Сёння будуць заслуханыя паказанні сведкаў з боку абвінавачвання. Палова з іх ужо сведчылі на працэсах над Мікітам Ліхавідам і Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым. У зале размешчаны відэаманітор.

17.20

У выніку судзьдзя спыніла прагляд відэаблогаў Раманчука з айфону Мірзаянава. Далей суд пачаў вывучаць лічбавыя матэрыялы пасуднага Гнедчыка, у якіх ёсьць ключавыя словы «Лукашэнка», дыктатура і іншыя...

17.05

Праглядаецца відэа з айфону Мірзаянава — перадвыбарчы выступ Раманчука. «У чым тут крымінал?» — абураецца мама Мірзаянава. Тым ня меней суд праглядвае трэці відэаблог Раманчука з айфону Мірзаянава. Памочнік судзьдзі пытаецца, ці паказваць фатаграфіі асабістага характару. Судзьдзя кажа: давайце глядзець усё, што ёсьць на дыску.

16.50

Суд вырашыў перайсьці да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы і агляду відэадыскаў. Першым вывучаюцца кантакты, смс-паведамленьні, відэаматэрыялы з айфону Фёдара Мірзаянава. Пракурор зачытвае смс, якія Фёдар пасылаў і атрымліваў падчас Плошчы, называе нават смайлікі. Агучвае, якія званкі былі зробленыя, атрыманыя і прапушчаныя.

16.45

Высьветлілася, што сьведка Багдановіч адкрыў бальнічны ліст 4 траўня. Адвакаты настойваюць на паўторным выкліку Багдановіча, бо ён сьведчыць супраць Саньнікава, Халіп, Статкевіча, Вуса і іншых, нібыта тыя штурхалі супрацоўнікаў міліцыі на праезную частку. Судзьдзя адмовіла ў хадайніцтве. У зале абураныя.

16.30

Усе сьведкі на сёньня дапытаныя. Сьведка-міліцыянт Павядайка і студэнт, сябра БХД Багдановіч не прыйшлі на паседжаньне, бо першы знаходзіцца ў камандзіроўцы, а другі захварэў. Судзьдзя вырашыла, што іх няяўка мае паважлівыя прычыны і вырашыла абмежавацца іх паказаньнямі, дадзенымі на папярэднім сьледзтве, хоць адвакаты былі супраць. Павядайка асабіста затрымліваў Васілевіча, а Багдановіч сьведчыў, што Саньнікаў нібыта штурхаў міліцыянтаў 19 сьнежня. У зале абураныя, кажуць, што гэтым міліцыянты ўнікаюць адказаў на пытаньні (паводле Радыё Свабода).

16:10

Сведка Кіеня зазначыў, што ніякіх пагроз, заклікаў да агрэсіі і гвалту ён ня чуў, манціровак і палак у руках дэманстрантаў ня бачыў, як і падазроных бутэлек. Сведка кажа, што ня бачыў, каб дэманстранты ужывалі сілу супраць міліцыі.

15:45

Сведка Кіеня кажа, што памятае тое, як міліцыя папярэджвала дэманстрантаў, што іх акцыя незаконная і ў выпадку непадпарадкавання да іх будзе прымененая «грубая фізічная сіла». «Дэманстранты хацелі весці перамовы з урадам» (паводле Радыё Свабода).

15.40

Сведка Кіеня: «На Кастрычніцкай плошчы была маса народу, быў заліты каток і гучная музыка. кандыдатаў чутно не было, іх перабівала музыка. Толькі ўрыўкі было чуваць. З нагоды вынікаў выбараў гаварылі пра нейкі незалежны экзіт-пол. Вёў рэпартаж па тэлефоне, таму аналізаваць падзеі часу не было. Мне запомнілася, што выхад людзей на праспект адбыўся стыхійна, спантанна, у адзіным парыве».

15.30

Наступны сведка Сяргей Кіеня, супрацоўнік інфармацыйнага агенцтва Інтэрфакс. Сведка кажа, што 19 сьнежня быў на Кастрычніцкай плошчы і Плошчы Незалежнасьці як журналіст, асьвятляў дзейнасьць праваахоўных органаў.

15.15

Наступны сведка — Васіль Мартос, кіроўца 5-га аўтобуснага парку Мінска. Кіроўца распавёў, што 19 снежня ён працаваў у другую змену на маршруце нумар 1, і з 21-й гадзіны былі цяжкасці для руху і былі вымушаныя змены маршруту, паколькі ішла дэманстрацыя па праезнай частцы. «Я зразумеў, што наўпрост да вакзалу не даеду і змяніў маршрут». З міліцэйскай машыны, якая ішла за дэманстрантамі, заклікаў разысціся кіроўца не чуў. Сведка прызнаў, што мог бы праехаць і па сваім маршруце, але не ўклаўся б у графік, за што мог бы пазбавіцца прэміяльных. Пасажыры не выказвалі сваё нездавальненьне, прызнаў сведка. Ён зазначыў, што на ягоным маршруце часта ездзяць картэжы Лукашэнкі і ў яго існуюць схемы аб'езду.

