Аб плюсах і мінусах беларуска-туркменскіх дачыненьняў.

Візыт Лукашэнкі ў «Горад каханьня» (менавіта так перакладаецца «Ашгабат») ёсьць працягам устойлівай тэндэнцыі да разьвіцьця беларуска-туркмэнскай супрацы, што актывізавалася пасьля сьмерці тамтэйшага дыктатара Ніязава.

Таваразварот паміж дзьвюма краінамі летась склаў 91 мільён даляраў, зь іх 87 мільёнаў даляраў — беларускі экспарт (грузавікі, цукар, сельгасмашыны, шыны, цягачы, лекі). Калі зьвярнуць увагу на невялікія памеры туркмэнскага рынку, адлегласьці паміж краінамі і няпростыя структурныя рамкі супрацы, лічба выглядае салідна.

Што добрага ў Туркмэністане?

Важна, што ў гандлі з Туркмэністанам Беларусь мае дадатнае сальда. Прычым не за кошт продажу калійных угнаеньняў. У стасунках з Туркмэністанам гэтае сальда сфармавана хоць і не высокатэхналягічнымі, але ўсё ж больш «прасунутымі» таварамі.

Няма сумневу, знаходжаньне такіх краінаў, дзе мы можам прадаць свае тавары – перш за ўсё машынабудаваньня ці хімічнай галіны – крыху вырашае праблему велізарнага адмоўнага сальда вонкавага гандлю краіны.

Аднак на дадзены момант геаграфія беларускіх зьнешнегандлёвых сувязяў абмежаваная. Бо трэба, каб супалі адразу некалькі ўмоў – гатовасьць купляць беларускую тэхніку (а не, скажам, амэрыканскую), наяўнасьць «жывых» грошай (каб заплацілі, а не набывалі празь нейкія іншыя схемы), знаёмства з «савецкімі» тэхнічнымі стандартамі. Няблага таксама заручыцца падтрымкай палітычнага кіраўніцтва адпаведнай краіны.

Лягічна, што ў выніку кола асноўных пастаянных беларускіх партнэраў у Трэцім сьвеце абмяжоўваецца нейкім тузінам дзяржаў. Такімі партнэрамі зьяўляюцца нават ня ўсе савецкія рэспублікі – бо, скажам, у таго ж Таджыкістана ці Кыргыстана грошай няшмат. А з узбэцкім кіраўніком Карымавым у беларускага лідэра стасункі традыцыйна былі, мякка кажучы, нацягнутыя.

Асноўная праблема Беларусі

Знаходжаньне дробных заплатак па некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў кшталту туркмэнскай або іранскай для велізарнай мільярднай дзіркі ўстойлівага адмоўнага сальда праблемы не вырашае. А праблема простая – Беларусь спажывае больш чым вырабляе, ці прынамсі больш чым дае рады прадаваць. Праблема гэтая ў цэлым вырашальная толькі праз карэнную рэарганізацыю эканомікі ці хаця б поўнае тэхнічнае і тэхналягічнае пераўзбраеньне наяўных прадпрыемстваў.

Каб мадэрнізаваць вытворчасьць, патрэбныя тэхналёгіі і грошы, якія ёсьць перш за ўсё на Захадзе. Не ў Трэцім сьвеце, не ў былым СССР. І таму, ніколькі ня бэсьцячы туркмэнскі візыт, адцемім, што ён крыху дапаможа вырашыць хіба толькі першую задачу беларускага ўрада – падтрыманьня на плыву цяперашняй прамысловасьці. Што ў прынцыпе будзе загадзя прайгранай бітвай, калі ня будзе адначасова вырашацца другая задача – мадэрнізацыя беларускай эканомікі.

Праўда, у туркмэнскім выпадку праглядаецца праект, які сапраўды мог бы прасунуць пэўныя галіны беларускай эканамікі крыху наперад – будаўніцтва горнаўзбагачальнага комплексу па вытворчасьці угнаеньняў на базе Гарлыцкага радовішча калійных соляў. Беларусь сапраўды валодае тэхналёгіямі ў гэтай галіне. Аднак невядома, наколькі ўстойлівым будзе супрацоўніцтва. Беларускі бок мае ўжо паважны сьпіс праектаў – Пэру, Судан, Ірак – зь якімі краіна ўжо амаль не супрацоўнічае, нягледзячы на колішні прапагандысцкі шум.

Ідэалягічная праца з туркмэнскімі студэнтамі?
Іншы мэгапраект беларускага ўраду – масавая адукацыя туркмэнаў у Беларусі – выклікае шмат супярэчнасьцяў. Цяпер туркмэнаў у ВНУ Беларусі 4,5 тысячы чалавек – у разы больш чым студэнтаў з іншых краін.
І беларускія афіцыйныя асобы абяцаюць, што неўзабаве туркмэнскіх студэнтаў будзе яшчэ больш.

З туркмэнскімі студэнтамі ўнівэрсытэты маюць купу праблем. Іншая культура, ніякай дысцыпліны...

У пагоні за валютай (Бердымухамедаў плаціць за навучаньне моладзі нафтадалярамі) беларускі ўрад ігнаруе важную рэч.

Калі ўнівэрсытэт выдае дыплёмы студэнтам, якія фактычна ня вучацца, такі ўнівэрсытэт дэградуе.

У Іране, напрыклад, беларуская мэдычная адукацыя ўжо не прызнаецца аўтаматычна, як раней. Выпускнік зь беларускім дыплёмам мусіць здаць грунтоўны іспыт ды давучвацца за шалёныя грошы яшчэ ў самім Іране. Затое гэта не датычыць выпускнікоў з эўрапейскімі дыплёмамі. А што было чакаць, калі “выпускнікі” беларускіх ВНУ зь цяжкасьцю гавораць па-расейску, дарма што афіцыйна вучыліся на гэтай мове.

Вось так,

Беларусь, раздаючы псэўдадыплёмы за грошы, карумпуе выкладчыкаў, якія перастаюць трымаць стандарты. І губляе рэпутацыю.

Усе памянёныя праблемы абумоўленыя аднымі чыньнікамі. Адсутнасьцю эфэктыўнай і празрыстай сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня ды адсутнасьцю эфэктыўнага кантролю і крытыкі дзеяньняў гэтай сыстэмы з боку грамадзтва і прафэсыйных супольнасьцяў. У такой сытуацыі ўлада, расьціснуўшы грамадзтва, можа прымаць нават самыя неабгрунтаваныя рашэньні, а іх памылкі будуць высьвятляцца толькі постфактум.

* * *

Сяргей Богдан — усходазнаўца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?