Хакейная зборная Беларусі (галоўны трэнер — Эдуард Занкавец) на чэмпіянаце свету, што праходзіць у Славакіі, разграміла ў вырашальным матчы зборную Славеніі з лікам 7:1 (2:0, 3:1, 2:0) і захавала сабе прапіску ў элітным дывізіёне.
Шайбы ў матчы: 1:0 — Дзямагін, 6.02. 2:0 — А.Касціцын, 7.23. 3:0 — Сцяпанаў, 28.21. 3:1 — Саболік, 31.51. 4:1 — Міхалёў, 35.52. 5:1 — А.Касціцын, 37.13. 6:1 — Міхалёў, 55.07. 7:1 — Міхалёў, 56.13.
Нагадаем, што пасля трох паразаў на папярэднім этапе (Канада, 1:4, Швейцарыя, 1:4, Францыя 1:2 ОТ), зборная Беларусі змагалася за права застацца ў эліце ў турніры на выжыванне.
У першым матчы 5 мая беларусы выйгралі ў Аўстрыі 7:2, а ў другім 7 мая прайгралі Латвіі — 3:6.
У эліце сусветнага хакея застаецца таксама зборная Латвіі, што перамагла сёння Аўстрыю 4:1.
Адпаведна Аўстрыя і Славенія пакідаюць дывізіён «А», на змену ім прыходзяць Італія і Казахстан.
Становішча камандаў: 1. (13-е месца) Латвія -- 6 балаў, 2 (14). Беларусь -- 6, 3 (15). Аўстрыя -- 3. 4 (16). Славенія - 3.
Такім чынам на чэмпіянаце свету зборная Беларусі заняла 14-е месца. Летась яна была 10-й.
***
У 2012 і 2013 гадах чэмпіянаты светы пройдуць адразу ў дзвюх краінах: Швецыі і Фінляндыі.
Прычым ад наступнага года чэмпіянаты пачнуць праводзіцца паводле новай сістэмы.
16 камандаў будуць разбітыя на дзве групы па восем камандаў, што правядуць паміж сабой аднагрупавы турнір. Па чатыры наймацнейшыя зборныя выходзяць у плей-оф.