Сёння распачаўся суд экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама Андрэем Дзмітрыевым, Аляксандрам Фядутам, Сяргеем Вазняком і Настай Палажанкай.

 Уладзімір Някляеў пасля свайго з'яўлення зладзіў імправізаваны мітынг.

Уладзімір Някляеў пасля свайго з'яўлення зладзіў імправізаваны мітынг.

 Някляева віталі ў зале суда авацыяй.

Някляева віталі ў зале суда авацыяй.

 "Гэты працэс з разраду палітычнай фантастыкі".

"Гэты працэс з разраду палітычнай фантастыкі".

 Сяргей Вазняк, на заднім плане -- Уладзімір Арлоў і Марына Фядута.

Сяргей Вазняк, на заднім плане -- Уладзімір Арлоў і Марына Фядута.

 Аляксандр Фядута (справа), фота Радыё Свабода.

Аляксандр Фядута (справа), фота Радыё Свабода.

 Невядомыя маладыя людзі з невядомай ВНУ, фота Радыё Свабода.

Невядомыя маладыя людзі з невядомай ВНУ, фота Радыё Свабода.

 Андрэй Дзмітрыеў, фота Еўрарадыё

Андрэй Дзмітрыеў, фота Еўрарадыё

 Наста Палажанка, фота Еўрарадыё.

Наста Палажанка, фота Еўрарадыё.

 Праз металадэтэктар прайшоў пасол Літвы Эдмінас Багдонас, фота Еўрарадыё.

Праз металадэтэктар прайшоў пасол Літвы Эдмінас Багдонас, фота Еўрарадыё.

 Віталь Рымашэўскі, фота Еўрарадыё. 18.00

Віталь Рымашэўскі, фота Еўрарадыё. 18.00

У паседжанні абвешчаны перапынак да заўтра. Працэс адновіцца 6 мая ў 10.00.

17:55

Допыт Аляксандра Фядуты цягнуўся больш за гадзіну. Пытанні пракурора датычылі галоўным чынам дзейнасці «Гавары праўду», аднак праз тое, што спадар Фядута адмовіўся атаясамляць дзейнасць кампаніі і дзейнасць выбарчага штаба кандыдата Някляева, адказаў на некаторыя пытанні не прагучала.

Разам з тым А.Фядута пагадзіўся часткова прызнаць сваю віну. Ён прызнаў, што заклікаў людзей прыходзіць на несакцыянаваную акцыю пратэсту 19 снежня. Рабіў гэта падчас выступу па радыё і на сустрэчах з выбаршчыкамі.

16:59

Фядута скончыў рабціь заўвагі да абвінавачвання, гэта вылілася ў цэлую прамову, завяршэнне якой сустрэлі апладысментамі.

Фядута заўважыў, што абвінавачванне дапусціла шэраг памылак (у прыватнасці, ён не выступаў у эфіры БТ і не мог людзей клікаць на Плошчу).

16:39

Допыт Вазняка скончаны. Зараз пачынаецца допыт А. Фядуты. Фядута пагадзіўся даваць паказанні, зараз яму пытанні задае пракурор.

Фядута адразу заўважыў, што мае пытанні да выстаўленых яму абвінавачванняў. У першую чаргу да атаясамлення кампаніі ГП і выбарчай кампаніі Някляева. Сп. Фядута лічыць, што гэта розныя кампаніі, і ў судзе нельга разглядаць дзейнасць кампаніі «Гавары праўду!».

Фядута: «Усё тое, што рабілася падчас выбарчай кампаніі Някляева, фінансавалася выключна з выбарчага фонду. Фядута таксама папрасіў раздзяліць дзейнасць ГП і дзейнасць выбарчага штаба Някляева.

Фядута: «На Плошчу людзі прыйшлі не для таго, каб падтрымаць эканамічныя санкцыі. І я, і Някляеў заўсёды выступалі супраць санкцый. А зараз нас абвінавачваюць у тым, што мы іх дамагаліся».

16:29

З Вазняком размаўляюць адвакаты. Пытанні датычаць моманту збіцця Някляева, а таксама ранейшай дзейнасці ў розных кампаніях.

16:10

Зараз пракурор дапытвае Вазняка па справе аб ілжэсведчаннях. Справа датычыць пажару ў знаёмай Вазняка, дзе ён нібыта пакінуў грошы. Сам Вазняк сцвярджае, што не трымаў у згарэлай кватэры грошай, аб чым заявіў следству, толькі некаторыя асабістыя рэчы. Пазней следства ўстанавіла, што там быў падпал, і там былі знойдзеныя грошы.

