка на семінары кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ ў Гродне.

«Перад СМІ стаіць высокая мэта — мабілізаваць і кансалідаваць грамадства, данесці тыя праблемы, з якімі сутыкаецца Беларусь, і ў той жа час не падняць паніку, не ўвесці людзей у дэпрэсію, роспач, а наадварот — зарадзіць на самаадданую, напружаную і эфектыўную працу на будучыню краіны», — цытуе міністра дзяржаўнае агенцтва БелТА.

На мінулым тыдні міжнародны Камітэт абароны журналістаў заклікаў беларускія ўлады спыніць пераслед незалежных СМІ, якія крытычна асвятлялі акалічнасці выбуху ў мінскім метро.

У заяве камітэта, у прыватнасці, адзначана, што Мінінфармацыі, Генпракуратура і КДБ «разгарнулі кампанію па запалохванні незалежных СМІ, што падтрымліваюць апазіцыю, якія паведамлялі пра здарэнне». Адбываецца расправа над СМІ, «якія крытыкавалі афіцыйнае расследаванне выбуху і намаганні па ратаванні пацярпелых», канстатавалі прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?