Граната, знойдзеная ў цэнтры Жлобіна, была вучэбнай, паведамілі БелаПАН у раённым АУС. Міліцыянеры дадалі, што на месца здарэння прыехала група размініравання, супрацоўнікі якой устанавілі, што граната не з'яўляецца выбуховай прыладай.

Раніцай 5 мая ў цэнтры Жлобіна, на плошчы Вызваліцеляў, была знойдзена граната. Плошчу ачапіла міліцыя, з бабруйскай воінскай часці выклікалі групу размініравання. Выбуховую прыладу знайшоў у кантэйнеры для смецця дворнік.

Паводле асноўнай версіі, гранату выкінуў у кантэйнер хтосьці з тых, хто незаконна яе захоўваў. Апошнім часам у баках для смецця часта знаходзяць патроны і іншыя боепрыпасы. Людзі ведаюць пра мерапрыемства "Арсенал" па выяўленні і канфіскацыі ў насельніцтва зброі і боепрыпасаў. Грамадзяне асцерагаюцца праблем, таму пазбаўляюцца такім чынам ад небяспечных прадметаў, лічаць у міліцыі і нагадваюць, што да адказнасці не прыцягваюцца тыя, хто добраахвотна здае зброю і боепрыпасы.

У снежні 2005 года ў Жлобіне прагучаў выбух, у выніку якога загінуў адзін чалавек. Выбуховай хваляй былі пашкоджаны вокны і балконныя рамы ў двух шматпавярховых дамах, размешчаных блізу месца выбуху. Прычынай НЗ стала самагубства мужчыны, які такім чынам пакончыў з жыццём.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?