Як паведаміла БелаПАН загадчыца інфармацыйна-асветнага сектара сада Алена Сакуранка, у пачатку сезона наведвальнікі могуць палюбавацца цвіценнем вясновых кветак: нарцысаў, прымул, крокусаў, магнолій, цюльпанаў, фарзіцый. Паводле яе слоў, летні сезон будзе адзначаны не толькі мноствам дэкаратыўных раслін, але і спецыяльна падрыхтаванымі тэматычнымі святамі.

Найбліжэйшай буйной падзеяй у батанічным садзе абяцае стаць прымеркаваная да 9 мая праграма «Пераможны май — квітнеючы май», якая будзе арганізавана 8 мая. З 12.00 па 16.00 каля аранжарэі трапічных раслін пройдуць выступленні духавога ваеннага аркестра, заслужанага артыста Беларусі Якава Навуменкі, народнага ансамбля «Маладзік», творчых калектываў навучэнцаў, з 16.00 да 18.00 на азёрным комплексе адбудзецца выступленне Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча. Увесь дзень у садзе будзе праходзіць выстава-продаж пасадачнага матэрыялу раслін, вырабаў народных майстроў. Будзе таксама арганізавана экспазіцыя цюльпанаў, якіх у садзе налічваецца больш за 200 відаў.

У летні сезон таксама будуць арганізаваныя святы, прымеркаваныя да цвіцення самых яркіх раслін сада. У канцы мая плануецца правесці свята бэзу, затым свята ружы, выставы дэкаратыўных кветак, такіх, як, напрыклад, гладыёлусы і вяргіня.

У летні перыяд сад будзе працаваць з 10.00 да 20.00, акрамя панядзелка. Кошт уваходнага білета для дарослых складзе 8 тыс., для льготных катэгорый насельніцтва — 5 тыс.

Ахвотныя за дадатковую плату могуць наведаць аранжарэю трапічных раслін, у якой прадстаўлена больш за 600 відаў трапічных і субтрапічных раслін. У іх ліку розныя віды архідэй, эўкаліпт, бамбук, інжыр, лаўр, кактусы, апунцыя і агава. Акрамя таго, каля 5 га на тэрыторыі сада займае дэндрарый.

Батанічны сад плошчай каля 100 га быў закладзены ў 1931 годзе. Гэта найбуйнейшы зялёны масіў цэнтральнай часткі Мінска. Тут налічваецца да 11 тыс. найменняў раслін, у тым ліку каля 2,4 тыс. відаў і гатункаў трапічных і субтрапічных раслін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?