Мы, ветэраны беларускай журналістыкі, якія шмат гадоў прысвяцілі абранай прафесіі, у свой час спазналі на сабе ціск савецкай сістэмы. Аднак тое, што робіцца цяпер, не ідзе ні ў якае параўнанне нават з тым, далёка не ідэальным часам.
Што значыць закрыць рот, накінуць аброць на чалавека з пяром, святы абавязак якога — сумленна і праўдзіва асвятляць жыццё, аб’ектыўна інфармаваць чытача аб падзеях і працэсах, што хвалююць і закранаюць інтарэсы грамадства і грамадзян? На жаль, з боку спецслужб, таго ж Міністэрства інфармацыі, з кожным днём узмацняецца наступ на нешматлікія незалежныя выданні краіны. Канфіскуюцца камп’ютары, ідуць ператрусы, рэдакцыі засыпаюцца штрафамі, позвамі ў суд, неабгрунтаванымі, на наш погляд, папярэджаннямі.

Вось і нядаўна Міністэрства інфармацыі падало ў Вышэйшы Гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь іск аб спыненні выпуску газеты «Народная Воля» — пасля некалькіх афіцыйных папярэджанняў з прычын, якія ну ніяк не цягнуць на сур’ёзныя абвінавачанні. Гэта прамое парушэнне гарантаваных Канстытуцыяй правоў грамадзян на свабоду слова, атрыманне разнастайнай інфармацыі, гэта сапраўдны ідэалагічны гвалт, што ўчыняецца ў самым цэнтры Еўропы ў ХХI стагоддзі. Скажыце, калі ласка, навошта прыбягаць да карных мер, калі заканадаўства прадугледжвае шэраг іншых? Інакш атрымліваецца сярэднявечная інквізіцыя.

Аб якім «прагрэсе», «развіцці», «працвітанні» можа ісці размова, калі душыцца свабоднае слова, а прафесія незалежнага журналіста робіцца ўсё больш небяспечнай, патрабуе мужнасці ў адстойванні права на свой погляд і бачанне свету?

Хіба падобнае цемрашальства на карысць нашай незалежнай дзяржаве і яе народу, які гераічным змаганнем з чалавеканенавісніцкім фашызмам, а затым упартай працай дзеля адраджэння Бацькаўшчыны даўно заслужыў шчасце жыць у свабоднай, дэмакратычнай, высокаразвітай краіне Беларусь. І ганарыцца ёю, разам з міжнародным супольніцтвам будаваць справядлівы і светлы заўтрашні дзень.

Мы — грамадзяне розных палітычных поглядаў, але аднаго пераканання: менавіта на канстытуцыйных нормах павінна грунтавацца ўсё жыццё краіны. А ўдушэнне свабоды выказванняў, калі яны не супярэчаць закону і чалавечай маралі, ёсць грубае парушэнне гэтых норм. Таму мы рашуча патрабуем ад Міністэрства інфармацыі і яго натхняльнікаў спыніць гэтае «дзікае паляванне караля Стаха», зацікаўлена садзейнічаць стварэнню ў грамадстве атмасферы ўзаемаразумення і супрацоўніцтва — дзеля дабра і служэння роднай Беларусі.

Хочацца верыць, што меч, занесены над «Народнай Воляй» і «Нашай Нівай», будзе адведзены.

Віктар БАРУШКА, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені, былы ўласны карэспандэнт газеты «Правда» па Беларусі;

Іван МАКАЛОВІЧ, былы старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па друку, былы рэдактар газеты «Звязда», былы старшыня Саюза журналістаў Беларускай ССР, кандыдат гістарычных навук;

Святлана КЛІМЕНЦЕНКА, заслужаны работнік культуры Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?