Вазняк прызнаў, што займаўся арганізацыяй дастаўкі сродкаў для ГП. Ён зазначыў, што грошы дастаўляліся з Вільні кур’ерамі. Імёны кур’ераў назваць адмовіўся. Аднак паведаміў, што ніводны з іх не парушаў беларускае заканадаўства, а ўвозіў толькі дазволеныя сумы грошай.

14:47—15:40

Вазняк прызнаў, што заклікаў людзей выйсці на Плошчу. Адзначае, што займаўся тым жа падчас выбараў 2006 года, калі працаваў у камандзе Мілінкевіча. У астатнім Вазняк свае віны не прызнае.

«Я не бачу сувязі паміж заклікамі выйсці на Плошчу і маёй працай у ГП». Ён таксама адкінуў абвінавачванні ў лжэсведчанні па артыкуле 401. З яго словаў, прэтэнзіі да яго ўзніклі па справе, якая не тычыць кампаніі «Гавары праўду!».

Вазняк адмовіўся адказваць ны пытанні, датычныя дзейнасці ГП, так як лічыць іх не датычнымі да артыкула 342, па якім ён абвінавачваецца. «Для мяне ўдзел у гэтай грамадскай кампаніі скончыўся ў верасні 2010 года. Далей я працаваў у камандзе Някляева», — заявіў ён.

Вазняк: «Я ведаў, што акцыя 19 снежня на Плошчы недазволеная. Я свядома ішоў на адміністрацыйнае парушэнне».

Ён таксама аспрэчыў сцверджанне пракурора аб тым, што заклікаў на Плошчу цераз СМІ. «Я не быў кандыдатам у прэзідэнты і не мог гэтага рабіць».

«У нас было некалькі варыянтаў дзеянняў на Плошчы. Сярод іх і магчымасць намётавага мястэчка, і паход да Дома ўрада. Асабіста я разлічваў на Някляева, які сваім аўтарытэтам мог бы кіраваць тымі людзьмі, якія прыйшлі 19-га снежня на Плошчу. Ён мог бы іх узначаліць. Але нам не дазволілі дайсці да Плошчы. Пасля збіцця Някляева пачаў працаваць не наш сцэнар».

Пракурор запытаў у Вазняка, чаму ён яшчэ да завяршэння выбараў пачаў лічыць іх недэмакратычнымі.

«Ад самага пачатку правядзення выбараў мы бачылі шматлікія парушэнні. Калі б іх не было, мы б не заклікалі ісці на Плошчу. Калі б зараз Лукашэнка выйграў выбары легітымна, то я б прыняў гэта».

Пракурор працягвае допыт Вазняка. Пытанні датычаць ходу шэсця ад офіса ГП на вуліцы Няміга да Кастрычніцкай плошчы. Вазняк расказвае аб сустрэчы калоны з супрацоўнікамі ДАІ.

Вазняк: «Калі некалькі чалавек з галавы калоны паспрабавалі адсунуць машыну ДАІ, адразу пачаліся выбухі шумавых гранат, раптам з’явіліся людзі ў чорнай вопратцы і пачалі ўсіх хапаць запар. мяне павалілі на зямлю і прыцсінулі галаву да зямлі. Я чуў, як Някляеў прасіў не біць людзей. Потым усё сціхла, і людзі ў чорным хутка зніклі, я чалавек ваенны, я разумею, што гэта былі не простыя хуліганы. Пазней у матэрыялах справы, я бачыў паказанні супрацоўнікаў ДАІ, якія сведчылі, што людзі ў чорным былі міліцыянерамі».

Вазняк кажа, што пасля нападу на калону Някляева ён зразумеў, што планы ГП праваліліся і далей ён удзельнічаў у акцыі як журналіст.

Вазняк: «На Плошчы Незалежнасці я зноў з журналістамі на ходніках. Людзей на праспекце было надзвычай шмат. Лічу, што тыя, хто павёў людзей па праспекце, зрабілі правільна. Калі б людзі ішлі па тратуарах, магла б здарыцца другая Няміга».

«У тым, што на Плошчу выйшла так шмат людзей, вінаваты Генеральны штаб (улады). Калі яны заблакавалі Інтэрнет і збілі Някляева, людзі пачалі масава выходзіць на Плошчу».

14:46

Зараз суд пераходзіць да допыту абвінавачаных. Першым — Вазняка, апошнімі — Дзмітрыева і Някляева.

