На працягу пяці гадоў у Беларусі плануецца на 10% знізіць лік курцоў і напалову — тых, хто пакутуе ад пасіўнага курэння.
Пра гэта паведаміў намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Алег Арнаутаў 10 мая на
Паводле яго слоў, гэта прадугледжвае комплексны план мерапрыемстваў па барацьбе супраць тытунекурэння на 2011–2015 гады, зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя. У межах яго рэалізацыі плануецца ўзмацніць меры па прафілактыцы курэння. У прыватнасці, мяркуецца ўнесці шэраг зменаў у заканадаўства. Будзе вывучацца магчымасць павышэння акцызаў на тытунёвую прадукцыю, а таксама праводзіцца ацэнка эфектыўнасці дзеяння заканадаўства па абмежаванні курэння ў грамадскіх месцах. Магчыма, спатрэбіцца ўнясенне зменаў у тэхнічныя нарматыўныя акты, у тым ліку ў санітарныя нормы і правілы, якія абавязваюць суб’екты гаспадарання рабіць захады, што абмяжоўваюць курэнне, адзначыў Арнаутаў.
Акрамя гэтага плануецца і надалей пашыраць лік месцаў, дзе забаронена прадаваць цыгарэты. Сёння да такіх месцаў адносяцца лячэбныя арганізацыі, установы адукацыі і шэраг іншых. Нарэшце, зменіцца вонкавы выгляд упаковак цыгарэт, пры гэтым большая ўвага будзе нададзена негатыўнай рэкламе курэння. Зараз з удзелам беларускіх спецыялістаў распрацоўваецца новы тэхнічны рэгламент ЕўрАзЭС на тытунёвую прадукцыю, сказаў прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. Пры гэтым, паводле яго слоў, самае галоўнае — сфарміраваць у грамадзян унутраную матывацыю на адмову ад курэння.
Як лічыць кіраўнік Беларускага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ягор Зайцаў, для павышэння эфектыўнасці барацьбы супраць тытуню ў краіне трэба было б павялічыць падаткі і цэны на тытунёвыя вырабы. Неабходна таксама пашыраць лік грамадскіх месцаў, дзе забяспечана «бяздымнае асяроддзе». Акрамя таго, у сістэме аховы здароўя мае сэнс прапанаваць бясплатныя праграмы лячэння для тых, хто жадае кінуць курыць.
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, сёння ў Беларусі кураць 30,6% насельніцтва.