Адменены канцэрт «ПражэктарПэрысХілтан», які быў запланаваны на 30 мая ў мінскім Палацы спорту.

Як паведамілі інтэрнэт-газеце Naviny.by беларускія арганізатары канцэрту, у лісце ад адміністрацыі Палаца спорту аб адмове ў прадастаўленні ў арэнду пляцоўкі гаварыцца, што там «будзе праводзіцца міжнародны турнір па баскетболе сярод жаночых нацыянальных каманд ад 27.05 да 30.05»: «Гэта афіцыйная версія адмены — незапланаванае спартовае мерапрыемства. Але, наколькі нам вядома, адменены канцэрт быў па загадзе зверху. Як нам было сказана: „Яны сваё ўжо аджартавалі“. Мы, арганізатары, людзі маленькія, таму не палезем разбірацца. Нам проста было сказана, што ў бліжэйшы час ніхто не дасць правесці іх канцэрт у Мінску».

Між тым, у Беларускай федэрацыі баскетбола нам не змаглі пацвердзіць інфармацыю аб нейкім баскетбольным турніры 27–30 мая ў сталічным Палацы спорту.

Артысты «ПражэктарПэрысХілтан», па словах прадстаўніка праграмы ў Беларусі, здзіўленыя, «але разумеюць, што нават пры ўсім іх жаданні наведаць Мінск ехаць сюды сэнсу не мае, калі на пляцоўцы будзе баскетбол».

Як лічаць прадстаўнікі тэлепраграмы, перанос канцэрту на іншую дату не «выратаваў» бы сітуацыю: «Нават калі б мы абралі іншую травеньскую або чэрвеньскую дату, усё роўна менавіта ў гэты дзень паставілі б яшчэ якое-небудзь незапланаванае мерапрыемства. Мы ўжо прайшлі ўсё ўзгадненні, паўтара месяца прадаваліся квіткі, ішла рэклама… Проста так незапланаваную гульню або яшчэ што-небудзь замест запланаванага канцэрту не ставяць».

Калі прычына сапраўды ў крыўдзе уладаў на вострыя жарты расійскіх шоўменаў, то чацвёрка вядучых «ППХ» фактычна папоўніла «чорны спіс» дзеячаў культуры, канцэрты якіх у Беларусі забароненыя. Нагадаем, у яго ўключаны групы Pet Shop Boys, «ДДТ», «наіўны», «Прусы», «Ляпіс Трубяцкой», «Крама», NRM, драматург Том Стопард, акцёры Джуд Лоў, Кевін Спэйс і іншыя, якія выказваліся крытычна ў адрас беларускіх уладаў і якія прайшлі ў нас у снежні 2010 года прэзідэнцкіх выбараў.

Арганізатары канцэрту вяртаюць гледачам грошы за квіткі і выказваюць нясмелую надзею, што змогуць прывезці «ППХ» восенню.

Відавочна, што для гэтага ўлада ў Беларусі павінна альбо змяніцца, альбо пачаць новую лібералізацыю. Ці ж «ПражэктарПэрысХілтан» павінен перастаць жартаваць хоць бы з беларускага прэзідэнта. Усе тры варыянты малаверагодныя, а таму беларускай аўдыторыі гэтай праграмы прыйдзецца здавольвацца тэлеэфірам. Праўда, і ў нашы тэлевізійныя сеткі праграма часцяком трапляе ў зменшаным выглядзе.

Гледачы, набылі квіткі на канцэрт «ППХ», могуць вярнуць іх і атрымаць грошы ад 16 да 31 мая ў офісе арганізатараў, кантакты пададзеныя на квітках.

«Пражэктарперысхілтан» — тэлевізійная інфармацыйна-забаўляльная праграма, якая выходзіць ў эфіры расійскага Першага канала ад 17 мая 2008 года. Яе вядучыя (Іван Ургант, Гарык Марцірасян, Сяргей Светлакоў і Аляксандр Цэкала) у гумарыстычнай форме абмяркоўваюць актуальныя тэмы тыдня, каментуюць газетныя артыкулы і выказванні палітыкаў. На працягу тыдня рабочая група падбірае самыя «смачныя» навіны або проста загалоўкі. Перад здымкай вядучыя разам з рабочай групай праглядаюць гэты матэрыял, аднак жарты прыдумляюць ужо ў кадры, без нарыхтаванага сцэнара. Кожнае шоў доўжыцца больш за дзве гадзіны. Для тэлебачання зняты матэрыял абразанцца, пакідаюць самыя смешныя жарты. Рэжысёр праграмы разам з прадзюсарам і працоўнай групай праглядаюць і манціруюць знятае відэа, выбіраючы самыя моцныя моманты. На цырымоніі ТЭФІ-2010 у катэгорыі «Прафесіі» праграма перамагла ў намінацыі «Найлепшая інфармацыйна-забаўляльная праграма» — «Пражэктарперысхілтан» (ТАА «Чырвоная студыя») і «Сцэнарыст тэлевізійнай праграмы» — група аўтараў «Пражэктарперысхілтан» (ТАА «Чырвоная студыя»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?