14:40—14:45

Фядуту абвінавацілі ў тым жа, у чым і іншых лідараў ГП.

Зараз суддзя апытвае абвінавачаных на прадмет прызнання віны. Вазняк прызнаў віну часткова і толькі па адным артыкуле — 342. Някляеў заявіў, што ён прызнае свае памылкі падчас кампаніі, але адказваць за іх ён гатовы толькі тады, калі ў судзе разам з ім будуць судзіць і дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Дзмітрыеў прызнаў толькі свае дзеянні на Калектарнай, калі замінаў супрацоўнікам ДАІ правесці надгляд мікрааўтобуса Фядута і Рымашэўскі прызналі віну часткова. Палажанка, як і Някляеў, сваей віны не прызналі. Іх заявы зала сустрэла апладысментамі.

14:26

Рымашэўскага, як і іншых, звінавацілі ў падрыхтоўцы Плошчы і нанясенні шкоды Мінтрансу, Метрапалітэну, рэстаранам і крамам на праспекце Незалежнасці.

Aбвінавачванне надае асаблівую вагу таму факту, што незадоўга да 19 снежня Някляеў і Рымашэўскі атрымалі папярэджанні ад Генпракуратуры за заклік выходзіць на Плошчу.

14:02—14:14

Перапынак скончаны, працэс аднаўляецца. Прывялі Някляева, зала вітае яго апладысментамі. Няма Палажанкі і Рымашэўскага.

Нарэшце яны з’явіліся ў зале. Суддзя заявіла, што калі такое спазненне яшчэ раз паўторыцца, то яна будзе разглядаць магчымасць змены меры стрымання.

Пракурор зачытвае абвінавачванне Рымашэўскаму.

13:12

Абвешчаны перапынак да 14:00.

13:10

Пракурор пачаў чытаць абвінавачванні Палажанкі.

Яе таксама вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы групавой дзейнасці, што паршула грамадскі парадак. У прыватнасці, на думку абвінавачвання, Палажанка заклікала людзей ісці на Плошчу, дапамагала набыць спальныя мяшкі, сустракала прыезджых і адвозіла іх у адмыслова арандаваную кватэру. Пракурор таксама вінаваціць Палажанку ў тым, што яна выходзіла на праезную частку праспекта Незалежнасці.

13:02

Пракурор працягваў зачытваць абвінавачванне Някляеву нават пасля таго эпізоду, дзе было апісанае атрыманне лідарам «Гавары праўду!» траўмы на Калектарнай, — Някляеў павінен несці адказнасць за дзеянні дэманстрантаў на Плошчы.

Пачуўшы гэта, Някляеў папрасіў дазволіць яму пракансультавацца з адвакатам. Суддзя адмовіла.

12:51

Някляеў захацеў заслухаць пракурора стоячы, калі суддзя запытала, чаму, ён адказаў: «Я паважаю пракурора».

Дзмітрыеў у сваім твітэры піша, што насамрэч у Някляева хворая спіна, і гэта стала прычынай жадання слухаць пракурора стоячы.

12:37

Пракурор Кажэўнікаў, агучваючы абвінавачванні Дзмітрыева, называе месцы сустрэчы Дзмітрыева з замежнымі партнёрамі ГП. Паводле абвінавачвання, такія сустрэчы мелі месца ў Польшчы і Літве, а таксама на тэрыторыі Беларусі.

12:23—12:32

Суд працягнуўся без удзелу прадстаўніка грамадзянскага пазоўніка. Зараз пракурор зачытвае абвінавачванні.

Паводле іх, Вазняк, Фядута, Дзмітрыеў і Някляеў абвіначваваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Пракурор агучыў меркаванне аб існаванні некалькіх планаў развіцця падзей 19 снежня ў лідараў ГП, мэтай якіх «была змена ўлады ў краіне». Пачаткам дзейнасці групы з гэтых чатырох чалавек пракурор назваў лістапад 2009 года. Дзяржабвінаваўца таксама згадаў аб замежным фінансаванні дзейнасці ГП.

Паводле абвінавачвання, Някляеў атрымаў траўму галавы, калі разам з Дзмітрыевым вечарам 19 снежня на вуліцы Калектарнай у Мінску спрабаваў адсунуць машыну ДАІ.

Пра напад на калону Някляева пракурор не сказаў ні слова.

