Устаноўчая канфэрэнцыя Саюзу левых партый прайша 17 сьнежня ў Чарнігаве. Ганаровым старшынём быў абраны Аляксандар Казулін.

17 сьнежня ва ўкраінскім горадзе Чарнігаве прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя Саюзу левых партый Беларусі. Ганаровым старшынём гэтай структуры абраны палітвязень Аляксандар Казулін. Саюз левых партый заклікаў улады неадкладна вызваліць Казуліна, а таксама ўсіх іншых палітвязьняў.

У прынятай канфэрэнцыяй адозьве Аляксандар Казулін названы «сьцягам дэмакратычнага супраціву і барацьбы за волю».

Аргкамітэт устаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партый спрабаваў знайсьці памяшканьне ў Беларусі, аднак безвынікова. У Чарнігаве ж беларускія апазыцыянэры атрымалі ў сваё распараджэньне гарадзкі Палац культуры.

У канфэрэнцыі прынялі ўдзел 484 дэлегаты ад ПКБ, БСДП «Грамада» і Партыі жанчын «Надзея». Каля 100 дэлегатаў не змаглі прыбыць у Чарнігаў, бо ўлады на месцах ўсяляк перашкаджалі паездцы апазыцыйных актывістаў, спынялі аўтобусы, затрымлівалі машыны.

Актывіст ліквідаванай уладамі Партыі працы Аляксандар Каралёў з Магілеву паведаміў, што частка ягоных калег на канфэрэнцыю не трапіла з-за ціску ўладаў, міліцыя спрабавала спыніць і яго самога.

(Каралеў: ) «Мы ехалі да Менску на маршрутках, з чатырох маршрутках дзьве затрымалі ў Бялынічах і накіравалі назад, нібыта, гэта былі скрадзеныя машыны».

Адзін зь ініцыятараў саюзу, лідэр ПКБ Сяргей Калякін гэтак акрэсьліў важнейшую мэту новага аб’яднаньня:

(Калякін: ) «Мы павінны разбурыць манаполію ўлады на левы электаральны сэктар нашага грамадзтва, адабраць у іх права на левую фразу пры правядзеньні абсалютна правай палітыкі супраць людзей працы, супраць грамадзтва».

Спадар Калякін падкрэсьліў, што пры гэтым Саюз левых партый ніколькі не пярэчыць адзінству ўсіх аб’яднаных дэмакратычных сіл.

Выканаўца абавязкаў старшыні БСДП «Грамада» Анатоль Ляўковіч заявіў пра тое, што новы Саюз будзе будавацца на прынцыпах эўрапейскай сацыял-дэмакратыі і дэмакратычнага сацыялізму.

(Ляўковіч: ) «Асобна хачу адзначыць, што мы, сацыял-дэмакраты, зьяўляемся прыхільнікамі нацыянальна-культурнага разьвіцьця. Мы яшчэ з вамі павінны стацца нацыяй. Мы яшчэ павінны стварыць нацыянальную эўрапейскую дзяржаву».

На канфэрэнцыі былі ўхваленыя ўстаноўчая дамова Саюзу левых партый, статут Саюзу і праграмная заява. Гэтыя дакумэнты будуць перададзеныя для рэгістрацыі ў Мінюст.

У праграмнай заяве новы саюз канстатуе, што «ў Беларусі замацаваўся аўтарытарны палітычны рэжым, які абапіраецца на беззаконьне выканаўчай ўлады, які выйшаў з-пад кантролю народу і не выконвае Канстытуцыю, праводзіць палітыку міжнароднай ізаляцыі краіны».

Сустаршынямі Саюзу левых партыяў абраныя кіраўнікі трох партыяў. Ганаровым старшынёй – палітвязень Аляксандар Казулін. Апошні праз свайго адваката Ігара Рынкевіча выказаў падтрымку прынцыпам стварэньня новага Саюзу і заклікаў левыя партыі выступіць адзінай фракцыяй на Кангрэсе дэмакратычных сіл, які мае адбыцца ў сакавіку налета.

ўвечары на беларуска-ўкраінскай мяжы былі затрыманыя на дзьве гадзіны кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Партыі беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Сяргей Старычэнка і ягоны паплечнік з Рэчыцы Алег Шабетнік. Іх зьнялі гомельскія мытнікі з цягніка Чарнігаў-Гомель на беларускай станцыі Церуха. Сацыял-дэмакраты вярталіся цягніком у Гомель з Чарнігаву, дзе бралі ўдзел ва ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партый Беларусі. Высадку мытнікі патлумачылі тым, што актывісты перавозяць забароненую літаратуру.

Як паведаміў карэспандэнту БелаПАН Сяргей Старычэнка, у яго мытнікі перапісалі і сканфіскавалі матэрыялы ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партый.

Іншыя гомельскія ўдзельнікі канфэрэнцыі ў Чарнігаве распавядаюць, што на станцыі Церуха ў вагонах вяліся відэаздымкі пасажыраў невядомай асобай ў вопратцы памежніка. Апошні тлумачыў зьдзіўленым пасажырам, што здымкі робяцца дзеля вывучэньня напаўняльнасьці вагонаў пасажырамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?