Беларуская дзяржава не выдзеліла ні рубля на дзейнасць Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага за ўсе 15 гадоў існавання арганізацыі, заявіў БелаПАН старшыня арганізацыі Алег Рудакоў, які прыбыў у Магілёў з прыватным візітам.

«Консульскія ўстановы занятыя прасоўваннем беларускіх тавараў», — адзначыў ён.

Паводле слоў Рудакова, ён прапаноўваў кіраўніку аддзялення беларускага пасольства ў Краснаярску Рыгору Зубкевічу наладзіць сувязі па культурным абмене паміж іркуцкімі калектывамі дыяспары і калектывамі з Беларусі. «Зубкевіч сказаў, што гэта немагчыма, таму што Беларусь — бедная краіна, няма грошай, няма магчымасцей», — сказаў старшыня таварыства.

У той жа час, падкрэсліў Рудакоў, польская і літоўская дыяспары маюць моцную падтрымку сваіх краін, хоць іх колькасць у Іркуцкай вобласці нашмат меншая, чым у беларускай, якая налічвае 16 тыс. чалавек.

«Палякі, якіх у Іркуцку каля дзвюх тысяч, могуць кожнае лета адпраўляць бясплатна сваіх дзяцей у Польшчу, музычныя гурты — на фестывалі. Больш за тое, калі яны праводзяць якое-небудзь мерапрыемства, то атрымліваюць грошы на гэта непасрэдна ад польскага консульства», — адзначыў Рудакоў.

Аналагічны падыход да сваёй дыяспары, як сцвярджае Рудакоў, мае і Літва.

«Літоўцаў у нас дзесьці 700 чалавек. Ім прысылаюць настаўніка з Літвы, каб вучыў літоўскай мове, дапамагаюць ахвотным вярнуцца ў Літву, адаптавацца там.
Таксама ў іх існуюць праграмы, якія дазваляюць актывістам літоўскага цэнтра ў Іркуцку бясплатна ездзіць у Літву на з’езды, фестывалі і г.д. У нас жа нічога падобнага няма», — скардзіцца кіраўнік таварыства.

Ён спадзяецца, што з прыходам на пасаду міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі сітуацыя зменіцца. «З’явіўся нейкі кансультацыйны савет па дыяспары пры міністры культуры. Нас пачалі ўжо слухаць, пайшла размова», — сказаў прадстаўнік іркуцкіх беларусаў.

Цяперашняе абыякавае стаўленне дзяржавы да дыяспары Рудакоў тлумачыць адсутнасцю зацікаўленасці ў беларускага кіраўніцтва адраджаць беларускую мову, традыцыі і культуру.

Паводле слоў кіраўніка Іркуцкага таварыства беларускай культуры, членамі арганізацыі з’яўляюцца каля 1.000 чалавек, з якіх прыкладна 400 жывуць у самім Іркуцку.

Першыя беларускія пасяленцы ў Сібіры з’явіліся ў выніку аграрнай рэформы пачатку ХХ стагоддзя, ініцыяванай прэм’ер-міністрам Расійскай імперыі Пятром Сталыпіным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?