15.05

Сведка Андрэй Пратапей з Абсалютбанка. Абменны пункт гэтага банка быў зачынены 19 сьнежня дачасна, пра нейкія страты ад дэманстрацыі сведка сказаць не змог.

Суддзя пытаецца, ці памятаеце вы паказанні на папярэднім сьледстве?

Сведка: Мяне не дапытвалі. Пасля таго, як сьведку паказалі пратакол, то ён узгадаў, што да яго прыяжджаў следчы. Гэты сьледчы яму і патлумачыў, што прычына датэрміновага закрыцця унівэрсаму «Цэнтральны», дзе знаходзіцца абменны пункт іх банка, 19-га снежня — масавыя беспарадкі.

(паводле Радыё Свабода)

14.34

Працягваецца допыт сведкі Макаева. Ён не бачыў у руках дэманстрантаў ніякай зброі, арматуры, ледарубаў. Не чуў заклікаў да гвалту.

14.00

Працэс аднавіўся. У суд з'явіўся толькі адзін сведка. Гэта прадпрымальнік Аляксандр Макаеў. Адказвае на пытанні суддзі па-беларуску. Расказвае, як ішоў з Кастрычніцкай да Незалежасці. На пытанне пракурора пра тое, адкуль сведка даведаўся пра акцыю, Макаеў пачаў казаць пра адсутнасць выбараў у краіне. Суддзя зрабіла на гэта заўвагу, настойліва паріўшы адказваць толькі на пастаўленыя пытанні. Тым не менш, прадпрымальнік яшчэ колькі разоў нагадаў пра выбары.

Макаеў кажа пра спантанасць дзеянняў дэманстрантаў. Сцвярджае, што не чуў канкрэтных прозвішчаў чыноўнікаў, з якімі мелі весціся перамовы.

Кажа, што на ганку Дома ўрада было больш журналістаў і міліцэйскіх кіраўнікоў, чым мітынгоўцаў.

Макаеў, як давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча, сцвярджае, што ведаў пра пэўныя сцэнары акцыі 19-га. «Гэта мусіла быць выключна мірная акцыя супраць фальсіфікацыі выбараў».

Прадпрымальнік прыгадаў, што на Кастрычніцкай была вельмі гучная музыка, якая замінала выступоўцам.

Расказвае пра вялікую канцэнтрацыю сілавікоў у раёне правдзення апазіцыйнай акцыі. «Фактычна, гэта была вайсковая аперацыя».

Макаеў кажа, што асабіста не чуў заклікаў выходзіць на праезную частку. Прыгадвае, што першапачаткова людзі не ведалі, куды рушыць. У натоўпе чуліся розныя прапановы, у тым ліку ісці да Адміністрацыі прэзідэнта. Не прыгадвае, дзе ў часе руху па праспекце знаходзіліся лідары апазіцыі.

13.15

Абвешчаны перапынак да 14.00.

12.53

Чакаецца прагляд чарговага роліка з удзелам Мірзаянава і Васілевіча каля разбітых дзвярэй Дома ўрада пасля сутычкі з міліцыяй. Чуюцца крыкі «Свае, свае!».

Васілевіч сцвярджае, што не аказваў супраціву міліцыянтам, а толькі «ўхіляўся ад удараў дубінак». Кажа, што бачыў, як спецназ збіваў людзей. Мірзаянаў ахарактарызаваў дзеянні міліцыі як «жорсткае і бессэнсоўнае збіццё грамадзян», якія не «ўяўлялі ніякай небяспекі». Мірзаянаў не згодны з фармулёўкамі «сілавы кантакт» ці «сутыкненне». Па яго словах, міліцыянты збівалі людзей дзеля ўласнага задавальнення, бо гэта, на яго думку, «у іх у крыві».

Крытычныя словы на адрас міліцыі развесялілі «студэнцкую» галёрку. Мірзаян кажа, што ў людзей не было ў руках нічога акрамя сцягаў.

Адвакат Варвашэвіч звярнуў увагу, што ролік змантаваны з некалькіх фрагментаў, а таму, на яго думку, ролік не варта далучаць да справы. Ён адзначыў некалькі момантаў: вось людзі стаяць твар да твару з шэрагам спецназаўцаў, а потым міліцыянты б'юць дэманстрантаў, але ніхто пры гэтым не аказвае супраціўлення. Заклікаў разысціся з боку міліцыянтаў не чутно.

