Увесь імпэт — на інтэрнэт

Вершаваны фельетон

Прэзідыум саюза пісьменнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца падтрымаў «крокі ўладаў па абмежаванні дзейнасці некаторых сайтаў у інтэрнэце, якія заклікаюць людзей да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да органаў улады і грамадства».

Для ўсіх народаў і плямёнаў
Жахлівым быў такі расклад,
Калі бязлітасна, шалёна
З мячом ішоў на брата брат.
Лічылася вялікім грэхам
Ва ўсе эпохі і вякі.
Хіба што гвалт —
Не моўкне рэха! —
Наладзілі бальшавікі.
Дый ім жа, мусіць, стала прыкра:
Адкінуўшы раздраяў друз,
Калісьці зладзілі, напрыклад,
Адзін пісьменніцкі саюз.
Каб творцы меліся ў хаўрусе,
Не рвалі маек і чупрын,
Такі саюз і ў Беларусі
Калісьці зладзілі. Адзін.
Прыйшлі найноўшыя часіны,
І неўзабаве —
Смех і грэх! —
На дзве часціны-палавіны
Той творчы раскалоўся цэх.
Адны спявалі дыфірамбы
Абранніку-правадыру,
Другім узнёслых одаў ямбы
Былі зусім не па нутру.
На творчай ніве стала цесна,
Таму, зацвердзіўшы падзел,
Рашыла ўлада: хай жа «чэсным»
Належны куш перападзе.
І графаманы-пустацветы
Палезлі ў той саюз пішчом.
І плодзяць зборнікі «паэты»,
«Празаікі» — за томам том.
Ім — выдавецтвы і газеты,
Ім — безліч прэмій, шмат даброт…
Кішэнны той саюз прыгрэты
Глядзіць лісліва ўладзе ў рот…
І для рэжыму, для сістэмы
Такі выказвае імпэт!
Трывогу, скажам, б’е:
— Нацдэмы
Запаланілі інтэрнэт!
Ім трэба наступіць на глоткі,
Суняць «калоны пятай» зброд.
Пра ўладу распускаюць плёткі,
Да бунту клічуць наш народ.
Прыйшоў нацдэмаў дух нячысты
Праз інтэрнэт у кожны дом.
Магчыма, што і тэрарысты
Пад іхным выраслі крылом…
І для мяне як з неба гром быў
Прысуд бязлітасны, бы хлыст:
Мой фельетон — нібыта бомба,
А я — нібыта тэрарыст.
Ну што ж,
Я буду вельмі рады,
Калі ў кагосьці ў галаве
Мой фельетон, чужы для ўлады,
Мазгі курыныя ўзарве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?