Пракурор пералічвае ўстановы, якія пацярпелі ад дзеянняў дэманстрантаў вечарам 19 снежня. Сярод іх — Палац прафсаюзаў, Метрапалітэн, Мінсктранс, МакДональдс, індывідуальныя прадпрымальнікі. Страты, аб якіх гаворыць пракурор, гэта недаатрыманы прыбытак гэтых устаноў.

12:10

Падсудныя падчас перапынку: Рымашэўскі гартае брашуру, Палажанка і Вазняк сядзяць на сваіх месцах моўчкі. Дзмітрыеў і Някляеў размаўляюць стоячы з Арловым і ўсе гучна смяюцца. Фядута залез у Інтэрнет з iPada Дзмітрыева.

12:00

Суддзя адмовілася задаволіць хадайніцтва Някляева і спыніць разгляд справы. Працэс аднавіўся. Высветлілася, што грамадзянскі пазоўнік больш не мае прэтэнзій да абвінавачаных. Суддзя выйшла прымаць рашэнне, ці можна працягваць працэс без прадстаўніка грамадзянскага пазоўніка. У працэсе — чарговы перапынак.

11:55

Андрэй Дзмітрыеў прынёс на працэс iPad. Зараз падсудныя чытаюць навіны (у тым ліку і трансляцыю іх суда на нн.бай, сам Дзмітрыеў робіць допісы аб працэсе ў свой facebook. Напэўна, такога ў гісторыі беларускіх судоў дагэтуль яшчэ не было — усе бакі сочаць за падзеямі і рэакцыяй грамадскасці ў рэжыме рэальнага часу.

11:40

Суддзя не задаволіла хадайніцтва адваката Някляева, Экс-кандыдат у прэзідэнты не адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Ён застаецца пад хатнім арыштам.

Суд працягваецца. Адвакат Рымашэўскага падаў хадайніцтва аб выкліку ў якасці сведак чатырох чалавек — у тым ліку сустаршыняў БХД Георгія Дзмітрука і Паўла Севярынца. Адвакат Дзмітрыева таксама падала хадайніцтва ад выкліку дадатковых сведак. Пракурор палічыў задавальненне хадайніцтваў адвакатаў на гэтым этапе намагчымым. Суддзя пагадзілася з ацэнкай пракурора.

Някляеў падаў новае хадайніцтва. Ён патрабуе спыніць разбіральніцтва па ягонай справе праз адсутнасць складу злачынства. Суддзя выйшла разглядаць хадайнітва. У працэсе чарговы перапынак.

11:12

Падчас чарговага перапынку Някляеў міла размаўляе з ахоўнікам — той усміхаецца. А Фядута прынёс у суд некалькі кніжак, якія паказвае іншым падсудным і журналістам.

11:03—11:06

Працэс аднавіўся. Суддзя Жукоўская заявіла, што жаданне Палажанкі абараніць суддзю ад удзелу ў палітычнай расправе не з’яўляецца прычынай замены суддзі.

Абвінавачаныя пагадзіліся і з асобай пракурора, хоць шэраг з іх заявіў, што не давярае дзяржаўнаму абвінаваўцу, але як сказала Палажанка: «Гэта нічога не зменіць».

Адвакат Някляева падаў хадайніцтва аб адмене хатняга арышту для Някляева. Ён зазначыў, што ўсе абвінавачаныя па гэтай справе маюць падпіску аб нявыездзе акрамя Някляева, а гэта нелагічна. Сам Някляеў зазначыў, што праз хатні арышт сёння на працэсе не змагла прысутнічаць яго жонка Вольга (ахова КДБ застаецца падчас працэсу ў кватэры Някляевых).

Пракурор заявіў, што не мае нічога супраць змены меры стрымання Някляеву.

10:40

Гэты працэс вельмі адрозніваецца ад ранейшых. Падсудныя сядзяць не ў клетцы, а ў залі побач з роднымі і журналістамі, што разнявольвае атмасферу. Падсудныя размаўляюць адзін з адным, з роднымі, што здымае агульнае напружанне.

10:31

У зале прысутнічаюць малавядомыя студэнты, іх некалькі шэрагаў. Яны не гавораць адкуль яны, з якой ВНУ і чаму тут знаходзяцца. Рымашэўскі папрасіў усіх саступіць месца яго родным, якія не змаглі трапіць у залу суда, аднак ніхто не пагадзіўся.

10:25

Суддзя завяршыла высвятленне асобаў абвінавачаных. Азнаёміла іх з правамі і абавязкамі. Падчас гэтага Някляеў заявіў, што гэта палітычны працэс і ён не прызнае легітымнасць судддзі Жукоўскай, прызначанай уладамі. Аднак паколькі такое становішча безвыходнае, то ён пагаджаецца на такі склад суда.

