Выбары 19 снежня паказалі, што ўлада страціла істотную частку сваёй электаральнай базы — пенсіянераў у гарадах.

У прыватнасці, у старых наменклатурных кварталах Мінска, дзе жывуць пераважна былыя чыноўнікі, галоўны чыноўнік не набраў і 40 адсоткаў галасоў.

Цяперашнія пенсіянеры — гэта ўжо не «савок» 1990-х. Памятаю чэргі пры канцы мінулага года, калі ўлада амаль штомесяц павышала пенсіі.

«Новыя пенсіянеры», якія ўжо ведаюць, што такое інфляцыя, дэфляцыя, стагнацыя і ўсякія іншыя дэфолты, кпілі з улады: хочуць нас падкупіць і не задумваюцца, што будзе пасля выбараў.

Пенсіянеры ўхвальна глядзелі на маладых, якія, дачакаўшыся сваёй чаргі, прасілі аператарак перавесці рублёвыя дэпазіты ў даляравыя: разумная моладзь. А некалькі старэйшых за мяне мужчын вырашылі забраць свае даляры з банка: хто іх ведае, нашчадкаў камісараў, могуць жа і секвестр на валютныя рахункі накласці.

Валютна-фінансавы і — шырэй —

эканамічны крызіс не стаў для большасці грамадзян нечаканасцю. Крызіс паказаў: большасць грамадзян уладзе не верыць.
У гэтым сэнсе паказальныя інтрэв’ю прафесара Леаніда Заікі газеце «Звязда» (27 красавіка) і выступленне мbнскага гораданачальніка Мікалая Ладуцькі на афіцыйным першамайскім мітынгу.

Галоўная думка Л. Заікі вылучана ва ўрэзцы да інтэрв’ю: кожны беларус, калі ён жадае лепшага сваё краіне, павінен свабодныя грошы трымаць у адным з фінансавых інстытутаў. Эканаміст наракае, што ў нашых людзей «няма звычкі, традыцыі і, калі хочаце, культуры працы са сваімі грашовымі зберажэннямі», г.зн. захоўваць грошы ў банках. На пытанне карэспандэнта, «колькі прыкладна ў нашага насельніцтва назапашана свабоднай валюты ў доларавым эквіваленце», ён не адказвае. Называе суму, якая нядаўна мелася на банкаўскіх рахунках грамадзян: ад чатырох да пяці мільярдаў. За прафесара Л. Заіку адказаў чыноўнік М. Ладуцька: у грамадзян Беларусі цяпер захоўваецца ад 12 да 14 мільярдаў даляраў. Такім чынам,

сума, якая захоўваецца ў «панчохах», амаль утрая большая за суму, якая знаходзіцца ў банках.

Падчас крызісу грамадзяне Паўднёвай Карэі неслі свае зберажэнні, золата, плаціну і брыльянты ў банкі. Пасля жахлівага цунамі свае зберажэнні з «панчохаў» дасталі і панеслі ў банкі японцы.

Беларусы, упэўнены, не панясуць. Бо няма даверу да ўлады. Савецкая ўлада заўсёды абкрадала народ. Няма ўпэўненасці, што не падмане грамадзян і сучасная ўлада. Нам абяцалі, што будуць кампенсаваныя ўклады грамадзян у Ашчадны банк СССР. Прайшло амаль дваццаць гадоў пасля распаду Саюза, але ўлада нічога не зрабіла, каб напоўніцу выканаць сваё абяцанне.

З другога боку, «новыя пенсіянеры» і людзі сярэдняга веку (а асноўная маса зберажэнняў у іх) могуць сказаць: добра,

мы прынясем грошы ў банкі, але на што вы іх патраціце? На ўтрыманне сілавых структураў і стварэнне новых атрадаў АМАПу, на зарплаты і прэміі чыноўнікам ці на структурныя рэформы? Дзе план гэтых рэформаў?
Дзе план эканоміі дзяржаўных сродкаў? Мы ўважліва слухалі выступленне галоўнага чыноўніка перад сваімі парламентарыямі, і не пачулі ніякай канкрэтыкі наконт заўтрашняга дня краіны.

І нарэшце:

хто гарантуе, што нашы грошы вернуцца да нас з працэнтамі? Тыя людзі, якія абяцалі нам кампенсаваць страты, панесеныя ў 1991 годзе? Людзі, якія абяцаюць нам еўрапейскі стандарт жыцця, а самі топчуць еўрапейскія прынцыпы?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?