12.43

Чарговы ролік. На ім бачна, як быў створаны жывы калідор у накірунку Дома ўрада. Чутныя заклікі не разыходзіцца, таму што лідары апазіцыі, прысутныя на плошчы, збіраюцца ісці на перамовы з урадам. Васілевіч кажа што не памятае заклікаў ісці на перамовы. Па яго словах, ачапленне было створанае, каб адфільтраваць правакатараў. Гэтыя словы пацвердзіў Мірзаянаў. Ён кажа, што ў натоўпе прысутнічалі людзі з паўпустымі пляшкамі спіртнога, якія чапляліся да дэманстрантаў. Мірзаянаў настойвае на тым, што вокны разбілі не дэманстранты.

Адвакты адзначылі, што і на гэтым роліку няма якіх-небудзь гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў акцыі пратэсту, а таксама падазроных прадметаў на зямлі.

12.38

Адвакаты Саннікава Варвашэвіч і Кавалеўская ўнеслі тлумачэнні наконт таго, што кандыдата на відэа няма. Таксама ўказалі на тое, што характар дзеянняў людзей на відэа пераважна мірны. Была зробленая істотная заўвага пра тое, што на відэа бачна, што на прылеглым да ганка Дома ўрада ўчастку не бачна ніякіх падазроных прадметаў: манціровак, арматуры, палак, бутэлек.

12.22

Пракурор распытае Васілевіча, які на відэа наносіў удары па дзвярах урадавага будынка. Мірзаянаў зрабіў заўвагу, што нават на відэа бачна, што ён не мог бачыць дзеянні Васілевіча. Васілевіч кажа, што вокны не біў, а толькі збіў аскепак шкла ў верхняй частцы дзвярнога праёма. Кажа, што зрабіў гэта, каб ліквідаваць небяспеку для іншых дэманстрантаў.

12.10

Пачынаецца прагляд відэаздымак падзей 19 снежня каля Дома ўрада, у якіх удзельнічалі Ілля Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў. Прысутным у зале нічога не бачна, таму што манітор павярнулі ў бок абвінавачаных, адвакатаў і суддзі.

Абвінавачаныя глядзяць фрагмент стоячы, твары засяроджаныя.

11.55

Зачытваюцца паказанні Алега Гнедчыка наконт падзей 19 снежня, зробленыя ў часе следства. З іх вынікае, што Гнедчык разам з іншымі прыйшоў на плошчу Незалежнасці з Кастрычніцкай. Нібыта ў пэўны момант пачуў крык «Ідзём на Дом!», а затым пачуў звон разбітага шкла. Гнедчык заявіў у сваіх паказаннях, што першапачаткова падумаў, што біццём вокнаў кіраваў кандыдат Рымашэўскі, бо стаяў побач з уваходам. Сам кінуўся да ўваходу, «нанёс не менш за 9 удараў» па стале, які закрываў уваход у будынак. Потым пачуў заклікі Рымашэўскага пазбягаць правакацый і разам з яго ахоўнікам пачалі адцягваць людзей, якія білі вокны. У паказаннях Гнедчыка гаворыцца, што ён бачыў людзей з вудамі, ледарубамі.

Сёння Гнедчык адмаўляецца ад словаў пра Рымашэўскага, спасылаючыся на ціск у часе следства. Ён настойвае на тым, што заклікаў да пагромаў не было, а толькі заклікі ісці на перамовы.

11.36

Суд распачаў разгляд 8 тома справы. Абвінаваўца агучвае дакументы, далучаныя да спрвы: пастанова аб затрыманні кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, пратакол затрымання, пашпарт кандыдата, копія пасведчання аб шлюбе з Ірынай Халіп, копія пасведчання аб нараджэнні сына Саннікава і Халіп.

Суддзя агучвае пратаколы вочных ставак паміж падазраваным Гнедчыкам і сведкамі Фабішэўскім і Ялавіком. Справа датычыць перадвыбарчай кампаніі. Гнедчык адмаўляецца ад паказанняў, матывуючы гэта тым, што гэта не датычыць справы аб масавых беспарадках. Ён кажа, што не памятае некаторыя дэталі справы, таму што ў часе следства яго дапытвалі па 8-10 гадзін, акрамя таго прайшло дастаткова шмат часу.

11.11

Рэшта сведкаў, 6 чалавек, будуць дапытаныя ў 14.00. Суд пераходзіць да вывучэння 7 тома справы.

11.02

Наступны сведка — Павел Гайдук, прадстаўляе замежнае прадпрыемства«БелЕўрасетка». Ён расказвае пра асаблівасці працы аднаго з гандлёвых аб'ектаў ва ўніверсаме «Цэнтральны» (пр. Незалежнасці, 23). Ён кажа, што крама зачынілася разам з універсамам на гадзіну раней. Выказаў уласную здагадку, што зрабілі гэта ў сувязі з дэманстрацыяй. Ён кажа, што ў выніку гэтага не была ніякай матэрыяльнай шкоды не было нанесена. Ён засведчыў, што не было і ўпушчанай выгады ад закрыцця крамы. Яму нічога не вядома пра якія-небудзь факты супрацьпраўных дзеянняў дэманстрантаў у дачыненні да гандлёвага аб'екта.