Рымашэўскі заявіў, што суддзя Жукоўская і так у спісе неўязных у ЕС і ён не хоча, каб новая суддзя туды трапіла. Аб адводзе суддзі заявіла толькі Наста Палажанка. Зараз суддзя Жукоўская выйшла для прыняццярашэння аб адводзе, заяўленым Палажанкай.

10:15

Суддзя Жукоўская ўзняла пытанне аб дазволе фота і відэаздымак. Усе абвінавачаныя пагадзіліся на дазвол фота і відэа падча працэсу. Супраць — толькі пракурор Кажэўнікаў, які заяўляе, што здымкі будуць перашкаджаць аб’ектыўнасці працэсу. Суддзя прыняла бок пракурора.

Зараз суддзя высвятляе асобы абвінавачаных. Апытала Вазняка, Някляева, Дзмітрыева.

Суддзя запытала ў Някляева, ці патрэбны яму перакладчык з расійскай на бларускую (Някляеў гаворыць па-беларуску), той адмовіўся.

10:05

Пасяджэнне пачалося, заходзіць суддзя, зачытвае абвінавачванне.

10:04

Рымашэўскі спазніўся, прыйшоў толькі цяпер. На судзе таксама прысутнічае пасол Літвы Багдонас.

9:50

Някляеў зладзіў імправізаваны мітынг, ён доўжыўся хвілін сем. Ён выказаў здзіўленне з таго, што здарылася на Плошчы 19 снежня. Ён сказаў, што гэта не патрэбна было ні Лукашэнку, ні апазіцыі.

Сказаў, што ў турме яму было цяжка псіхалагічна, але яму, прадстаўніку савецкага пакалення, гэта не было нечаканым. Даў зразумець, што катаванні ў засценках КДБ, пра якія паведаміў Міхалевіч, маглі мець месца.

Някляеў цяпер падпісвае свае кнігі, цалуе рукі дзяўчатам.

З’явіліся Дзмітрыеў, Фядута, Палажанка. Яны прыходзяць самі, а Някляева прывялі з іншага ўваходу.

9:42

Прывялі Някляева, яго пасадзілі не ў клетку, а ў першы шэраг разам з Вазняком.

Ён дзякуе ўсім за падтрымку, вітаецца з пісьменнікам Уладзімірам Арловым, жонкай Аляксандра Фядуты — Марынай.

Някляева запыталіся, што ён думае пра абвінавачванне, ён сказаў, што ёсць такі жанр — юрыдычнай фантастыкі.

9:38

Пачалі запускаць у залу суда. Ужо, а 08:45 каля суда сабраўся вялікі натоўп. Зала вялікая — на 80 чалавек. Каб трапіць у залу, трэба прайсці два кардоны надгляду.

Запускаць пачалі толькі, а 09:40, таму пачалася невялікая цісканіна.

Вялікая колькасць журналістаў, у тым ліку расійскіх.

Тыя з абвінавачаных, хто знаходзяцца пад падпіскай, прыходзяць самі (як Вазняк), Някляева яшчэ не прывезлі.

Перад пачаткам суда у залу прапусцілі свабодна чатырох чалавек, якія прадставіліся ветэранамі.

***

Справу будзе разглядаць суд Фрунзенскага раёна Мінска. Усе абвінавачваюцца на падставе часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), што караецца максімальным тэрмінам у тры гады.

Суддзёй будзе Жанна Жукоўская. Яна ўжо трапіла ў спіс невыязных у краіны Еўрасаюза пад 153-м нумарам.

Напярэдадні суда лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў праз жонку Вольгу перадаў зварот у Мінскі гарадскі суд. Някляеў просіць спыніць супраць яго і іншых удзельнікаў Плошчы крымінальную справу за адсутнасцю склада злачынства. Сваёй віны паэт не прызнае.

Усе абвінавачаныя, акрамя Някляева, раней былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе. Лідар «Гавары праўду» дагэтуль знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Онлайн-рэпартажы з судоў чытайце сёння на сайце «Нашай Нівы».

***

За «Плошчу» асуджана ўжо дзевяць чалавек: за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

За падрыхтоўку дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак, на 2 гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны Зміцер Бандарэнка.

За злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

Паралельна са справай Някляева ў іншых судах разглядаюцца справы яшчэ шаснаццаці палітвязняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?