10.42

Выступае сведка ад Мінскага метрапалітэна, галоўны рэвізор па бяспецы руху, Алег Глоў. Ён не знаёмы з абвінавачанымі, 19 снежня на працы не быў.

Ён кажа, што станцыя метро «Кастрычніцкая» 19 снежня была зачыненая ў 19.58, «Купалаўская» — з 20.02. Прычына — вялікае скапленне людзей у раёне вышэйзгаданых станцый. Ён кажа, што наўпроставай шкоды дэманстранты не нанеслі станцыям, шкоду можна ацэньваць толькі за прастой. Рашэнне пра закрыццё прымала міліцыя.

Сведка нічога не ведае пра спробы дэманстрантаў нанесці шкоду станцыям метро. Ён кажа, што закрыццё станцый з'яўляецца сталай практыкай у часе масавых мерапрымстваў. Ён не змог патлумачыць, чаму станцыі не працавалі да позняй ночы, нават пасля таго, як людзей на вуліцах не засталося. Ён пацвердзіў, што на плошчы Незалежнасці метро ў той вечар працавала ў звычайным рэжыме. Бо там «не складвалася такая небяспечная сітуацыя», як на «Кастрычніцкай» і «Купалаўскай».

10.25

Суддзя пастанавіла зачытаць паказанні сведкі Аляксандрава, дадзеныя ў часе папярэдняга следства, бо заўважыла супярэчнасці ў тых паказаннях і сённяшніх сведчаннях у судзе.

Зачытваюцца папярэднія паказанні.

З іх вынікае, што палац быў зачынены, а мерапрыемствы адмененыя з-за падзеяў на плошчы. А канкрэтна з-за «агрэсіўных дзеянняў натоўпу».

Дзеянні натоўпу ацанілі ў 2,5 млн рублёў.

Сведка настойвае на тым, што нясе адказнасць толькі за свае сведчанні. Сёння сведка кажа, што не можа казаць пра агрэсію. Ён чуў толькі гучныя выкрыкі з боку цэнтральнага ўваходу, але ён не чуў, што канкрэтна выкрыквалі. На пытанне адвакатаў, ці чуў ён раней гучныя выкрыкі (у часе навагодніх святкаванняў, гарадскіх мерапрыемстваў), адказаў, што такога не бывае. Кажа, што акцыя 19-а была выключнай падзеяй. Таму і звярнула ўвагу яго і яго калегаў.

На прыступках у часе акцыі сведка не быў.

10.05

Фёдара Мірзаянава будзе бараніць адвакат Новік, адвакат Галіеў заняты на іншым працэсе.

Начальнік службы бяспекі Палаца прафсаюзаў Андрэй Аляксандраў расказаў, што 19-га быў на працоўным месцы. Кажа, што прыблізна ў 20.00 атрымаў заданне замкнуць цэнтральны ўваход. Па яго словах, гэта было зроблена згодна распрацаванага раней плана. Пасля некалькіх пытанняў абвінаваўцы патлумачыў, што ўсё ж прычынай закрыцця ўваходу стаў натоўп мітынгоўцаў. Пры гэтым ён адзначыў, што доступ наведнікам палаца мітынгоўцы не перакрывалі. Тым больш, што на той момант усе запланаваныя ў памяшканнях установы мерапрыемствы скончыліся.

Сведка Аляксандраў не змог самастойна патлумачыць суду, якім чынам вылічваўся памер матэрыяльнай шкоды, нібыта нанесены палацу ў выніку акцыі на Кастрычніцкай. Ён заявіў, што гэта не ў яго кампетэнцыі.

Абвінавачаныя не выказалі пытанняў да сведкі. На пытанне адваката, ці спрабаваў хтосьці з дэманстрантаў патрапіць у сярэдзіну палаца, адказаў, што не ведае такіх фактаў.

Сведка не змог адказаць, ці паўплывала акцыя на Кастрычніцкай на працу ўстановаў, што арандуюць плошчу ў палацы. Ён расказаў, што шэраг мерапрыемстваў (гурткі, курсы), запланаваных на 19-е, прыблізна за тыдзень былі перанесеныя на іншыя даты згодна распараджэння кіраўніцтва палаца.Ён патлумачыў, што часткова гэта было звязана з правядзеннем выбараў у той дзень.

Ён заявіў, што не ведае ніякіх фактаў перашкоды працы палаца з боку дэманстрантаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?